Меню

Олег Брацук служил под жарким солнцем Афганистана

Олег Брацук служил под жарким солнцем Афганистана

Дата 15 лютага для Алега БРАЦУКА, як і для большасці воінаў-афганцаў, асаблівая. У гэты дзень 36 гадоў назад савецкія салдаты пакінулі тэрыторыю Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан. Засталіся ўспаміны аб той далёкай вайне і аповеды пра байцоў, якія з гонарам выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак.

У ВОЙСКА – ЗА ГОНАР

Алег Брацук родам з Мядзела. Тут нарадзіўся, рос, вучыўся. Пасля заканчэння васьмі класаў уладкаваўся на працу ў аўтабазу №7 слесарам. Сярэднюю адукацыю атрымаў у вячэрняй школе. Затым па накіраванні прадпрыемства тры месяцы вучыўся ў Камарове ў Свірскім прафесіянальна-тэхнічным вучылішчы на вадзіцеля. Звязаць сябе з гэтай прафесіяй марыў з дзяцінства. У армію быў прызваны Мядзельскім ваенным камісарыятам 25 мая 1987 года.

– У мяне, як і ў большасці юнакоў майго пакалення, нават ніколі і ў думках не было, каб не пайсці служыць, – кажа Алег Вітальевіч. – Для сапраўднага мужчыны выкананне воінскага абавязку лічылася пачэснай справай. Ад службы не ўхіляліся, яе лічылі за гонар. У армію заўсёды ўрачыста праводзілі. Мяне, дарэчы, таксама. Памятаю, сабралася радня, сябры. Гаварылі за сталом добрыя словы, гучалі і наказы. З нецярпеннем чакалі вяртання салдат дадому. А вось калі хлопец па нейкай прычыне не быў у войску, лічылася, што з ім штосьці не так. Нават дзяўчаты не заўсёды хацелі за такіх замуж ісці.

ДАРОГА Ў АФГАНІСТАН

– Прызвалі мяне на службу ў пагранічныя войскі. Адразу накіравалі ў Туркменію. Не ведаў, канечне, напачатку, што чакае Афганістан, – адзначае Алег Брацук. – Тры месяцы была вучэбка, а потым накіравалі ў атрад вадзіцелем. Адразу знаходзіўся ў роце падвозу. Дастаўлялі ў Афганістан боепрыпасы, прадукты харчавання, вугаль. Былі ў многіх населеных пунктах. У тым ліку ў Андхоі, Шыбіргане, Меймене, некаторых іншых. Давялося не раз і смерці ў твар глядзець, але пашчасціла застацца жывым. А вось некаторых баявых сяброў страціў – яны загінулі на чужой зямлі.

Воін-інтэрнацыяналіст успамінае, што і з простымі афганцамі сустракаўся. Увогуле гэта былі бедныя, гаротныя людзі, якія вельмі цярпелі ад душманаў і баяліся іх. А маджахеды на самай справе нікога не шкадавалі. Нават цэлыя кішлакі выразалі. І, калі б не бескарыслівая дапамога, што аказвалася тады СССР, нават цяжка ўявіць, як бы мясцовыя сяляне жылі.

Пасля Алег быў пераведзены з роты падвозу ў аўтамабільную роту вадзіцелем у асобы аддзел. У яго абавязкі ўваходзіла суправаджэнне афіцэраў аддзела. Пры неабходнасці падвозіў іх да мяжы з Афганістанам, а далей па пешаходным мосце праз раку Амудар’ю разам пераходзілі на другі бок. Там наведвалі многія блокпасты і населеныя пункты. Праз пэўны час, пасля выканання пастаўленых задач, гэтым жа шляхам вярталіся назад.

НЯПРОСТАЯ СЛУЖБА

– На тэрыторыі Афганістана нас пастаянна падсцерагала небяспека. Можна было трапіць пад прыцэл снайпера-душмана ці ў засаду. Альбо наступіць на міну і падарвацца, – расказвае Алег Вітальевіч. – А яшчэ нясцерпная спёка даймала. У летні час тэрмометр паказваў больш за 50 градусаў, амаль не было дажджоў. Каб не атрымаць апёкаў, у гарачыню вымушаны былі хадзіць у вопратцы, абутку, насіць галаўныя ўборы.

А ці даводзілася землякоў сустрэць на чужыне?

