Более ста наград вручили работникам сельского хозяйства и переработки на районном празднике
Сёння адбылося раённае свята да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

Удзельнікаў прывітаў старшыня райвыканкама Аляксандр Прановіч.
— Вы працуеце ў адной з найважнейшых галін нацыянальнай эканомікі, ствараючы ўмовы для эканамічнай стабільнасці і харчовай бяспекі нашай дзяржавы. Ваша адданасць роднай зямлі, беражлівыя адносіны да прыродных багаццяў Беларусі, прафесіяналізм і самаадача заслугоўваюць прызнання і шчырай пашаны.
Аляксандр Прановіч расказаў, што сёлета аграрыі раёна дасягнулі станоўчай дынамікі ў параўнанні з папярэднім годам. Так, валавы збор збожжа і зернебабовых культур у бункернай вазе склаў 29 738 т (+17,8%) при ураджайнасці 30,8 ц/га. Валавая вытворчасць малака за 9 месяцаў – 26 тыс. т (105,8 %), сярэдні надой ад каровы – 3 899 кг (+301 кг). Найлепшых вынікаў на жніве дасягнулі “Сваткі” (дырэктар Алена Лозанюк), сельгасфіліял “Мінскаблаграсэрвісу” (Андрэй Давыдзенка) і “Свір-агра” (Віктар Субач). Сярод камбайнераў – Іван Сурвіла з “Занарачанскага”, сярод вадзіцеляў – Генадзь Бандаронак з сельгасфіліяла “Мінскаблаграсэрвісу”. Сярод моладзі – камбайнер Ігар Садоўскі з “Вузлянкі” і вадзіцель Кірыл Селюкоў з “Занарачанскага”.
Ёсць набыткі і ў галіне перапрацоўкі. Пасля рэканструкцыі галоўнага вытворчага корпусу з мадэрнізацыяй лініі па вытворчасці сыру з блакітнай цвіллю на Нарацкім вытворчым участку Мінскага малочнага завода №1 выпуск гатовай прадукцыі павялічыўся на 30 т штомесяц, новая лінія нарэзкі і ўпакоўкі дазваляе пастаўляць на рынак больш канкурэнтны тавар. З’явіўся фірменны магазін, развіваецца прамысловы турызм. На “Вінакурні Нарач” тэмп росту аб’ёму вытворчасці за 9 месяцаў склаў 146,5%, калектыў працуе над выпускам новых відаў прадукцыі, у тым ліку ў сувенірным выкананні. УП “Ілаўскае” нарыхтавала 47 т бярозавага соку, 1334 т яблыкаў (у тым ліку 65 т – на кансервавую прадукцыю). Назапашаны таксама маліны, чорныя і чырвоныя парэчкі, вішні, агрэст. “Беласептыка” рэалізуе інавацыйны праект па вытворчасці фармацэўтычнай субстанцыі “Валер’ян лекавы”. Культывуе 16 відаў лекавых раслін, сёлета на эксперыментальнай аснове праводзіла вытворчую сушку пяці найменняў ягад для стварэння новых відаў чайнай прадукцыі. Абуладкаваны вытворчы ўчастак у Шымках, створаны новыя працоўныя месцы. Аб’ём інвестыцый за 9 месяцаў склаў 2,3 млн. рублёў.
Аляксандр Прановіч уручыў узнагароды. Ганаровай граматай райвыканкама адзначаны генеральны дырэктар “Мінскаблаграсэрвісу” Аляксандр Малееў.

Былі названы гаспадаркі, што сталі пераможцамі раённага спаборніцтва ў сваіх групах – адпаведныя пасведчанні старшыня райвыканкама ўручыў дырэктарам. На вяснова-палявых работах найлепшыя вынікі ў сельгасфіліяла “Мінскаблаграсэрвісу” і “Дзягіляў”. На жніве першае месца ў “Сватак”, другое – у сельгасфіліяла “Мінскаблаграсэрвісу”, трэцяе – у “Свір-агра”. У жывёлагодоўлі на першым месцы “Нарачанская Ніва 2004”, на другім – сельгасфіліял “Мінскаблаграсэрвісу”, на трэцім – “Вузлянка”. На корманарыхтоўцы найлепшы вынік ў “Нарачанскай Нівы 2004”, на другой пазіцыі – сельгасфіліял “Мінскаблаграсэрвісу”, на трэцяй – “Дзягілі”. Падзякі старшыні райвыканкама атрымалі брыгадзір малочна-таварнага комплексу “Занарачанскага” Іван Грышкевіч, трактарыст “Беласептыкі” Дзмітрый Качарго, намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях “Вінакурні Нарач” Дзмітрый Марцінкевіч, ветурач-рыдыёлаг райветстанцыі Сяргей Маскоў, намеснік начальніка райветстанцыі Ганна Радзевіч, галоўны механік “Вінакурні Нарач” Мікалай Стома, галоўны інжынер УП “Ілаўскае” Аляксандр Талайка і вядучы механік Нарацкага ўчастка Мінскага малочнага завода №1 Віталь Харэвіч. Падзякі аб’яўлены васьмі работнікам несельскагаспадарчых арганізацый і ветэранам працы, якія ўдзельнічалі ў жніве.
Эстафету віншаванняў і ўзнагарод пераняў намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Уладзімір Капусцін. Ганаровую грамату Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду галіновага міністэрства атрымаў начальнік райветстанцыі Дзмітрый Алексіевіч.

Падзякі старшыні аблвыканкама – аператар машыннага даення “Вузлянкі” Вольга Гарошка, трактарысты-машыністы Міхаіл Крамок (сельгасфіліял “Мінскаблаграсэрвісу”) і Іван Сурвіла (“Занарачанскі”), начальнік вытворчага сектара Нарачанскага філіяла Мінскага малочнага завода №1 Ірына Янкоўская.
Наступным віншаваў аграрыяў першы намеснік старшыні райвыканкама-начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Андрэй Марозаў. Ён узнагародзіў тых, хто вызначыўся на пасяўной, корманарыхтоўцы і жніве, у жывёлагадоўлі. Усяго ўручыў 60 дыпломаў. Ну а сёлетнім маладым спецыялістам (а гэта дзевяць дзяўчат і адзін хлопец) былі падарункі. Уручылі іх і ветэранам галіны.
Шэраг работнікаў адзначаны ўзнагародамі абкама і райкама галіновага прафсаюза. Іх уручыў намеснік старшыні абласной арганізацыі Аляксандр Юрчык.
Арганічнай часткай свята стаў канцэрт. На сцэну выйшлі мясцовыя артысты і арт-гурт “Багач”.
Наталля ЛІСІЦКАЯ
Фота Аляксандра ВЫСОЦКАГА

























Рекомендуем