На Минской международной книжной выставке-ярмарке презентовали произведения писателей Минщины — среди творцов был Павел Жуков

Сёння на Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы прэзентавалі творы пісьменнікаў Міншчыны. З іх кнігамі і з самімі аўтарамі можна было пазнаёміцца на стэндзе сталічнай вобласці.
Сярод творцаў быў Павел Жукаў – публіцыст і празаік, лаўрэат Літаратурнай прэміі Мінаблвыканкама, які шмат гадоў быў галоўным рэдактарам газеты «Нарачанская зара».
Ён прадставіў чатыры свае кнігі. «Курорт маёй мары» расказвае пра гісторыю і супрацоўнікаў санаторыя «Прыазёрны», а таксама знаёміць чытача са славутасцямі і вядомымі людзьмі, якімі ганарацца жыхары Нарачанскага краю. «Тут зямля такая» складзена з апавяданняў і нарысаў пра шчырых працаўнікоў мядзельскай зямлі, якія працавалі і працуюць у розных сферах. Таксама пазнаёміў з кнігамі «Той бераг далёкі» і «У азёрнай старонцы маёй».

Правёў Павел Жукаў аўтограф-сесію.
– Выстава-кірмаш спадабалася, – падзяліўся ўражаннямі творца. – Адметна, што на ёй шмат выстаў і кніг, прысвечаных 80-годдзю Вялікай Перамогі. Увогуле, прадстаўлена вельмі шмат літаратуры з розных краін: Расіі, Арменіі, Казахстана, Таджыкістана, Турцыі і многіх іншых. Цэны памяркоўныя: можна за невысокі кошт купіць добрыя кніжкі. Асабліва цікава прайсціся па выставах і паглядзець, выбраць, што табе па душы. Прадстаўлена гісторыя, філасофія, дзіцячая літаратура, мастацкія творы, культура – усё, што заўгодна. У прынцыпе, можна на любы густ знайсці кнігі. Лічу, што вось у гэтым і каштоўнасць такіх выстаў.
Фота: Эвэліна Бурбуць, «Мінская праўда»
Рекомендуем