– Не, з мядзельскімі хлопцамі не бачыўся. Хоць ведаю, што многія з іх выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у Дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан. У тым ліку мае аднакласнікі Валодзя Ракецкі, Валодзя Івашка… А вось беларусы разам са мной служылі. Былі хлопцы з Мазыра, Гомеля…

Ці ўспамінаецца вам сённяАфганістан?

– Так. Калі мы, афганцы, збіраемся ў Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў ці з іншай нагоды, згадваем пра мінулае, баявых сяброў. Абавязкова ўспамінаем ураджэнца Мядзельшчыны Івана Аніську, які загінуў на афганскай зямлі, а таксама хлопцаў, што рана пайшлі з жыцця. З удзячнасцю гаворым і пра камандзіраў, якія былі для нас, маладых, нібы бацькі. Асабліва калі былі старэйшымі за нас па ўзросце. Яны не толькі навучалі, але і апякалі. На ўласным вопыце пераканаўся, што на вайне баявое братэрства вельмі востра адчуваецца. І зусім не мае значэння, ведаеш ты гэтага чалавека даўно ці толькі з ім пазнаёміўся. Між афіцэрамі і салдатамі існуе ўнутраная еднасць, поўнае ўзаемаразуменне. Кожны гатовы за іншага, не задумваючыся, сваё жыццё аддаць… Часта пытаецца ў мяне пра службу ў Афганістане ўнук. Разам гартаем сямейны альбом. Паказваю яму армейскія фотаздымкі, расказваю пра хлопцаў, з якімі там выконваў інтэрнацыянальны абавязак. І заўсёды падкрэсліваю, як важна не ведаць жахаў вайны, жыць у міры і спакоі, цаніць усё тое, што сёння маем.

ДАЛЕЙШАЕ ЖЫЦЦЁ – МІРНАЕ, СПАКОЙНАЕ

Завяршыў сваю службу ў арміі воін-інтэрнацыяналіст 7 чэрвеня 1989 года. Вярнуўся на радзіму. Зноў уладкаваўся ў аўтабазу №7. І на спецыяльнай машыне працаваў, і вадзіцелем аўтобуса. Праз некаторы час перайшоў у ПМК-215. Яму даверылі бензавоз, на якім дастаўляў гаручае. Работа яго задавальняла, калектыў таксама. Але, каб атрымаць кватэру, давялося зноў памяняць месца працы. У выніку апынуўся ў калгасе «Пераможца», зноў у якасці вадзіцеля. Гэта было зручна, бо і жыў з сям’ёй у Лук’янавічах. А калі ў гаспадарцы пачаўся заняпад, фінансавыя справы пагоршыліся, уладкаваўся дальнабойшчыкам. Увогуле 26 гадоў адкалясіў на фуры, свет пабачыў. Зараз воін-інтэрнацыяналіст працуе вадзіцелем у «Беласептыцы». Работу сваю любіць і да тэхнікі адносіцца з душой. Нездарма давераная яму машына пастаянна на хаду і служыць бездакорна.

Алег Вітальевіч з сям’ёй па-ранейшаму жыве ў Лук’янавічах. Разам з жонкай Аленай Мітрафанаўнай вырасціў сына Андрэя і дачку Наталлю. Дзеці ўжо даўно дарослыя, маюць свае сем’і. А дзядуля з бабуляй цешацца з унучак Машы і Дашы і ўнука Макара. Радуюцца, што яны спакойна жывуць пад мірным небам у свабоднай, незалежнай краіне.

Хочацца дадаць, што Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за мужнасць, воінскую доблесць, праяўленыя пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан, Алег Брацук быў узнагароджаны імянной граматай «Воіну-інтэрнацыяналісту». Мае ён таксама медаль «Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа».

Так атрымалася, што Алегу Вітальевічу давялося ў мірны час удзельнічаць у баявых дзеяннях. І не на роднай зямлі, а на чужой. Гэты перыяд не сцерці з памяці, не выкрасліць. Як і разуменне таго, што воіны-інтэрнацыяналісты, як слаўныя пераемнікі герояў Вялікай Айчыннай вайны, засталіся вернымі воінскай прысязе і абавязку. Пра гэта і расказваюць яны цяпер падчас сустрэч з моладдзю, на сваім прыкладзе вучаць юнакоў і дзяўчат любіць Радзіму і расці яе патрыётамі.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59