Меню

В Сватках прошел районный конкурс молодых семей “Властелин села-2024”

На гэты раз традыцыйны конкурс праходзіў у аграгарадку Сваткі. З-за дрэнных умоў надвор’я праводзіўся ён у памяшканні сельскага Дома культуры.

Конкурсных заданняў было чатыры. Падчас першага, які называўся “Мая сям’я — маё багацце”, адбылося знаёмства з творчымі падворкамі ўдзельнікаў. Прадстаўленыя выставы-прэзентацыі адлюстроўвалі сямейныя традыцыі, захапленні, любімыя заняткі і хобі. Акрамя творчых вырабаў,  выстаўлялася на сталах выпечка і розныя дамашнія прысмакі, паспрабаваць якія змаглі прысутныя на свяце ў якасці гледачоў мясцовыя жыхары.

Шмат незабыўных уражанняў пакінула візітоўка, у якой удзельнічалі дарослыя і дзеці. Канкурсанты і вершы чыталі, і спявалі, і пра свае сем’і расказвалі. Арыгінальным атрымаўся эпізод знаёмства мужа і жонкі ў Сяменяў з Нарацкага сельсавета. Задорна гучалі частушкі ў выкананні сям’і Леош са Свірскага сельсавета. А сям’я Бяляевых з Крывічоў падрыхтавала танцавальны нумар. Увогуле ўсе ўдзельнікі прадэманстравалі, што іх сем’і самыя класныя! А яшчэ тое, што яны даражаць краінай, дзе жывуць. Пра гэта сведчылі і нацыянальныя строі, у якія былі апрануты некаторыя  ўдзельнікі, а таксама конкурс малюнкаў “Беларусь — гэта мы!”

Аднак найбольш уражанняў пакінуў ва ўсіх конкурс “Дранікі на калодках”, які праводзіўся на дварэ. Удзельнікам трэба было за адведзены на выкананне задання час пачысціць бульбу, нацерці яе на тарцы, зрабіць бліны і пасмажыць іх на патэльні. Ацэньвалася таксама сервіроўка стала, афармленне стравы і яе падача. Прыемна было назіраць, як дзеці старанна дапамагалі дарослым.

Трэба сказаць, што няпростая задача выпала на долю членаў журы. А ацэньвалі канкурсантаў старшыня маладзёжнага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў Рыгор Хіла, галоўны аграном ААТ “Сваткі” Анатолій Усовіч, а таксама аўтар гэтых радкоў. Тым не менш пераможцы вызначаны.

Трэцяе месца занялі Сямені — Міхаіл Юр’евіч , Юлія Іванаўна, Рома і Ева з аграгарадка  Нарач.

Другое месца ў сям’і Леош з Болькава Свірскага сельсавета. Прыемна, што ў конкурсе прымалі ўдзел прадстаўнікі трох пакаленняў гэтай працвітай сям’і  — Алег Генадзьевіч, Алена Уладзіміраўна з дзецьмі Вадзімам і Кірілам, а таксама бацькі Алега — Генадзій Станіслававіч і Валянціна Якаўлеўна.

А першае месца заняла дружная сям’я Бяляевых з г. п. Крывічы — Мікалай Сяргеевіч і Ганна Казіміраўна з дзецьмі Вячаславам, Маргарытай і Кацярынай. Ва ўсіх конкурсах адчувалася, што гэта каманда аднадумцаў, дзе ўсе падтрымліваюць адзін аднаго.

Па выніках конкурсу пераможцы атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі. Узнагароды ім уручыў старшыня журы Рыгор Хіла.

Падзялілася ўражаннямі жыхарка Сватак  Жанна Шадыра:

  • Вельмі добры, прыгожы атрымаўся конкурс. Парадавалася за дружныя сем’і, якія жывуць у нашым азёрным краі. Спадабалася візітоўка, дзе ўсе ўдзельнікі годна прадставілі свае сем’і. Шмат эмоцый даставіў конкурс “Дранікі на калодках”. Сумесная праца сплачвае сем’і, і гэта вельмі добра адчувалася падчас гэтага конкурсу. Стараліся дарослыя, ім дапамагалі дзеці. Вядома, крыху памяняла планы надвор’е. З-за дажджу вымушаны былі праводзіць большасць конкурсных заданняў у памяшканні. Але  дождж нікому не сапсаваў нікому настрой. Атрымалася сапраўднае свята. Парадавалася, што і гледачоў сабралася даволі шмат.  Думаю, што ніхто з вяскоўцаў не пашкадаваў, што прыйшоў на мерапрыемства. Бо было на што паглядзець  і за каго пахварэць.

Засталося дадаць, што з роляй вядучых выдатна справіліся Віктар Клімовіч і Лізавета Шутава. У перапынках паміж конкурсамі былі канцэртныя нумары і нават танцы.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ Фота аўтара

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59