В трудовой книжке Аллы Гурло есть только одна запись: все годы она работает в Кривичской библиотеке

За плячыма Алы ГУРЛО – Мядзельская сярэдняя школа і Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Пасля былі доўгія гады працы ў Крывіцкай пасялковай бібліятэцы.
– Памятаю і сёння, як нас, першакласнікаў, падчас перапынку прывялі ў школьную бібліятэку. Працавала тады там Ларыса Мікітаўна Пражэнік. Настолькі зачаравала атмасфера, якая панавала ў царстве кніг, сама асоба бібліятэкара, што многія з нас там сталі прападаць, – успамінае Ала Дзмітрыеўна. – Ледзь зазвініць званок – мы куляй імчым у бібліятэку. Дапамагаем кнігі складваць, размаўляем на розныя тэмы. Так сталі і актыўнымі чытачамі, і ўдзельнікамі розных мерапрыемстваў, якія там праводзіліся. А з гадамі прыйшло ўсведамленне таго, што хачу стаць бібліятэкарам, што найлепшай прафесіі для мяне не існуе.
Пасля заканчэння ў 1987 годзе тэхнікума Ала прыехала на працу на радзіму. Атрымала размеркаванне на пасаду бібліятэкара ў Крывіцкую бібліятэку, якая тады была гарпасялковай. Так склаўся лёс, што ў Крывічах і каханне сваё знайшла, і сям’ю стварыла. Там і засталася.
– На той час у пасёлку было нашмат больш жыхароў, чым зараз. Многа прыходзіла чытачоў. Загадчыцай працавала Даната Іванаўна Савіцкая, а бібліятэкарам – Маргарыта Яўгенаўна Собаль. Яны і навучылі мяне ўсяму, што ведалі і ўмелі самі. А як акунулася з галавой у работу, яшчэ больш зразумела, што правільна выбрала прафесію, што гэта сапраўды маё, – апавядае мая суразмоўца. – Пры Данаце Іванаўне і пад яе непасрэдным кіраўніцтвам праводзілася вялікая краязнаўчая работа. Збіраўся матэрыял пра гісторыю пасёлка, звесткі пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, знакамітых людзей нашай мясцовасці. Яна працягваецца дагэтуль. Менавіта карпатлівая дзейнасць у гэтым напрамку дазволіла нам летась стаць пераможцам абласнога тура прафесійнага агляду-конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» ў намінацыі «За пошукавую і даследчую працу». Прадстаўленая работа, якую нам дапамаглі прыгожа аформіць метадысты Мядзельскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, была прысвечана даследаванню знакамітага роду Ходзькаў.
Ала Дзмітрыеўна расказала, што бібліятэка знаходзіцца ў адным памяшканні з Домам культуры, і дзейнасць сваю установы будуюць сумесна. Так атрымалася, што па прыездзе ў Крывічы на працягу больш 10 гадоў была Снягурачкай і разам з Дзедам Марозам ездзіла віншаваць з навагоднім святам арганізацыі пасёлка. 15 гадоў пастаянна дапамагала сакратару тады яшчэ пасялковага Савета дэпутатаў падчас урачыстай рэгістрацыі шлюбаў. Абрад для маладых, які праводзіла Ала Гурло, многія сямейныя пары з цеплынёй успамінаюць дагэтуль.
З 2014 года Ала Дзмітрыеўна працуе загадчыцай Крывіцкай пасялковай бібліятэкі. Разам з бібліятэкарам Алай Шкадун робяць вялікую справу. Яны не толькі займаюцца абслугоўваннем чытачоў, але і ладзяць выставы, арганізоўваюць розныя мерапрыемствы. Пры ўстанове працуе аматарскае аб’яднанне для дзяцей «Юны сябар кнігі», клуб па інтарэсах для жанчын «Крывічанка». Цеснае супрацоўніцтва наладжана са школай.
– Яшчэ гадоў 10–20 назад моладзь часцей прыходзіла ў бібліятэку. Але не хачу сказаць, што маладыя людзі зусім не чытаюць кніг. Ёсць і сярод іх тыя, хто цікавіцца навінкамі літаратуры, каму інтэрнэт не замяніў жывыя зносіны. Шмат працуем з дзецьмі. Хочацца, каб яны не згубілі цікавасць да кніг. Бо менавіта чытанне пашырае кругагляд, паляпшае памяць, – разважае Ала Дзмітрыеўна. – Гэта і дадатковая крыніца ведаў, асабліва для школьнікаў. Ёсць і такая форма работы з чытачамі, як надомнае абслугоўванне. Мы дастаўляем літаратуру людзям, якія любяць чытаць, але самі не могуць наведацца ў бібліятэку. Каб задаволіць патрэбы чытачоў, кожны раз, вяртаючыся з нарады з Мядзела, вязу выданні, якіх у нас няма.
Ала Дзмітрыеўна вельмі любіць сваю работу і іншай для сябе не ўяўляе.
– Прызванне бібліятэчнага работніка – выдаваць чытачам «лекі для душы», несці ім праз кнігі дадатковую інфармацыю, веды. І гэта вельмі важна, – лічыць жанчына. – Люблю сваіх чытачоў, мне падабаецца ўзаемадзеянне з імі. Ведаю іх інтарэсы, захапленні. Заўсёды прапаноўваю тое, што іх павінна зацікавіць. А калі праца па душы, прыносіць задавальненне, ёю хочацца займацца.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ
Рекомендуем






