Меню

Ураджайны сезон выдаўся ў «Скарбніцы»

Ураджайны сезон выдаўся ў «Скарбніцы»

Значныя ўзнагароды атрымаў за апошнія месяцы народны ансамбль народнай песні «Скарбніца» Мядзельскага раённага Цэнтра культуры. Гэта дыпломы другой ступені на «Браслаўскіх зарніцах», «Пеўчым полі» і «Лідскім хор-фэсце» (апошні конкурс праходзіў у Дзень беларускага пісьменства). Таму ў прафесійнае свята работнікаў культуры мая суразмоўніца – кіраўнік калектыву Святлана СЕРАФІМОВІЧ.

Святлана Пятроўна, вы ж не мясцовая?

– Не. На Мядзельшчыне толькі тры гады. А ў культуры працую ўжо 34. Паралельна займалася з дзецьмі, у мяне вышэйшая катэгорыя педагога дадатковай адукацыі. Яны потым пераходзілі ў дарослы калектыў. У Жлобіне ў мяне быў фальклорны калектыў «Ярыца», у 1999 годзе мы абаранілі найменне «народны». Кіравала ім да 2016 года. Гэта вядомы калектыў, з перамогамі на конкурсах, з міжнароднымі паездкамі. У 2016-м я сышла з культуры ў адукацыю (таксама ў Жлобіне), паралельна працавала ў Палацы культуры металургаў. Потым вырашылі пераехаць сюды. У курортнай зоне не збіралася працаваць у культуры. Думала сысці ад сцэнічнага шуму ў які-небудзь санаторый, пажыць спакойна. Але іду па Мядзеле, бачу па навігатары – аддзел культуры. Дай, думаю, зайду пацікавіцца. Не працы шукала, думала проста ўдзельнічаць у якім-небудзь калектыве: спяваць жа хочацца. Са мной ветліва пагутарылі і ўзялі нумар тэлефона. Назаўтра патэлефанавалі: «Вы не можаце ў Нарацкі Цэнтр культуры і вольнага часу падысці?» Пайшла. І загадчыца Таццяна Грэлік мяне сагітавала працаваць хормайстрам. Аказваецца, напярэдадні я размаўляла з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вячаславам Пятровічам Клімовічам.

Стала працаваць хармайстрам. Потым пачалі казаць, што народны калектыў «Скарбніца» застаўся без кіраўніка. Але рашылася я не адразу, бо на на рэпетыцыі трэба ездзіць у Мядзел. Працую ж у курортным пасёлку, жыву ў Малой Сырмежы… Акампаніятар Віктар Назаранка пры кожнай сустрэчы пытаўся: «Ну, ты падумала?»

А калі згадзіліся, адразу ўсё атрымалася?

– Не. З ранейшага складу «Скарбніцы» прыйшлі толькі два чалавекі. Ездзіла я ў Мядзел, ездзіла… А ў адзін цудоўны дзень тагачасны кіраўнік раённага Цэнтра культуры Тамара Леанідаўна Кардзеёнак адчыніла дзверы і кажа: «У суботу ў Пузырах канцэрт «Скарбніцы». І зачыніла дзверы. Клічу Олю Буянаву, Юлю Зубок: «Дзяўчаты, трэба зрабіць, дапамажыце!» Мой муж Тарас Панчэня таксама быў на месцы. І мы за некалькі рэпетыцый зрабілі канцэрт – першы афіцыйны ў новым складзе «Скарбніцы». Гэтыя дзяўчаты спяваюць са мной і цяпер. Юля гурткі вядзе ў Нарацкім Цэнтры культуры і вольнага часу. Гіпсам займаецца, нядаўна адкрыла гурток акцёрскага майстэрства. Таленавітая, на гітары грае, хоць і не мае спецыяльнай адукацыі. У яе прыемны тэмбр голасу. Оля працуе культарганізатарам у санаторыі «Нарач», яе на Мядзельшчыне добра ведаюць і любяць.

