Меню

19 января – День спасателя. Советы дают работники пожарной аварийно-спасательной части №1 Мяделя

19 января – День спасателя. Советы дают работники пожарной аварийно-спасательной части №1 Мяделя

Мае суразмоўцы – начальнік дзяжурнай змены Яўген ЦЕРАШКЕВІЧ і вадзіцель Уладзіслаў ЦЫБУЛЁНАК.

Яўген ЦЕРАШКЕВІЧ

Гэтым летам вам давялося ноччу шукаць чалавека на самым вялікім возеры краіны. Раскажыце, як усё было.

Уладзіслаў:

– Узняўся вецер, і лодку гэтага чалавека панесла ад берага. З ліхтарыкам паплыў на матрасіку яе шукаць. Што чалавек думаў? Возера вялікае, ноч, бура… Сябры захваляваліся, што яго доўга няма, і выклікалі нас. Надвор’е было жахлівае: лівень, шквалісты вецер. Мы знайшлі чалавека дзесьці за паўтара кіламетра ад берага. Змерз, вядома. Пасадзілі ў лодку, матрасік таксама забралі. На беразе перадалі мужчыну сябрам, медыцынская дапамога не спатрэбілася. А магло скончыцца трагічна.

Чаму вы сталі выратавальнікамі? Ці не па прыкладзе некага з родных?

Уладзіслаў:

– Не, не па прыкладзе: ў радні выратавальнікаў не было. Проста гэта праца мне заўсёды падабалася. Добрая ж справа – дапамагаць людзям.

Яўген:

– Перш я прафесійна займаўся спортам, майстар па лыжных гонках. Пачынаў у спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву, тады перайшоў у Плешчаніцкае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву. Быў у складзе Нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь па лыжных гонках, скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. Многія былыя спартсмены знаходзяць сябе ў сілавых структурах. З іх усіх мне найбліжэй менавіта пажарная аварыйна-выратавальная служба. Прыйшоў у яе ў 2008 годзе. Пачынаў байцом, пасля быў камандзірам аддзялення, летась прызначылі начальнікам дзяжурнай змены.

Якія плюсы ў працы выратавальніка?

Яўген:

– Па-першае, яна звязана з дапамогай людзям і абаронай Радзімы. Па-другое, дае вялікія магчымасці для самаразвіцця: пастаянна працуеш над сабой, удасканальваешся, вучышся новаму. Хлопцам, якія вагаюцца, ці ісці ў выратавальнікі, раю – ідзіце без сумнення! Лепшай працы няма. Яна вельмі прэстыжная, выратавальнікаў паважаюць ва ўсім свеце. І графік работы зручны – суткі праз двое, можна займацца нечым яшчэ.

Уладзіслаў:

– Ад нашай працы ёсць карысць людзям. Прыемна ўсведамляць, што мы патрэбныя, што нашага прыезду чакаюць. Ну і графік прыемны: суткі адпрацаваў – двое дома. Не праца, а мара!

Які пажар найбольш запомніўся?

Яўген:

– Усе яны запамінальныя, не бывае двух абсалютна аднолькавых. Першы выезд здарыўся на загаранне хаты ў Проньках. Я тады быў зусім зялёны, хваляваўся. Але побач знаходзіліся хлопцы, якія адпрацавалі шмат гадоў. Дапамаглі, сказалі пра недахопы. Набіраўся вопыту ў дасведчаных. Найбольш удзячны Аляксандру Сяргеевічу Купрэвічу. Гэта цяпер ён першы намеснік начальніка райаддзела, а раней быў маім непасрэдным кіраўніком. На пажарах разумелі адзін аднаго з паўслова ці нават без слоў.

Уладзіслаў:

– Першы мой выезд на пажар быў у Мікольцы. Гэта не з’яўлялася пажарам у поўным сэнсе слова – нехта разабраў стары хлеў, вывез і падпаліў трухлявае бярвенне. Людзі ўбачылі агонь і выклікалі нас. Ну а першы баявы выезд быў на дарожна-транспартнае здарэнне. За Пасынкамі адбылося лабавое сутыкненне, мы дэблакіравалі вадзіцеля. Тады абышлося без ахвяр. А ўвогуле за гады службы ўдзельнічаў у тушэнні вялікай колькасці пажараў. Напэўна, самы запамінальны – калі гарэў касцёл у Будславе.

У вас ёсць магчымасць праз газету звярнуцца да жыхароў раёна. Што ім параіце?

Яўген:

– Каб не курылі ў ложку, бо гэта вельмі часта прыводзіць да пажараў. Каб дзеці і ўнукі паклапаціліся пра старых – адрамантавалі печкі, прыбілі перадтопачны ліст, купілі і ўстанавілі аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Увогуле параіў бы прытрымлівацца ўсіх правіл пажарнай бяспекі.

Уладзіслаў:

– Каб траву вясной не палілі. Гэта толькі здаецца, што дробязь. А падзьме вецер – можа ўся вёска згарэць. Я яшчэ не працаваў, калі здарыліся вялікія пажары ў Даўжанях і Халмоўцы. Старэйшыя калегі расказвалі, што там усё пачыналася са спальвання сухой расліннасці… А яшчэ ўсім параіў бы, каб устанавілі аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі ў жылых пакоях. Гэта сапраўды можа ўратаваць жыццё.

Давайце крыху памарым. Калі б на вуду трапіла Залатая рыбка, што б у яе папрасілі?

Уладзіслаў:

– Здароўя – сабе, родным і ўвогуле ўсім людзям.

Яўген:

– Здароўя ўсім людзям. Міру ва ўсім свеце. І любові ў самым шырокім сэнсе гэтага слова: да сваёй працы, да людзей.

Наталля ЛІСІЦКАЯ

Фота аўтара

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59