Меню

Побывали в доме, который дождался капремонта

Побывали в доме, который дождался капремонта

Капітальны рамонт вядзецца ў доме №45 па вуліцы Юбілейнай у Мядзеле. Але пакуль чаканні жыльцоў апраўдвае далёка не ва ўсім.

Па падрабязнасці я накіравалася па названым адрасе. Там якраз намеснік старшыні райвыканкама Жанна Апановіч праводзіць планёрку. Удзельнікі якой – дырэктар Мядзельскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Уладзімір Шабовіч і галоўны інжынер Аляксей Шашок, а таксама дырэктар ТАА «Белэнергакомплекс» (гэта бабруйская арганізацыя-падрадчык) Аляксандр Тоўсцік.

– Такая планёрка праходзіць у нас кожную сераду, – расказвае Жанна Сцяпанаўна. – Разглядаем зробленае за тыдзень, плануем працу на наступны і вырашаем пытанні, якія ўзнікаюць у ходзе работ.

– Работы на аб’екце пачаліся 12 жніўня мінулага года і прыпыняліся на тры месяцы па прычыне адсутнасці фінансавання, – уводзіць мяне ў курс справы Аляксей Шашок. – Яны не пратэрмінаваныя. Увесці дом у эксплуатацыю плануем ужо ў сакавіку – ва ўсялякім разе, прыкладаем усе намаганні.

– Тут яшчэ ад надвор’я залежыць, – уступае ў размову Уладзімір Шабовіч. – Усё ж частку работ трэба правесці знадворку. Тую ж адмостку не зробіш ва ўмовах снегападаў і маразоў. А яны могуць і да сакавіка працягвацца.

– Цяпер актыўна рамантуем дах, – працягвае Аляксей Шашок. – Умацоўваем пліты пакрыцця, укладваем параізаляцыю і тэрмаізаляцыю. Робім сцяжкі. У будынку вядзём аддзелку памяшканняў, якія пераабсталёўваюцца пад кватэры. Свідруем адтуліны пад пракладку інжынерных сетак водазабеспячэння і каналізацыі. Ацяпленне выканана там на 95%, а ў астатніх кватэрах – на 100%. Засталося замяніць стаякі халоднага і гарачага водазабеспячэння, каналізацыі – гэта будзе зроблена ў лютым. Што тычыцца вонкавых работ. Па фасадзе яны выкананы на 75–80%. Балконы ў тарцах будынка, дзе былі аварыйныя пліты, дэманціраваны  і будуць пераўладкаваны. Цагляная частка балконаў ад вуліцы поўнасцю тынкуецца. Парэнчы ачышчаюцца ад іржы і фарбуюцца, на падлозе робіцца гідраізаляцыя. Што да балконаў з боку двара. Закладваецца праём пажарнай эвакуацыі, яго наяўнасць цяпер не патрабуецца. Парэнчы ачышчаюцца і фарбуюцца, пліты зашываюцца экранамі з прафліста. Поўнасцю пераабсталюем уваходную групу: на першым паверсе перад запрашальным маршам панізім узровень падлогі і зробім новы ганак з водаадводам.

– Варта больш падрабязна расказаць пра пераабсталяванне памяшканняў, – зазначае Уладзімір Шабовіч. – Частку будынка, дзе быў размешчаны інтэрнат, перарабляем пад арэнднае жыллё – будзе 15 добраўпарадкаваных кватэр.

Тут будзе арэндная кватэра

– Людзі скардзіліся, што ў кватэрах холадна, – кажу.

– Так, было холадна, – прызнае Уладзімір Шабовіч. – Цяпер заменены вокны, устаноўлена больш ацяпляльнага абсталявання. Але ж работы вядзём штодзённа – вядома, адчыняюцца дзверы, бываюць скразнякі. Просім жыльцоў яшчэ крыху пацярпець. Усё ж у выніку дом будзе поўнасцю адрамантаваны і праслужыць доўга.

– Пры капітальным рамонце без адсялення жыльцы заўсёды адчуваюць пэўныя нязручнасці, – канстатуе Аляксей Шашок. – Напрыклад, некаторы час можа адсутнічаць водазабеспячэнне, ацяпленне ці не аказвацца яшчэ нейкая паслуга. Мы – жыллёва-камунальная гаспадарка і падрадчык – стараемся гэтыя нязручнасці мінімізаваць. Але яны ўсё ж ёсць. Таму просім жыльцоў ставіцца да гэтага з разуменнем.

– Улетку адрамантуем і добраўпарадкуем таксама дваровую тэрыторыю, – працягвае Уладзімір Шабовіч. – Пакладзём новы асфальт і, магчыма, пашырым стаянку. Зробім усё, каб людзям было зручна, а нам яшчэ доўга не вяртацца да гэтых пытанняў.

– Як кажуць, карыстаючыся выпадкам… Ці ўсё зроблена на аб’ектах жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія падлягалі рамонту летась? – пытаюся.

– З усяго пераліку не выкананы работы на адным аб’екце, – адказвае Жанна Сцяпанаўна. – Гэта добраўпарадкаванне прыдамавой тэрыторыі па вуліцы Лясной, 5 у курортным пасёлку. У сувязі з 700-годдзем Мядзела там дадаткова добраўпарадкавалі дваровыя тэрыторыі на Школьнай, 5 і Крупскай, 26. Адпаведна, фінансавання на аб’ект у Нарачы не хапіла. Гэтыя работы будуць выкананы сёлета.

Наталля ЛІСІЦКАЯ

Фота аўтара

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59