Узнали главное о централизованном экзамене

Пра важныя нюансы ЦЭ расказвае намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Вікторыя КУМІШЧА.
– У нашым раёне, як і ў папярэднія гады, цэнтралізаваны экзамен будзе праходзіць на базе Мядзельскай сярэдняй школы імя Уладзіміра Дубоўкі, – гаворыць Вікторыя Генадзьеўна. – ЦЭ па прадметах на выбар пройдзе 26 мая, па беларускай або рускай мове – 29 мая. Пачатак – у 11.00. Для ўдзелу ў ЦЭ зарэгістраваны 151 школьнік і 3 экстэрны. Найбольшай папулярнасцю з прадметаў па выбары карыстаецца матэматыка – яе будуць здаваць 43 чалавекі. На біялогію зарэгістраваліся 36, на грамадазнаўства – 29. А вось геаграфію будзе здаваць толькі адзін чалавек, хімію – тры. Для тых, хто па сур’ёзнай прычыне не зможа прысутнічаць на ЦЭ ў названыя даты, прадугледжаны рэзервовыя дні – 21 і 23 чэрвеня, 18 і 20 жніўня.
Для рабят з іншых населеных пунктаў будзе цэнтралізаваны падвоз. Маршруты зацверджаны. Графік прыбыцця на пункт тэсціравання складзены так, каб не ўтваралася чэргаў падчас рэгістрацыі. У пункце ЦЭ будзе дзяжурыць медработнік, супрацоўніцтва наладжана таксама з дзяржаўтаінспекцыяй і райаддзелам па надзвычайных сітуацыях.
Усе арганізацыйныя пытанні ўжо вырашаны. ЦЭ праходзіць не ўпершыню, у папярэднія гады заўваг па яго правядзенні мы не атрымлівалі. Зрабілі ўсё, каб так было і сёлета.
Нагадваю, што на ЦЭ абавязкова ўзяць пашпарт і чорную гелевую ручку. На фізіцы і хіміі дазволена карыстацца калькулятарам – самым простым, які нельга прымяніць для захавання і перадачы інфармацыі. Смартфоны і сродкі аўдыя-, відэа- фотафіксацыі забаронены на ўсёй тэрыторыі пункта, а не толькі ў аўдыторыі. Таму іх трэба будзе аддаць суправаджаючаму педагогу перад праходжаннем прапускнога кантролю.
Мяркуецца, што вынікі ЦЭ будуць вядомы не пазней за 11 чэрвеня. Атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі рабяты атрымаюць 13 чэрвеня на выпускных вечарах.
Наталля ЛІСІЦКАЯ
Фота БелТА