Почему эта жатва приятнее прошлогодней? Узнали в «Свирь-агро»

Надвор’е не выбіраюць. Але на ніве ў «Свір-агра» сёлета быць радасна. Чаму? Ёсць магчымасць даведацца з першых вуснаў: едзем у гаспадарку знаёміцца з удзельнікамі жніва.
– Алег Шушко, – прадстаўляецца камбайнер. – А памочнікам у мяне старэйшы брат Аляксандр.
– Каторае гэта для вас жніво? – пытаюся.
– Чацвёртае, – адказвае Алег. – А камбайн працуе пятнаццаты сезон.
Сапраўды, бачна, што тэхніка не новая.
– На камбайне ў вас наклейка «80 гадоў Перамогі», над кабінай – Дзяржаўны сцяг, – заўважаю. – Гаспадарка забяспечыла?
– Не, – кажуць хлопцы. – Сцяг сельвыканкам даў. А наклейку самі на «Вайлдберысе» заказалі.
– Як вам сёлетняе жніво?
– Куды больш прыемнае ў параўнанні з леташнім, – кажа Алег. – Бо ўраджай лепшы. Надвор’е, праўда, падводзіць – дождж і паўсутак можа ісці. За дзень пакуль сама болей 60 тон намалочвалі – гэта 14 бункераў.

…Дырэктар гаспадаркі Віктар Субач таксама сведчыць, што ўраджайнасць пераўзышла ўсе чаканні.
– Надвор’е пасадзейнічала, і людзі, вядома, пастараліся, – падкрэслівае. – Мінулы год быў антыўраджайны. А сёлета на полі знаходзіцца радасна. Камбайнерам прыемна працаваць, калі ўраджайнасць – 40 цэнтнераў з гектара. Ёсць розныя ўчасткі – дзесьці і 35 цэнтнераў на круг, а дзесьці – 42.
У гаспадарцы тры камбайны «Палессе», самаму новаму шэсць гадоў. Іншыя адпаведна 2009 і 2010 гадоў выпуску. Нагрузка на камбайн значная – больш за 400 гектараў. Людзі не лічацца з часам, дапазна працуюць – да паловы дзясятай вечара, да дзесяці.
– Жніво перарываецца дажджамі, але ж надвор’е не выбіраюць, – канстатуе кіраўнік гаспадаркі. – Усе камбайнеры вопытныя. Алег Шушко, з якім вы размаўлялі, нарыхтоўваў кармы на КВК, цяпер перасеў на камбайн. Ёсць і ветэран працы Юрый Іосіфавіч Шукеловіч, якому ўжо за 70. Дзякуй, што пагадзіўся нас выручыць. Памочнікам у яго Вадзім Талуць. Хлопец служыць па кантракце ў Печах, на час жніва ўзяў водпуск. Ну а трэцім камбайнам кіруе Генадзь Малькевіч. Ён працуе на мехустаноўцы ў лесаперапрацоўчым цэху «Канстанцінава», добра разбіраецца ў тэхніцы. На час жніва бярэ там водпуск. Памочнікам у яго Аляксандр Сафрановіч.

Возяць збожжа ад камбайнаў Іван Урбан і Часлаў Рацкевіч на МАЗах. – Думаю, у Івана Вацлававіча тысяча тон ужо не за гарамі, – кажа Віктар Субач. – Спадзяёмся, што будзе тысячнік і сярод камбайнераў. Цяпер ідуць усе амаль роўна, аднак загадваць пакуль рана, бо ўбіраць яшчэ многа. І шмат што залежыць не ад людзей, а ад тэхнічных момантаў і нават ад выпадку.

Для пажарнага прыкрыцця на полі прыстасавалі стары бензавоз. Дзяжурыць на ім Сяргей Кіслы. Пастаяннае месца працы мужчыны – «Зубронак», а сюды ён уладкаваўся на час водпуску.
Збожжа ідзе вільготнае. Жніво сёлета позняе, у гаспадарцы яго пачалі толькі 27 ліпеня. У першы дзень вільготнасць была 31%. І цяпер пасля дажджоў менш за 20% не здараецца, іншы раз і да 24% даходзіць. На дапрацоўцы задзейнічаны дзве сушылкі: «Амкадор» на вадкім паліве і так званая «палячка» на дрывах. На «амкадораўскай» сушылцы заняты Анатоль Мядзельскі і Анатоль Апрышка.

«Палячка» задзейнічана кругласутачна, пазменна на ёй працуюць чатыры чалавекі: Андрэй Куркуль, Канстанцін Дубко, Віталь Алёшка і Сяргей Шып.

– Нарыхтоўваем дровы – а іх патрэбна нямала, – расказвае Віктар Субач. – Разбіраем безгаспадарныя трухлявыя будынкі, якія аддае сельвыканкам. Работу на збожжаскладзе арганізуе яго загадчыца Марына Шушко, узважвае зерне Людміла Ганчар. Для прыняцця аператыўных рашэнняў дзяжураць работнікі бухгалтэрыі. А камісарам жніва трэці год паспяхова працуе галоўны эканаміст Анастасія Шаўчэнка.
Салома сёлета таксама добрая, і гэта ў радасць. Ёй не даюць залежвацца на палях. На трактарах МТЗ-82 у счэпе з прэс-падборшчыкамі стараюцца Іван Грумбянін і Генадзь Лобач. Мяркуецца задзейнічаць яшчэ адзін прэс – з ім будзе працаваць Аляксандр Шушкевіч. Скірдуе вадзіцель «Амкадора» Іван Стральцоў.

На складзе ёсць і яшчэ пагрузчык – на ім працуе Анатоль Бакероўскі з базы адпачынку «Лясная паляна».

Наталля ЛІСІЦКАЯ
Фота аўтара