«Хотим ездить в Сморгонь прямым автобусом!» Жители Свири поднимают вопрос транспортного сообщения

Сакавіцкі зазімак не спалохаў – у свірскім парку сабралася з паўсотні чалавек. Сюды яны запрасілі журналістаў з тэлеканала ОНТ, каб расказаць пра сваю праблему.
Даўней у Свір хадзіў аўтобус са Смаргоні. У апошнія ж гады яго маршрут завяршаецца ў Хведзевічах, што ў Смаргонскім раёне. Гэта нязручна свіранам, якія маюць патрэбу ездзіць у Смаргонь. Ад Свіры да Хведзевіч адлегласць не дужа вялікая (адны кажуць, пяць кіламетраў, іншыя – сем), але паспрабуй дабярыся, калі не маеш аўтамабіля.
Уводзіць журналістаў у курс справы жыхарка Свіры Лілія Ігнацьеўна. Пасля чаго ў размову ўключаюцца іншыя.
– Аўтобус стаіць у Хведзевічах, а потым вяртаецца назад, – кажуць. – За гэты час мог бы заехацца ў Свір, як раней.
– Некалі аж да Камарова хадзіў – як там вучылішча працавала.
– Як дарога была дрэнная, аўтобус хадзіў. А як добрую пабудавалі, перастаў.
– Студэнтаў у Мінску многа вучыцца. Добра было: чыгункай да Смаргоні, а далей аўтобусам. На маршрутку ж білет даражэйшы, ды яшчэ і паспрабуй купі яго. А чыгункай хоць тысяча чалавек можа прыехаць.
– У Смаргонь ездзім зубныя пратэзы ставіць і ў магазіны. Не ў кожнага ж машына ёсць. А на таксі дорага – не наездзішся.
– І ў госці многім у Смаргонь трэба, радню пераведаць.
– Кажуць, што нявыгадна да нас аўтобус пускаць. Вядома, вялікі нявыгадна – няхай бы меншы пусцілі.
Аказваецца, свіране не толькі тэлевізіёншчыкаў паклікалі.
– Мы і ў раён накіравалі ліст, сабралі 173 подпісы, – кажуць.

***
Пацікавіліся ў райвыканкаме, як вырашаецца пытанне.
– Праблема для нас не новая, – зазначыў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Бразоўскі. – Гэты маршрут абслугоўваў аўтапарк №17 горада Смаргоні. Паколькі маршрут закранае дзве вобласці, у жніўні 2021-га аўтапарк прыняў рашэнне скараціць яго да населенага пункта Хведзевічы. Пасля паступлення звароту ў 2022 годзе мы дамовіліся, і маршрут на тры месяцы быў працягнуты да Свіры з мэтай вывучэння пасажырапатоку. Пасажырапаток быў невысокі, і ад падаўжэння маршруту адмовіліся. У 2023 годзе таксама быў зварот, зноў жа мы дасягнулі пагаднення і падоўжылі гэты маршрут на тры з паловай месяцы – з 12 мая па 31 жніўня. Але аналіз зноў-такі паказаў, што пасажырапаток невысокі: два-тры-чатыры чалавекі. За гэты час толькі тры дні было ў раёне дзесяці пасажыраў. У выніку аўтапарк горада Смаргоні адмовіўся ад падаўжэння маршруту да Свіры – выключна па прычыне нізкага пасажырапатоку і нізкай акупляльнасці. Зараз зноў мы атрымалі калектыўны зварот. У сувязі з ім аператар “Мінаблпасажыртранс” прапрацоўвае пытанне па выбары перавозчыка. Працэдура гэта заканадаўчая, бо закранае дзве вобласці, таму не магу дакладна сказаць, калі будзе завершана. Але ўжо сёння мы дасягнулі дамоўленасці з аўтапаркам Смаргоні – у самы бліжэйшы час ён падоўжыць маршрут да Свіры. Пасля выбару перавозчыка рух па названым маршруце працягнецца – таксама ў парадку вывучэння попыту. Калі пасажырапаток зноў будзе нізкі – ну, эканоміка ёсць эканоміка…
Наталля ЛІСІЦКАЯ
Фота аўтара
Рекомендуем


