Меню

Дорога привела к районной Доске Почета

Дорога привела к районной Доске Почета

Калі бачыш на рабочым месцы прадаўца 6-га разраду Алу ГРУЗД – прафесійную, бездакорна ветлівую і далікатную, – здаецца, што за прылаўкам гэта жанчына ўсё жыццё. Аж не – аказваецца, па адукацыі яна дарожны майстар.

ПРА ГУМОВЫЯ БОТЫ І ЛЮБОЎ ДА ПАКУПНІКОЎ

  • Родам я з вёскі Рудня Марымонава, – расказвае Ала Мікалаеўна, – гэта 22 кіламетры ад Гомеля. Скончыла Гомельскі дарожна-будаўнічы тэхнікум, нас з сяброўкай размеркавалі ў Мядзельскі раён. У ДЭУ-135, была тады такая арганізацыя ў Крывічах. Прыехалі мы цягніком 1 сакавіка. У басаножках, у плашчах… У Гомелі ж ужо цёпла было, лісточкі распускаліся. А тут снег ляжаў. Праваднік пашкадаваў нас, аддаў (можа, забыўся хто) вайсковыя чаравікі. Убачылі мы Крывічы – і ў слёзы. Гэта цяпер пасёлак разбудаваўся, а ў 1981 годзе выглядаў непрывабна… На працы нас сустрэлі добра, пасялілі ў інтэрнат.
  • А ў Габы вы як трапілі?
  • Будавалі дарогу Баяры – Маставікі. Добрую, дарэчы, зрабілі. Прэмію за яе ладную атрымалі – калі не памыляюся, 800 рублёў. Гэта былі вялікія грошы! А ў саміх Габах дарогі тады дрэнныя былі, гразкія. Памятаю, у клуб у гумовых ботах даводзілася хадзіць, а ўжо там у туфлі пераабувацца. Дык вось, падчас будаўніцтва кватаравала ў Габах. Пазнаёмілася з Аляксандрам, будучым мужам. Ён тады ў арміі служыў, якраз у водпуск прыйшоў. Пажаніўшыся, паехалі жыць на Гомельшчыну. Муж уладкаваўся механізатарам, я бухгалтарам. Нарадзіліся дзеці. Мы б і жылі на Гомельшчыне, каб не Чарнобыль. На час аварыі малодшай дачушцы не было і года, старэйшай – паўтара… Мы вырашылі вярнуцца ў Габы. Старшынёй калгаса тут быў Андрэй Іосіфавіч Малько. Забяспечыў жыллём, даў працу. Муж уладкаваўся механізатарам, я – нянечкай ў калгасны дзіцячы садок. У 1991 годзе перайшла ў гандаль. Падабаецца праца прадаўца, люблю ўсіх сваіх пакупнікоў. Рада, калі людзі сыходзяць з пакупкамі.

ПРА ПАЕЗДКІ Ў ІЛАВА, ЯКІХ БОЛЬШ НЯМА. І НЕ ТОЛЬКІ

  • 34 гады працуеце на адным месцы?
  • Так, будынак той самы. Але магазін не аднойчы пераходзіў ад арганізацыі да арганізацыі. Цяпер належыць «Аблкаапгандлю».
  • Чула, што з перадачай яму магазіна палепшылася забеспячэнне таварамі. Ці праўда?
  • Праўда. Дастаткова прадуктаў харчавання, ёсць пасцельная бялізна, ручнікі, посуд, мыйныя сродкі. Тавары ад розных пастаўшчыкоў, што заказваю – прывозяць. І вельмі аператыўна – за гэта дзякуй начальніку Мядзельскага ўчастка Зінаідзе Аляксандраўне Зямчонак і таваразнаўцу Анастасіі Уладзіміраўне Строевай. Як вынік – за месяц выручка складае 26–28 тысяч рублёў. Гэта няблага з улікам таго, што жыхароў у Габах мала, а побач няма ажыўленых трас і курортных аб’ектаў.
  • У чым тады сакрэт?
  • Няма асаблівых сакрэтаў. Пакупнікі маюць магчымасць атрымаць сацыяльную зніжку. Бываюць акцыі. Выконваем папярэднія заказы.
  • Ці змянілася ваша праца за больш як тры дзесяцігоддзі?
  • Вельмі. Па-першае, раней у вёсках жыло больш людзей – адпаведна, было больш пакупнікоў. Па-другое, у магазіне працавалі два чалавекі. Два гады таму загадчыца Рэня Міхайлаўна Шмігельская пайшла на пенсію, і я засталася адна.

Па-трэцяе, змянілася арганізацыя працы. Перш мы самі ездзілі па тавары на базу ў Княгінін, па прадукцыю пладова-кансервавага завода ў Ілава. Цяпер такога няма, усё прывозяць цэнтралізавана. Ну і па-чацвёртае, тэхнічна стала па-іншаму: даўно не карыстаемся лічыльнікамі і механічнымі вагамі з гірамі.

Наталля ЛІСІЦКАЯ

Фота аўтара

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59