Меню

Родилась в День Победы

Родилась в День Победы

Для Таццяны РУСАК з Русакоў дзень 9 мая асаблівы. На яго прыпадаюць два адметныя святы – Дзень Перамогі і дзень нараджэння.

Мінулае не забываецца

– Мне не давялося бачыць, як радаваліся людзі Вялікай Перамозе, бо ў 1945 годзе ў гэты дзень толькі з’явілася на свет. Але чула пра гэта ад мамы, бабулі. Затое як падрастала, заўважала асаблівыя адносіны навакольных да ветэранаў. Бо менавіта яны прынеслі ўсім мір і свабоду, – кажа Таццяна Уладзіміраўна. – Пакаленне, якое перажыло вайну, вельмі цаніла гэта. Быў на фронце і мой тата. Прызвалі яго пасля вызвалення роднай мясцовасці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Служыў сапёрам. Быў паранены, меў узнагароды. Дзедаў сын Іван таксама ваяваў. Загінуў падчас пераправы праз Бярэзіну. Многія аднавяскоўцы ваявалі, некаторыя загінулі. Ці ж пра гэта можна забыць?

Пасляваеннае жыццё

Нарадзілася Таццяна ў Халмоўцы. У яе яшчэ была малодшая сястра Люба: яна з 1949 года. Пасляваеннае жыццё, па словах суразмоўніцы, не было лёгкім. Даводзілася шмат працаваць. Дзеці з маленства дапамагалі дарослым. Хоць не былі багатымі, але і не галадалі. Напачатку іх маладая сям’я месцілася ў адной хаце з бацькамі. Там, акрамя іх, жылі два татавы браты і тры сястры. А потым свой дом пабудавалі.

– У першы клас пайшла ў Замашша. На той час была малая ростам, худзенькая. А школа была далёка – за два кіламетры. Таму мяне пашкадавалі бабуля з дзядулем, забралі да сябе, – успамінае жанчына. – У Старынках школа была, лічы, побач – на другім баку вуліцы. Чатыры класы там скончыла. Потым вучылася ў Андрэйках у сямігодцы. А ў восьмы клас пайшла ў Сваткі. Далей вучыцца не захацела. Таму разам з мамай хадзіла ў паляводчую брыгаду ў саўгас «Восаўскі».

Замужжа. Працоўныя будні

З будучым мужам Таццяна спаткалася на танцах. Ад Старынак, дзе была часта ў бабулі, да Русакоў недалёка. Пазнаёміліся, сталі сустракацца. А ў 1966 годзе сям’ю стварылі. Так і апынулася жанчына ў Русаках. Са свекрывёй 35 гадоў разам пражыла. У ладзе і згодзе. Маці мужа дапамагала ёй і дзяцей гадаваць. Пасля замужжа працавала цялятніцай у мясцовым калгасе. І нават выбіралася дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў. А праз чатыры гады ёй прапанавалі перайсці на пошту.

– Аддзяленне было ў Вузле, а пошту насіла ў Бонду, Замашша, Старынкі і Русакі. У любое надвор’е з цяжкай сумкай, напоўненай карэспандэнцыяй, пяшком хадзіла ад хаты да хаты, дастаўляючы газеты, часопісы, пісьмы, – расказвае. – Тады вяскоўцы шмат выпісвалі перыядычных выданняў. Людзі слалі адзін аднаму віншавальныя паштоўкі, тэлеграмы, пісалі пісьмы.

На многіх яшчэ адказных пасадах працавала Таццяна Уладзіміраўна. І ў Старынкаўскай бібліятэцы, і кладаўшчыцай у калгасе. А калі яе прызначылі загадчыцай фермы «Старынкі», яшчэ адначасова выконвала абавязкі кладаўшчыцы. Аб тым, што ўсюды была на сваім месцы, сведчаць шматлікія граматы, падарункі, якія атрымлівала за сваю шчырую і сумленную працу. Калі ферму закрылі, жанчына пайшла датэрмінова на пенсію. Муж жа, Мікалай Віктаравіч, увесь час адпрацаваў шафёрам. Перавозіў розныя грузы. За машынай глядзеў, вось і служыла яна надзейна.

