Узнали, о чем мечтает бывший лесничий Константиновского лесничества
За плячыма Аляксандра КАВАЛЕНІ дзесяцігоддзі працы ў лясной гаспадарцы. Пераважна – у Канстанцінаўскім лясніцтве, у тым ліку на пасадзе ляснічага. Пра тое, што працаваў ён сумленна і адказна, сведчаць шматлікія ўзнагароды.
За размовай з Аляксандрам Аляксандравічам час ляціць незаўважна. Выключаючы дыктафон, са здзіўленнем заўважаю, што прагаварылі больш за дзве з паловай гадзіны. З гэтай гутаркі можна б напісаць некалькі артыкулаў: пра тое, як змянялася лясная гаспадарка і прыродаахоўная дзейнасць на працягу амаль паловы стагоддзя; пра адданых справе работнікаў Нацпарку «Нарачанскі»; пра Блакітныя азёры і Залатую Горку. Ды і думкі Аляксандра Аляксандравіча пра сітуацыю ў краіне і свеце вартыя, каб пазнаёміць з імі чытача. Але ж гэтым разам мая мэта – расказаць вам, як жывецца былому кіраўніку на заслужаным адпачынку.
– Пра кіраўнікоў, вялікіх і маленькіх, напісана нямала, – канстатуе Аляксандр Каваленя. – А вось тыя, хто ўвесь час знаходзіцца побач з імі, заўсёды падстаўляе плячо, звычайна застаюцца па-за ўвагай журналістаў. Хоць невядома яшчэ, ці дасягнуў бы той кіраўнік хоць чаго-небудзь без такой падтрымкі. Я вельмі ўдзячны сваёй жонцы Раісе Пятроўне. Усе мае поспехі – гэта яе поспехі. Мы разам скончылі Полацкі лясны тэхнікум, пажаніліся на апошнім курсе. Год папрацавалі на Астравеччыне, у 1975-м перайшлі ў Канстанцінаўскае лясніцтва. Раіса Пятроўна ўладкавалася ў Мядзельскі лясгас (тады ж яшчэ не было Нацпарку) у 20 гадоў і сумленна адпрацавала на розных пасадах да 62. І дома на ёй усё трымалася: у нас жа дзеці былі, гаспадарка. А я іншы раз і ў дзесяць гадзін вечара з працы вяртаўся.
– Вы доўга працавалі на пенсіі, і вось ужо не адзін год годкарыстаецеся ўсімі перавагамі жыцця на заслужаным адпачынку. Як цяпер праходзяць вашы дні?
– Як сеў дома, першыя паўгода не мог знайсці сабе месца. Але пакрыху прызвычаіўся. Шмат чытаю, прычым самых розных аўтараў. У нашай хатняй бібліятэцы больш за 500 тамоў. Кнігі Пікуля, Вароніна, Нязнанскага проста глытаю. Па гаспадарцы жонцы стараюся дапамагчы, каб хоць крыху аддзячыць за тое, што яна ўсе гэтыя гады рабіла і робіць для сям’і.
У маёй Раісы Пятроўны хобі – грыбы, лес. Я ж цяпер на доўгія дыстанцыі не хаджу: на абедзвюх нагах зроблены аперацыі па замене суставаў. На рыбу ніколі і не цягнула. Ёсць мара – з’ездзіць на малую радзіму. Гэта ў Бераставіцкім раёне, ля самай мяжы з Польшчай. І схадзіць у той лес, які садзіў вучнем чацвёртага класа, каб зарабіць на падручнікі.
– Не сакрэт: шмат хто чакае, каб яго прафесійным святам хутчэй стаў Дзень пажылых людзей. Іншыя, наадварот, доўга працуюць на пенсіі. Што параіце з вышыні свайго вопыту? Ці варта сыходзіць з працы адразу ж, як толькі наступіць пенсіённы ўзрост?
– Калі адчуваеце, што яшчэ затрабаваны, што ёсць сілы, што дазваляе здароўе, – ні ў якім разе ні кідайце працу! Нездарма ж наш Прэзідэнт кажа: «Калі чалавек жадае працаваць, трэба даць яму такую магчымасць». Тут жа справа не толькі ў тым, што лішні рубель заробіш. Сапраўды, усе – абсалютна ўсе! – гавораць: «Хутчэй бы на пенсію». Але так кажуць, пакуль да гэтай мяжы яшчэ далёка. А як набліжаешся да яе , задумаешся: «Што ж я буду рабіць на пенсіі?» Калі ёсць жаданне працаваць, прыносіць людзям карысць – трэба працаваць. А вось заставацца абы адбыць – думаю, не варта.
Наталля ЛІСІЦКАЯ
Фота аўтара
Рекомендуем