В Будславском лесничестве сформировалась хорошая команда
Сёлета Будслаўскаму лясніцтву споўнілася 80 гадоў. Копію загаду №1 па лясніцтве ад 14 ліпеня 1944 года разам са старымі фатаграфіямі можна ўбачыць у альбоме.
Але ў прафесійнае свята размова пойдзе не пра гісторыю, а пра сённяшні калектыў. Ляснічы Віталій Паўлоўскі сцвярджае:
— Як кіраўнік, што ты можаш адзін зрабіць? Павінна быць каманда добрая. І ў гэтым плане ў нас усё як мае быць. У мяне годныя леснікі, на іх можна абаперціся ў любой справе. А так значна прасцей працаваць. Сфарміраваны моцны калектыў. Ёсць і вопытныя работнікі, і маладыя, але перспектыўныя хлопцы.
Віталій Уладзіміравіч расказаў падрабязна пра калектыў:
— Памочнік у мяне малады — Ілья Грышкевіч. Хлопец местачковы, з Пузыроў. У красавіку прыйшоў на працу пасля заканчэння Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа, ды і практыку праходзіў у нас летась. Ён стараецца, дзе што незразумела — пытаецца, вучыцца. Зараз у нас два майстры лесу. Валянціна Хвалько — прафесіянал у сваёй справе. Валянціна Казіміраўна спраўляецца з усімі задачамі, нават, бывае, ахвяруе асабістым часам. У чэрвені прыйшоў працаваць Арцём Атрошчык, за гэты час зарэкамендаваў сябе надзейным і досыць перспектыўным спецыялістам. Узровень па бухгалтэрыі ў нас сур’ёзны — вядома, дзякуючы бухгалтару Людміле Машко. Людміла Аляксандраўна — вельмі дасведчаны спецыяліст, да яе тэлефануюць, звяртаюцца па параду іншыя.
Вялікі дзякуй вадзіцелю Анатолю Аксючыцу. Гэта адданы справе чалавек. Нашы машыны не тое што ездзяць — бегаюць, настолькі яны дагледжаныя. Анатоль Сцяпанавіч глядзіць за імі, як за сваімі часам не глядзяць. Трактарыстам на вывазцы лесу працуе Юрый Каросцік. Не зважае на час, калі трэба застацца, вывезці лес, трэба — значыць, трэба. На тралёўцы лесу заняты Андрэй Хвалько. Яго старэнькі трактар дагледжаны, надзейны — як новы. Як след працуе і Аляксандр Каросцік.
Леснікоў у нас 16. Працэнтаў 50 з іх маюць стаж працы 20 і больш гадоў. Людзі адданыя справе, перадаюць вопыт маладому пакаленню. Асноўная нагрузка — на вальшчыках лесу. Даўно працуе Ігар Федарук. Выдатны спецыяліст, яму няма роўных у лясніцтве. Вельмі адказны Уладзімір Гарбуноў. Гэта наша «старая гвардыя». З маладых адзначыў бы Ігара Роўду. Ён і як вальшчык спраўны, і на будоўлі каля лясніцтва дапамагчы можа. У нас і пчальнік ёсць на 17 вуллёў, гаспадарыць там Фама Яцына. Старанна працуюць Дзмітрый Гарбуноў, Аляксандр Ляўчук, Андрэй Качановіч… Ды і ўсе астатнія леснікі заслугоўваюць добрых слоў, кожны ў сваёй справе спецыяліст.
— А што хочаце пажадаць калегам з усяго Нацыянальнага парку «Нарачанскі» з нагоды Дня работнікаў лесу?
— Здароўя, каб яно менш падводзіла, мірнага неба над галавой — тады будзе жаданне працаваць. А яшчэ зычу поспехаў у нашай нялёгкай справе і цярпення.