Меню

SОS! Вот что стало с новым мядельским пляжем за несколько недель эксплуатации

Прыйсці з фотаапаратам на гарадскі пляж мяне запрасілі работнікі Мядзельскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Не для таго, каб сфатаграфавала яшчэ нейкі адметны аб’ект. А каб расказала вам, што стала з пляжам за тры тыдні эксплуатацыі. Эмацыянальную экскурсію па ім правёў галоўны інжынер ЖКГ Аляксей ШАШОК.

ШКАДА ЛЮДСКОЙ ПРАЦЫ

– Добраўпарадкаванне, створанае нялёгкай працай і за немалыя грошы, проста знішчаецца,  – абураўся Аляксей Васільевіч. – Выдаткавана два з паловай мільёны беларускіх рублёў! Але яшчэ больш шкада людской працы. Нарматыўны тэрмін будаўніцтва гэтага пляжа – чатары месяцы. Чатыры месяцы! А наша ДРБУ № 133 пабудавала яго фактычна за паўтара месяца. Нашы мядзельскія людзі працавалі – і падоўжаны дзень, і выхаднымі. Сонца пякло, дождж ішоў – людзі працавалі. Атрымалася. А зараз зробленае імі проста знішчаецца. Ды кім? Іншымі жыхарамі Мядзела, па-сутнасці, іх суседзямі.

ЛАМАЦЬ – НЕ БУДАВАЦЬ. ШМАТ РОЗУМУ НЕ ТРЭБА?

– Арт-аб’екты паставілі – ну прыгожа ж, праўда? – задаў пытанне Аляксей Васільевіч і, не чакаючы адказу, працягнуў: – Падабаецца – падыдзі, сфатаграфуйся. Не падабаецца – не фатаграфуйся, але псаваць нашто? Гэта ж людзі стваралі!

Паставілі даволі вялікі дзіцячы гарадок.

Дзіцячы гарадок даспадобы малечы. І ў каго паднялася рука тут нешта псаваць?

Вось скажыце, як можна з дзіцячага гарадка (!) павыкручваць балты, якія зацягнуты былі? Яны ж не самі адкруціліся.  Пітныя фантанчыкі – ужо з трох толькі адзін працуе. У фантанчыку балты пад шасціграннік, з паўкруглай галоўкай, – пальцамі не адкруціш. Нехта з дому ці з машыны прынёс спецінструмент? Пагнулі фантанчык. Каб яго пагнуць, яшчэ пастарацца трэба: там нержавейка паўтара міліметра. Такое адчуванне, што на яе проста скакалі! Драўляны шчыты спецыяльна зроблены, каб не па пяску можна было з душа да тратуара босымі нагамі дайсці. Не, некаму яны перашкаджаюць, іх кідаюць у ваду!

Людзі тушаць цыгарэты аб пластыкавыя шэзлонгі, папсавалі парасон.

Аляксей Шашок дэманструе: парасон пашкоджаны

Кідаюць на пясок смецце, недакуркі, сродкі асабістай гігіены. Хоць гэта ёсць куды дзець: урнаў хапае. Тут жа дзеці гуляюць у пясок! У формачкі набіраюць, замкі будуюць. Каму будзе прыемна, калі дзіця адкапае недакурак ці сродак асабістай гігіены?

ПАКУРЫЦЬ АБО ВЫГУЛЯЦЬ САБАКУ? НЕ НА ПЛЯЖЫ!

– Пляж – не месца для выгулу сабак, – нагадаў відавочнае галоўны інжынер ЖКГ. – Тут на газоне – не на пяску, а на газоне – людзі маглі б паляжаць. Дык не! Тут сабак выгульваюць! Калі ходзіш па горадзе з сабакам, вазьмі з сабой пакет і савочак. Прыбяры за жывёлінай і выкінь у урну, як робяць ва ўсім цывілізаваным свеце. А для выгулу сабак у горадзе ёсць спецыяльна адведзенае месца – на полі ўздоўж вуліцы Юбілейнай ад канала за новым домам нумар 10 на Чырвонаармейскай да Першамайскага завулка.

Пляж – гэта месца грамадскага адпачынку. А ў грамадскіх месцах курыць забаронена, за гэта міліцыя можа штрафаваць. А тут недакуркаў процьма! Хочаш пакурыць – адыдзі ўбок, не дымі там, дзе дзеці гуляюць! А тады затушы недакурак і выкінь у урну, а не на пясок.

ЛЯ КОЖНАГА ПАРАСОНА МІЛІЦЫЯНЕРА НЕ ПАСТАВІШ?

– Тут людзі стараліся, каб у горада нейкая разыначка з’явілася, – эмацыянальна казаў Аляксей Шашок. – У Мядзеле, калі не крывіць душой, па вялікім рахунку яе не было. З’явіўся пляж – годны, добры, прыгожы. Каб сваім жа людзям – і мядзяльчанам, і жыхарам іншых населеных пунктаў раёна – можна было прыйсці. Пакупацца і пазагараць у цывілізаваных, бяспечных умовах. На возера палюбавацца ў любую пару года, марожанае на лавачцы з’есці. З іншых краін у гасцініцу прыязджаюць людзі, кажуць: «Такога прыгожага пляжа на возеры ніколі не бачылі». А свае ж мядзельскія людзі ўсё ўласнымі рукамі нішчаць. Дык гэта вельмі хутка стане непрыдатным. Каля кожнага парасона ці нейкага іншага аб’екта міліцыянера, каб ахоўваў, не паставіш. Дворніка, каб за кожным прыбіраў, – таксама. На гэта патрэбны вялікія рэсурсы, якіх сёння ні ў кога няма.

Для падтрымання парадку на пляжы здымаем людзей з горада: пакуль тут няма асобнага работніка. Шукаем, даём аб’явы ў газету. Знойдзем! Толькі колькі людзей сюды патрэбна пры такіх адносінах? Па сутнасці, такую плошчу ў стане абслугоўваць адзін чалавек. Але ж калі да урн амаль нічога не даносяць? Роту салдат пастаў – не справяцца!

Наталля ЛІСІЦКАЯ, фота аўтара

Р.S. Перад здачай матэрыяла ў друк патэлефанавала Аляксею Шашку спытаць, ці не змянілася што. Змянілася: у дзіцячым гарадку адламалі пенапласт і гарматы. Відавочна, што гэта зрабілі не дашкаляты – яны, да таго ж, адны на пляж не ходзяць. А старэйшыя ці ўвогуле дарослыя павінны разумеюць, што іх і цяпер яшчэ можна знайсці. Скажам, перагледзеўшы запісы з відэакамер.

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59