Меню

Кормушка для «пахана» и звук морской рынды. О своем месте силы рассказывает Евгений Клус

У Крывічах звяртае на сябе ўвагу дзіўная сядзіба ў атачэнні мноства рэчаў з далёкага мінулага. Арыгінальная агароджа, флюгер, які паказвае адлегласць да Нью-Ёрка і Масквы, сярэднявечныя вароты і вытанчаная арка, над якой узвышаецца лічба 9.

Гэта, відавочна, нумар дома. Дакладны адрас — вул. Набярэжная, 9. А вось і сам гаспадар хаты нас сустракае! Гэта Яўген КЛУС.


Галоўнай фішкай хаты з’ўляецца выхад да ракі Сэрвач. Тут майстар паклапаціўся аб месцы, дзе можна адпачыць і зрабіў пляж

Радавое гняздо

Яўген Аляксеевіч нарадзіўся ў гэтым доме ў Крывічах, вырас, закончыў школу і з’ехаў ад бацькоў. У 90-я вярнуўся ў родны кут, пасяліўся паблізу. Да 2014 года маці Яўгена трымала тут даволі вялікую гаспадарку. А як матуля памерла, сын пачаў задумвацца аб стварэнні музея.

— Трэба сказаць, што любоў да побытавых, рамесных вырабаў у мяне з дзяцінства. Я рос у сям’і сталяроў. Дзед кавалём быў таленавітым. У яго свая кузня была. Чэргі стаялі па яго паслугі! Бацька мэблю рамантаваў, збіраў. А я заўсёды быў побач, вучыўся. Бачыў, як мае блізкія ставіліся да працы, як бераглі інструмент. Гэта, вядома, гены… Таму і з мяне майстар выйшаў неблагі. І ў майго сына таксама залатыя рукі.

Гэта гісторыя пачалася…

— Матэрыялу, рознага антыкварыяту яшчэ пры маці было вельмі шмат. Але ж патрэбна было месца, дзе можна разгарнуцца. І вось як толькі я выйшаў на пенсію, гэта прыблізна паўтара года таму, і часу трохі пабольшала, пачаў спраўджваць сваю мару. Зараз планаў па перабудове прасторы вакол дома вельмі шмат. Бо я не чакаў такога энтузіязму ад людзей. Мне нанеслі столькі цікавых рэчаў за гэтыя гады! Штосьці я знаходзіў самастойна. Кожны такі выраб са сваёй гісторыяй, са сваімі таямніцамі і сакрэтамі. Вельмі цікава разглядаць якую-небудзь рэч і аналізаваць, якога яна года, хто яе насіў, што з ёю здарылася і чаму яна трапіла да мяне.


Цікавы ровар Яўген Аляксеевіч сканструяваў сам

Падарожжа па сядзібе

Пра кожны выраб са сваёй калекцыі Яўген распавядае з хваляваннем, але ж і з гумарам і гонарам.

— Гэта шлем салдацкі часоў Першай сусветнай вайны. Пры пошуку такіх рэчаў патрэбна, канешне, чуйка. Не кожнаму гэта дадзена. А вось паглядзіце — станок ХІХ стагоддзя, разнастайныя нямецкія мясарубкі. А тут у мяне адзін з першых тэлевізараў.

Знайшлі мы з Яўгенам Аляксеевічам і прылады ручной працы для будаўніцтва, і імянны самавар, і колы ад млына, і тысячу розных падкоў, і сіта, і царскія каваныя шалі, і вялікі цвік для драўляных мастоў, і нават машыну для забаў. Так жартам наш герой называе самагонны апарат.

— Тут у мяне знойдзецца і кірка. Яшчэ яе называюць кайло. А вось, бачыце, колькі кручкоў розных. Здаецца, што гэта дробязь нейкая, але кожны майстар стараўся, каб яго кручок адрозніваўся ад астатніх. За гэта я так люблю працаваць з матэрыялам. Тут няма межаў для творчасці.

Яўген Клус прадэманстраваў, як гучыць марская рында. Распавёў пра амуніцыю для коняў. Звярнуў увагу на бервяно з уваткнутай пілой. А яшчэ на слупе можна заўважыць даволі вялікую кармушку.


Уваход на арт-пляцоўку пільнуе міралюбівы павук

Гаспадар усміхаецца — маўляў, там жыве «птушка пахан». Бо толькі ў «пахана» можа быць такое шыкоўнае жытло.

Каля хаты калісьці маці вырошчвала агародніну. Сёння там пляцоўка для арт-аб’ектаў сына. Рознакаляровая дзеючая калонка, стажок сена, скульптура жанчыны і вялікі валун у цэнтры — тут можна знайсці многа чаго.

– Мы з сынам плануем яшчэ тут зрабіць вадаспад і паставіць каванае дрэва. А паглядзіце, якая неверагодная расліна ў самым куце пляцоўкі. Гэта раскідзісты вяз. Яму ўжо больш за сто гадоў. Я гэтае дрэва яшчэ з маленства памятаю.


Арыгінальны флюгер паказвае адлегласць і месца, дзе знаходзяцца сваякі гаспадара

Месца, любае сэрцу

— Тут, у гэтай хаце, уся мая сям’я праводзіць шмат часу. Мы збіраемся разам са сваякамі. Унукі не хочуць вяртацца ў свае кватэры. Думаю, што гэта месца захавала свой нацыянальны каларыт. Усе кажуць, што тут утульна, цёпла, камфортна душы і целу, сюды можна збегчы ад мітусні. І гэта так. Мне нават Нарач і Мядзел з Блакітнымі азёрамі не патрэбны! Гэты куточак надае мне натхнення…

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59