Меню

Заробак 3 тысячы рублёў, мэтавы дагавор і субсідыя на ўласную справу. Што яшчэ абмяркоўвалі на раённым бацькоўскім сходзе?

За мной, выпускнік! Я раскажу табе, пра што гаварылі дарослыя на раённым бацькоўскім сходзе ў гімназіі.

Быць вайскоўцам, міліцыянерам або выратавальнікам пачэсна – нагадалі прадстаўнікі раённых структур адпаведных ведамстваў. Такая праца прадугледжвае высокую аплату, шматлікія сацыяльныя гарантыі і магчымасць выйсці ў адстаўку раней за агульнапрызнаны пенсіённы ўзрост. У час вучобы рабяты забяспечаны жыллём, абмундзіраваннем і харчаваннем. Плюс атрымліваюць грашовае забеспячэнне, вышэйшае за стыпендыю ў цывільнай навучальнай установе. Але ў ВНУ сілавых ведамстваў нельга самому прыйсці ўлетку з сертыфікатамі ЦТ і ЦЭ. Загадзя трэба звярнуцца адпаведна ў райваенкамат, райаддзел унутраных спраў або па надзвычайных сітуацыях.

У ВНУ і ССНУ паболела месцаў для мэтавага навучання, расказала галоўны спецыяліст ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Яніна Бярняк. У патэнцыяльнага мэтавіка сярэдні бал атэстата павінен быць не ніжэйшы за 7 (выключэнне толькі для некаторых сельскагаспадарчых спецыяльнасцей).

Хочаш на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі вучыцца за медыка? Звяртайся ў кадравы сектар цэнтральнай раённай бальніцы. Яго загадчык Вікторыя Кліпенштэйн расказала, што ў іх можна заключыць дагавор з любой медыцынскай ВНУ краіны. А таксама з Маладзечанскім і Слуцкім каледжамі, што актуальна для выпускнікоў і 11-х, і 9-х класаў. Заключыць дагавор на мэтавую падрыхтоўку прапануе і раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Яго кіраўнік Мікалай Паршута адзіны з выступоўцаў не абмежаваўся агульнымі словамі пра высокі заробак, а прывёў лічбы. Маўляў, сума ў разліковым лістку залежыць ад многіх акалічнасцей – стажу, атэстацыі, нагрузкі і г. д. Але калі гаварыць у сярэднім, дык фельчар зарабляе дзве тысячы рублёў, а ўрач – тры.

Начальнік ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Святлана Кундра гаварыла пра высакароднасць прафесіі педагога. І што такія спецыялісты запатрабаваны: цяпер 30% настаўнікаў і выхавальнікаў раёна – пенсіянеры. Для заключэння мэтавага дагавора можна звяртацца ва ўпраўленне. Ці ў любую ўстанову адукацыі – не абавязкова тую, якую заканчваеш.

На Мядзельшчыне запатрабаваны медыкі, работнікі сферы паслуг, аграрыі. Прамысловасці ж у нас амаль няма, таму такім спецыялістам хутчэй за ўсё давядзецца шукаць працу за межамі раёна.

Пра гэта расказаў намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Аляксандр Апановіч. І параіў не панікаваць, калі паступіць не ўдасца. Лепш звярнуцца ў службу занятасці, каб працаўладкавацца ці прайсці кароткатэрміновае навучанне – напрыклад, за цырульніка або повара. А калі ёсць прадпрымальніцкая жылка – нават атрымаць субсідыю на адкрыццё ўласнай справы.

Наталля ЛІСІЦКАЯ Фота аўтара

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59