Александр Пранович и отец Виталий поздравили с Пасхой проживающих в узлянском социальном учреждении

З віншаваннямі, добрымі пажаданнямі і велікоднымі пачастункамі завіталі сёння ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, што ў вёсцы Вузла, старшыня райвыканкама Аляксандр ПРАНОВІЧ і клірык Свята-Траецкай царквы горада Мядзела айцец Віталій.

– У першую чаргу жадаю ўсім вам здароўя, – звярнуўся да прысутных кіраўнік раёна. – Каб пабольш было шчаслівых дзён. Каб тут была ўтульная сямейная атмасфера, каб вы падтрымлівалі адно аднаго. Каб вашы дні ў гэтай установе былі як мага больш радаснымі.
А святар пажадаў духоўнага шчасця, раўнавагі і духоўнай радасці ў светлыя пасхальныя дні.

Валачобныя песні праспявалі ўдзельнікі фальклорнага калектыву «Вузлянка».

А яшчэ былі сувеніры ад наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і пажылых Мядзельскага ТЦСАН.
Усё гэта – дабрачынная акцыя «Падаруй радасць бліжняму». Яе сумесна праводзяць у сацыяльных установах Міншчыны аблвыканкам і Мінская мітраполія Беларускай праваслаўнай царквы. Акцыя з 2021 года праходзіць у другі дзень праваслаўнага Вялікадня адначасова ва ўсіх рэгіёнах вобласці.
* * *
Слова – насельнікам аддзялення.
Валянціна КАСЯК: – Я з Пузыроў, у Вузле ўжо шэсць гадоў. Нічога, жыць тут можна. Глядзяць нас моцна добра, усюды чысціня і парадак. Цёпла. А яшчэ і на святы раённае начальства гасцінцы прывозіць. Вельмі мне тут падабаецца!
Васіль ДЗЕМЯШКЕВІЧ: – З Андрэек я, гэта недалёка ад Вузлы. Тут яшчэ не надта доўга. Удзячны ўсім, хто сёння зрабіў нам свята. Але і ў будныя дні нармальна тут жывецца: у цяпле, у чысціні. І кормяць смачна.
Наталля ЛІСІЦКАЯ
Фота і відэа аўтара
Рекомендуем



