Меню

Мядельчанин Иван Дурович учится в Военной академии Республики Беларусь

Мядельчанин Иван Дурович учится в Военной академии Республики Беларусь

Стаць ваенным Іван ДУРОВІЧ вырашыў яшчэ ў дзяцінстве. Яму падабалася назіраць за людзьмі, якія носяць пагоны. Хлопчык захапляўся іх выпраўкай, пунктуальнасцю, адказнасцю. А калі вырас, асэнсавана пайшоў сам па гэтым патрэбным, але няпростым шляху.

Сустрэлася з Іванам падчас водпуску, калі ён прыехаў дадому. Ён родам з Мядзела. Пасля сёмага класа гімназіі паступіў у Мінскае абласное кадэцкае вучылішча. Займаўся там чатыры гады.

Юнак з удзячнасцю расказвае пра сваіх класных кіраўнікоў – настаўніцу пачатковых класаў Святлану Анатольеўну Аўдзеенку з Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі, настаўніцу матэматыкі з гімназіі Таццяну Васільеўну Казельскую, пра выкладчыкаў кадэцкага вучылішча, а таксама пра сваю маму Анастасію Мікалаеўну, якія аказалі значны ўплыў на яго станаўленне як асобы, на выхаванне агульначалавечых пачуццяў і грамадзянскай пазіцыі.

– Калі вучыўся ў кадэцкім вучылішчы, зразумеў, што хачу звязаць сваё жыццё з прафесіяй кадравага ваеннага. Абараняць Радзіму – ганаровая і пачэсная справа. Гэта ўвогуле мужчынская прафесія, якая патрабуе старання, сіл і высакароднасці, – сцвярджае будучы афіцэр. – Выбраў адзін з факультэтаў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Зараз займаюся на чацвёртым курсе.

Жыццё курсанта адрозніваецца ад цывільнага. Не складана было на першым часе?

– Калі па праўдзе, то не вельмі. Даволі хутка адаптаваўся да новых умоў. Шмат дапамагло ў фарміраванні самастойнасці, адказнасці кадэцкае вучылішча. Там таксама стыль жыцця падпарадкаваны дысцыпліне і ўнутранаму распарадку. Гады вучобы праляцелі вельмі хутка. Сёлета заканчваю акадэмію. Перакананы, што веды і навыкі, атрыманыя тут, спатрэбяцца мне падчас службы.

Што можаце расказаць пра Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь?

– Гэта сур’ёзная навучальная ўстанова, дзе створаны выдатныя ўмовы для авалодвання прафесіяй ваеннага. Заняткі праводзяцца па насычанай і даволі складанай праграме. Кожны з выкладчыкаў стараецца даць грунтоўныя веды па прадмеце, які выкладае. Дадаткова вывучаем англійскую мову. Працуем з камп’ютарамі, з іншай сучаснай тэхнікай, якая актыўна прымяняецца ў радыёэлектроннай разведцы. Шмат увагі ўдзяляецца баявой і фізічнай падрыхтоўцы. Усе выкладчыкі – людзі з высокімі ў нядаўнім мінулым пасадамі, званнямі, з багатым вопытам як службы, так і жыцця. Усім, што ведаюць самі, шчодра дзеляцца з намі. На ўласным вопыце пераканаўся, што акадэмія дае будучым афіцэрам не толькі грунтоўныя веды, але і ўменне аператыўна і эфектыўна выконваць дадзеныя загады, фарміруе навыкі работы ў калектыве.

Расказаў Іван, што ў 2023 годзе закончыў Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь мядзяльчанін Уладзіслаў Ткачэнка. Зараз нясе службу ў адной з воінскіх часцей. Калі вучыліся ў акадэміі, даволі часта сустракаліся. Яго падтрымка, парады былі асабліва карыснымі на першым часе. Ды і пазней ніколі не былі лішнімі.

У Івана Дуровіча інжынерная спецыяльнасць. Авалодванне ёю патрабуе глыбокіх ведаў, а таксама ўважлівасці, вытрымкі і цярпення. А яшчэ ён – будучы камандзір, якому давядзецца адказваць і за сябе, і за сваіх падначаленых. І, найперш, за аператыўнае, дасканалае і граматнае выкананне пастаўленых задач. Але хлопец упэўнены, што ў яго ўсё атрымаецца.

– Чым больш часу аддзяляе мяне ад паступлення ў акадэмію, тым яскравей усведамляю, што з прафесіяй не памыліўся. Што гэта сапраўды маё, – сцвярджае Іван Дуровіч. – Абараняць Радзіму, сваіх блізкіх – вельмі высакародна і ганарова.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота забяспечана Іванам ДУРОВІЧАМ

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59