Меню

На Мядельщине проходят X Тышкевичские чтения: этнокультурное исследование флоры Беларуси XIX-XX столетий

У Мядзельскім раённым цэнтры культуры прайшла навукова-практычная канферэнцыя на тэму: “X Тышкевіцкія чытанні: этнакультурнае даследаванне флоры Беларусі XIX-XX стагоддзяў”.

Арганізавана мерапрыемства Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў пры садзейнічанні Міністэрства культуры і Мядзельскага раённага выканаўчага камітэта.

Як зазначыў пачынальнік Тышкевіцкіх чытанняў Аляксандр Смолік, доктар культуралогіі, прафесар, загадчык кафедры культуралогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, такія канферэнцыі праводзіліся ў Валожыне, Лагойску, Свіслачы, Барысаве, Вілейцы, іншых рэгіёнах рэспублікі. Цяпер выбраны Мядзел. Прычым не выпадкова, бо тут прыгожая прырода, азёры, вырошчваюцца лекавыя расліны. Вялікая ўвага надаецца таксама вывучэнню і захаванню гісторыі, культуры свайго краю.

Першым на пленарным пасяджэнні выступіў Аляксей Камолаў, навуковы супрацоўнік Мядзельская музея народнай славы. Ён агучыў тэму: “Мядзел. Гісторыя ў сем стагоддзяў. Вытокі”. Пранікнёна расказваў пра паходжанне назвы горада і пра першае ўпамінанне яго ў пісьмовых крыніцах. Пра вынікі раскопак, праведзеных на тэрыторыі раёна і пра цікавыя прадметы даўніны, знойдзеныя падчас іх. Згадаў і пра гісторыка-культурныя аб’екты, якімі ганарыцца наш край.

Патрэбна сказаць, што выступоўцаў было шмат і самыя розныя тэмы закраналіся ў дакладах. Напрыклад, дэкан факультэта культуралогіі і сацыяльна-культурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталля Шалупенка прааналізавала дзейнасць Мядзельскага музея народнай славы, іншых устаноў азёрнага краю па выкарыстанні гісторыка-культурнай спадчыны ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі. І нават прывяла рэкамендацыі сваёй студэнткі Ангеліны Шакола, з якой разам рыхтавалі гэту даследчую працу, па прыцягненні ўвагі юнакоў і дзяўчат да работы музея.

Ішла размова і наконт таго, як народныя веды беларусаў пра лекавыя расліны ўплываюць на сучасныя этнакультурныя працэсы ў краіне. Пра выкарыстанне фітатэрапіі ў мінулым і зараз. Пра традыцыі народнага лекавання ў краязнаўча-фальклорных нарысах “Людзі і кветкі на берагах Нёмана” Элізы Ажэшкі. Пра вобразы прыроды ў творчасці кампазітараў. А яшчэ пра Саламею Русецкую — сучасніцу Пятра I, султана Махмуда, Кацярыны II, якая не мела медыцынскай адукацыі, але побач з мужам навучылася лячыць народнымі метадамі. Цікава і тое, што ёй турэцкі султан даў дазвол лячыць не толькі мужчын, але і жанчын, што ў тыя часы для прадстаўніц слабага полу было практычна немагчыма.

Падзяліліся сакрэтамі традыцыйнай тыбецкай медыцыны таксама саіскальнікі кафедры культуралогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. А Лу Ся нават травы з сабой прывезла на канферэнцыю, якія найчасцей выкарыстоўвае пры лячэнні сваіх блізкіх, і песню на кітайскай мове праспявала.

Прадоўжыць навукова-практычную канферэнцыю палявая экспедыцыя з назіраннямі ў «Аптэкарскім садзе». Наведаюць госці таксама карцінную галерэю нашага славутага земляка народнага мастака Беларусі, ганаровага грамадзяніна Мядзельскага раёна Васіля Шаранговіча ў к. п. Нарач, іншыя славутыя мясціны.

Марыя Лубнеўская

Фота Аляксандра Высоцкага

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59