Меню

Расказваем пра аднагодку раёна Баляславу Варабей

Расказваем пра аднагодку раёна Баляславу Варабей

«Чаму ў мяне мужчынскае імя?» – не аднойчы пыталася ў матулі малая. І каторы раз чула сумную сямейную гісторыю. Пра вайну, якая нясе бяду, нават калі пакідае ў жывых.

Жыхара вёскі Бакачы Баляслава Вархаповіча прызвалі ў Войска Польскае ў пачатку верасня 1939-га, калі Германія напала на Польшчу. На той час у яго падрасталі дачка і сын, сям’я чакала яшчэ адно малое. «Мяне, можа, заб’юць, – казаў муж цяжарнай жонцы, – назаві дзіця маім імем». Ён застаўся жыць, але сям’ю больш не ўбачыў. Пасля вайны апынуўся ў Англіі. Сувязь з роднымі падтрымліваў, аднак вяртацца палічыў рызыкоўным. Так і памёр на чужыне ў 1979 годзе.

Малую, якая нарадзілася 6 студзеня 1940-га, маці назвала Баляславай. Дзяўчынка напоўніцу спазнала цяжкасцей, што выпалі на долю яе пакалення. Працаваць у калгасе пачала школьніцай, у 12 з паловай гадоў. Скончыўшы сем класаў у Маргах, там жа працягвала вучобу ў вячэрняй школе. «Урокі праводзіліся тройчы на тыдзень, – прыгадвае. – Дысцыпліна была, адказвалі ля дошкі. Разам вучылася моладзь рознага ўзросту, былі і 1932 года нараджэння. Я замуж, можна сказаць, са школы пайшла: здала экзамен – і вяселле ў той жа дзень пачалося».

Асноўную частку працоўнага жыцця жанчына была паштальёнам. Абслугоўвала Дзягілі, Маргі, Бакачы і шматлікія хутары. Спачатку работу аплачваў калгас: за месяц налічвалі 18 працадзён. «Гаспадарка бедная, цяжка жылося. Усе яны тады былі бедныя. Гэта цяпер, дзякуй богу, усё да толку ў нашым калгасе, – калгасам Баляслава Баляславаўна па старой звычцы называе сельгасфіліял «Дзягілі». – Потым стала працаваць ад пошты. Там ужо заробак плацілі, давалі прэміі і падарункі – хрустальныя вазы, адрэзы тканіны».

Больш як два дзесяцігоддзі таму Баляслава Баляславаўна аўдавела. Але не адзінокая, ёсць дзеці, унукі, праўнукі. Сын працуе трактарыстам у сельгасфіліяле «Дзягілі», дачка – аперацыйнай сястрой у абласной дзіцячай клінічнай бальніцы ў Бараўлянах. Абое на добрым рахунку. «А як інакш, калі прывыклі працаваць з дзяцінства? – цешыцца з іх маці. – Сын малы быў, а прасіў тату, каб даў паараць. Дачку без экзаменаў прынялі ў медвучылішча, бо школу скончыла на адны пяцёркі».

Наталля ЛІСІЦКАЯ

Фота Алёны ВАРАБЕЙ

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59