Прыроджаная працавітасць

Згадвае жанчына, як увесь час і дома шмат працавалі. Трымалі вялікую гаспадарку. Мелі двух кароў, свіней, каня, курэй. Сена жывёле нарыхтоўвалі, садзілі бульбу, агароды, сеялі збожжавыя культуры.

– Цяпер у мяне толькі куры засталіся, сабачка Ася і кошка Мурка. Вось і ўся гаспадарка. Ася ў мяне як званочак. Яна брэхам паведамляе, калі хто на двор прыйшоў, ці аўтакрама ў вёску прыехала, ці тэлефон зазваніў, – апавядае суразмоўніца. – Ну чым не памочніца? Мы з ёй і ў лес ходзім у грыбы і ягады, і проста на прагулку. Мурка больш пры хаце знаходзіцца. Мне нездаровіцца, а яна ляжыць побач, прытуліцца, лашчыцца, песні мурлыкае. Ад яе прысутнасці нават неяк лягчэй становіцца.

Садзіць Таццяна Уладзіміраўна яшчэ агароды. І нават дачцэ Лене з праполкай дапамагае. У яе і кветнікі дагледжаныя. Выключны парадак на двары і ў хаце. Да сёлетняга года з прадукцыі, вырашчанай на агародзе, у садзе, а таксама з лясных дароў рабіла закруткі.

Таццяна Русак сцвярджае, што цяпер добра жывецца. Ёсць і хлеб, і да хлеба. Аўтакрама два разы на тыдзень прыязджае ў вёску. Прывозіць усё, што патрэбна. Пенсія рэгулярна прыходзіць. Толькі ўжо здароўе падводзіць. Яго ж за грошы не купіш!

– Але нічога, і з гэтым справімся, – упэўнена жанчына. – Абы толькі і надалей было мірнае неба над галавой. Каб дзеці, унукі, праўнук ніколі не зведалі жахаў вайны. Каб наша любая Беларусь заставалася ціхай, спакойнай і з кожным годам усё квітнела.

Галоўнае багацце – у сям’і, дзецях

Расказала жанчына, што з мужам пражылі разам 52 гады. Дзвюх дачок выгадавалі – Лену і Іру. Далі абедзвюм адукацыю. У іх свае сем’і. Цешыцца бабуля з унукаў Вані, Ігара і ўнучкі Тані. Мае і праўнука Лёшу.

– Лена жыве ў Мядзеле. Кожныя выхадныя з сям’ёй прыязджае, дапамагаюць па гаспадарцы. Іра далёка апынулася – у Жлобіне. Таму бывае ў мяне, вядома, радзей. Але абедзве пастаянна тэлефануюць, цікавяцца здароўем, самаадчуваннем. Удзячна лёсу, што дочкі выраслі добрымі, шчырымі, – працягвае Таццяна Уладзіміраўна. – А якое прыгожае залатое вяселле нам з мужам яны наладзілі! Дагэтуль памятаю тое свята – такое шчырае, кранальнае… Сёмы год пайшоў, як мужа не стала. Самотна без яго. Але ж трэба жыць, колькі лёсам наканавана. Ёсць жа дзеля каго.

У Русаках Таццяна Русак бадай што адзіная карэнная жыхарка. Некалі больш за трыццаць хат там было. На жаль, з гадамі пусцее вёска. Праўда, зараз новае жыццё ёй далі дачнікі. Асабліва ажыўлена ў населеным пункце летам. Цешыцца жанчына, што ў дзядоўскія хаты вяртаюцца ўнукі. Адбудоўваюць, наводзяць парадак на тэрыторыі. Значыць, не знікнуць з карты Русакі, застануцца!

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59