Меню

Сестра Хатыни. Митинг-реквием прошел в деревне Новики

Сестра Хатыни. Митинг-реквием прошел в деревне Новики

Заўтра – Дзень памяці ахвяр Хатынскай трагедыі. 22 сакавіка 1943 года ворагі спалілі вёску разам з жыхарамі.

Мітынг-рэквіем прайшоў сёння ў Новіках, што ў Сваткаўскім сельсавеце. Гэту вёску лёс Хатыні напаткаў у верасні 1943-га.

Адкрыў мітынг старшыня райвыканкама Аляксандр Прановіч.

– У фашызму няма чалавечага аблічча. Мы сабраліся ўшанаваць памяць жыхароў вёскі Новікі, якія 26 верасня 1943 года загінулі ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У той восеньскі дзень тут спыніўся час, абарваліся жыцці 45-ці чалавек, якія мірна жылі на сваёй зямлі.

Кіраўнік раёна падкрэсліў, што эстафета герояў у надзейных руках, а мірная Беларусь – найлепшы помнік тым, хто загінуў за яе незалежнасць.

– Усе мы ведаем пра трагічны лёс Хатыні, але такіх вёсак у Беларусі – тысячы, – зазначыў пракурор раёна Яўген Маркевіч. – У ходзе расследавання справы аб генацыдзе беларускага народа стала вядома пра яшчэ 102. Сёння працягваецца барацьба з нацызмам, экстрэмізмам і тэрарызмам. У зоне рызыкі – моладзь, у якой толькі фарміруецца грамадзянская пазіцыя, чым карыстаюцца нашы ворагі. Таму важна памятаць, што сапраўды важнае і каштоўнае ў жыцці, не забываць праўдзівыя ўрокі гісторыі і абдумваць кожны крок. Уведзеная крымінальная адказнасць за адмаўленне генацыду беларускага народа дазволіць захаваць праўду пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны і не дапусціць перапісвання гісторыі.

Успамінамі пра трагічны для вёскі дзень падзяліўся ўраджэнец Новікаў Канстанцін Асаевіч:

– Я быў малы, мне было чатыры гады. Памятаю, што ворагі ішлі з лесу, з боку Ліпава. Мама сказала: “Ідуць немцы, нешта будзе благое”. І амаль адразу нас усіх выгналі з хат, пагналі ў Сваткі. А старых (увогуле гэта былі не толькі старыя, некаму крыху за 50, а то і менш) ­спалілі ў хляве. Два чалавекі – гэта былі разумныя, добрыя сяляне – змаглі схавацца за каноплямі, прыстаўленымі да хлява. Яны засталіся жыць і пражылі яшчэ больш за 30 гадоў.

Канстанцін Андрэевіч расказаў, што частцы людзей, якіх пагналі ў Сваткі, удалося збегчы. У тым ліку яму, яго бацькам і цётцы. А вось дзядулю, бабулю і двух дзядзькоў вывезлі ў Германію. Вёска была спалена, і сям’я Асаевічаў знайшла прытулак на хутарку паміж Няверамі і Пількаўшчынай. Галава сям’і быў добрым краўцом, шыў партызанам шапкі і кажушкі…

– Сёння, прыгадваючы тыя цяжкія гады, хачу сказаць, каб мы былі патрыётамі сваёй Радзімы, праз якую праходзілі і шведы, і немцы, і палякі, і французы, але якая засталася мірнай, добрай Беларуссю. Вельмі важна захаваць яе для маладога пакалення.

…Памяць загінуўшых ушанавалі хвілінай маўчання. Да сціплага абеліска леглі вянкі і кветкі.

А потым удзельнікі мітынгу паглядзелі тэматычную выставу, падрыхтаваную музеем народнай славы
Доўга не разыходзіліся пасля мітынгу ўраджэнцы Новікаў

Наталля ЛІСІЦКАЯ, фота і відэа аўтара                                       

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59