Ёсць і яшчэ цудоўныя артысты. Намеснік дырэктара раённага Цэнтра культуры Ганна Лукашэвіч спявае з дзяцінства, расказвала: «Мама на баяне грае, а я за нагу трымаюся». Не так даўноў калектыў прыйшла Паліна Арловіч з нашага метадычнага кабінета, у яе вельмі добры голас. Дырэктар раённага Цэнтра культуры Кацярына Віктараўна Клімовіч падказала мне: «Яна спявае, паслухайце яе». А праз тыдзень Паліна Сяргееўна ўжо выйшла на сцэну. Пра Віктара Назаранку, таленавітага кампаніятара і саліста, я ўжо казала. На конкурсах нам вельмі дапамагаюць выкладчыца Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў Кацярына Цурганава і дырэктар Вольга Клімовіч – дзякуй ім! У нас цудоўны склад, ганаруся! «Вы – мая сям’я», – кажу ім.

Ансамбль народнай песні «Скарбніца» – калектыў з багатай гісторыяй. Створаны ў 1991 годзе. У 2003-м атрымаў ганаровае найменне «народны». У розны час кіраўнікамі калектыву былі Галіна Савіцкая, Стэла Іванова, Тамара Блізнюк. З 2023 года – Святлана Серафімовіч.

Муж не раўнуе?

– Не. Тарас сам 23 гады са мной на сцэне. Хоць скончыў політэхнічны ўніверсітэт, а працуе дальнабойшчыкам. Але ўсё жыццё спявае. І бацька ў яго такі, і дзед. Бо карані паляшуцкія, з Тураўшчыны – гэта песенная зямля. Там знакамітая вёска Пагост, дзе праводзіцца абрад «Юраўскі карагод». Ён у спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. У Тарасавага дзядулі быў родны брат, яго жонка Кацярына Панчэня займалася гэтым абрадам. Была проста кладзезь фальклору, яе ведаў увесь культурны свет. Так што і ў Тараса песні на генетычным узроўні.

А вы ў сваёй сям’і – першая артыстка?

– Не. Мама заўсёды ўдзельнічала ў самадзейнасці. Спявала, рэпеціравала дома. Бывала, шые – спявае. Мы, усе пяць яе дачок, скончылі музычную школу. Адна сястра нават пайшла маім шляхам. Мая дачка, як і я, скончыла ўніверсітэт культуры, але па спецыяльнасці не працуе. Падаравала мне ўнука і ўнучку. Дзяўчынцы на гэтым тыдні пяць гадоў споўнілася – яна дакладна будзе артысткай!

Цяпер у «Скарбніцы» усе, акрамя вашага мужа, культработнікі?

– Так. Прыходзілі і іншыя людзі, але не атрымалася. У нас жа канцэрты, конкурсы – а ім трэба быць на працы. Цяжка гэта – адпрошвацца ў кіраўніцтва, ды і ад сям’і адрывацца. А культработнікі і ў працоўны час парэпеціраваць могуць, і пазней затрымацца: нашы мужы зразумеюць. З гэтым сутыкаюся ўсё жыццё. У «Ярыцы» спявалі маладыя прыгожыя дзяўчаты – склад заўсёды адпавядаў назве (ярыца – гэта маладыя парасткі жыта). Толькі выгадуеш дзіця, возьмеш у дарослы калектыў – праз год-два выйдзе замуж, зацяжарае. Потым мужы не адпускаюць. Цякучка кадраў была пастаянна.

Склад «Скарбніцы» змяніўся, а касцюмы? Новыя шылі ці ранейшыя падышлі?

– Ранейшыя носім. Але яны, лічы, новыя: іх пашылі ў той год, як у Мядзеле былі абласныя «Дажынкі». Выглядаюць гарманічна, толькі галаўныя ўборы мне не спадабаліся – сама зрабіла новыя. Дзе бываем, усе хваляць нашы строі, людзі з намі фатаграфуюцца. А ўвогуле гэта касцюмы акадэмічна-сцэнічныя, збіраюся пашыць і больш фальклорнага плану.

Што яшчэ ў планах?

– Зрабіць поўнасцю сваю канцэртную праграму: рэпертуар мы напрацавалі. Пакуль жа выступалі пераважна з асобнымі нумарамі на святочных канцэртах.

Наталля ЛІСІЦКАЯ

Фота забяспечыла Святлана СЕРАФІМОВІЧ

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59