Меню

“Будзем каву піць”

Так называлася чарговае ўвесяленчае мерапрыемства, якое адбылося ў Мядзельскім раённым Цэнтры культуры. Да 15-й гадзіны ў зале расстаўлены столікі, крэслы, на століках прыгожыя сподачкі, кубачкі. У вызначаны час пачалі збірацца сюды жыхары райцэнтра. У большасці сваёй – людзі пенсійнага ўзросту. Між тым вясёлыя, аптымістычныя. І не дамаседы.

—Вы ўпершыню тут? – пытаю ў Ліліі Сокавай.

—Ды не. Прыходжу часта. Навошта заставацца ў кватэры, калі тут так цікава і весела. Мы — людзі з розных вуліц, дамоў, а адчуваем сябе адною сям’ёй. Знаходзім цікавыя тэмы для размоў. І паспяваем, і патанцуем пад музыку, і атрымаем здаровую размінку.

—А Вы што скажаце?—адрасую пытанне Таццяне Чарняўскай.

—Кожнае мерапрыемства – гэта такая маральная разрадка! Адарвешся ад спраў і клопатаў будзённых, ад пліты і тупання па кутках кватэры. Вяртаешся дадому і чакаеш: а што ж будзе ў наступную нядзелю?

Да размовы далучаюцца іншыя людзі. Ва ўсіх аднолькава прыўзняты настрой. Яны дружна размяшчаюцца за столікамі і чакаюць слова вядучай.

А вядучая (яна ж арганізатар адпачынку выхаднога дня) культработнік Жанна Дзевятнікава прывячае ўсіх светлай усмешкай на твары і аб’яўляе:

—Тэма сённяшняй увесяленчай праграмы – “Будзем каву піць”. І пра яе гаварыць.

Не сумняваюся, што тут сабраліся метавіта сапраўдныя знатакі і цаніцелі гэтага цудоўнага напою.

Гучыць музыка. Акампаніятар Аляксандр Роліч націскае на вясёлыя кнопачкі баяна, а ўсе госці пачынаюць дружна пляскаць у далоні.

Жанна Вячаславаўна чытае чатырохрадкоўі:

Чтобы день прошел на “пять”,

Чтоб на работе не устать,

Чтоб всё успеть и зевершить,

Надо кофе пить!

Чтоб подписать супер контракт,

Чтоб деловой иметь контакт,

Чтобы простить, чтоб полюбить,

Надо кофе пить!

Апошнія радкі паўтараюць усе хорам. Вядучая між тым прапануе зрабіць невялікую паўзу і выпіць па кубачку свежай гарачай кавы. Дарэчы, на асобным століку для гэтага ўсё падрыхтавана.

Пасля ідзе размова пра карысць кавы для здароўя чалавека, прапануюцца пытанні цікавай віктарына. Напрыклад, хто з вядомых кампазітараў быў вялікім аматарам кавы і акуратна сачыў за тым, каб кава для яго была зварана з 64-х зярнятак. (Бетховен). Або, як называецца кава з “капюшонам”? (капучына).

Дарэчы, асобныя прысутныя вельмі хутка і правільна адказвалі на пытанні. І, канечне, усе запляскалі ў далоні, калі пачулі, што кафеін у спалучэнні з фізічнымі практыкаваннямі садзейнічае зніжэнню вагі чалавека. А падобнымі практыкаваннямі былі ў зале танцы. Цудоўнымі танцорамі зарэкамендавалі сябе Валянціна Дубяга, Святлана Амельяновіч, Зоя Жалтоўская, Лідзія Сіняўская, Раіса Драгун, Галіна Захарэвіч. А як прыгожа спявалі Людміла Крупенка, Ірына Квяткоўская, Яніна Храпун, Ірына Мазура, Таццяна Пупкова, Таццяна Грышчук, Тамара Малевіч і многія іншыя. Вясёлым, задорным быў і агульны хор. Шчырыя апладысменты выпалі на долю Таццяны Чарняўскай, Ванды Ількевіч, якія прачыталі кранаючыя радкі любімых вершаў.

Мерапрыемства закончылася. Тут не абышлося без шматлікіх падзяк у адрас Жанны Дзевятнікавай і Аляксандра Роліча. І пажаданняў, каб вольны час мядзяльчан быў і далей на высокім культурным і цікавым узроўні.

Валянціна Яфімава.

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59