«Пакінь хату адчыненую – ніхто нічога не возьме». На свяце ў Сурвілах прызнаваліся ў любові да сваёй вёскі і землякоў
У нядзелю, 4 жніўня, людзей у Сурвілах было ўтрая больш, чым жыве пастаянна: там ладзілася свята вёскі.
Сабраліся ўсе на падворку Галіны Вяршылы: у населеным пункце няма ўстановы культуры. Музычным падарункам гасціннай гаспадыні стала песня «Галіна».
Добрыя словы пра вёску і яе жыхароў гучалі з імправізаванай сцэны. Асобна ўшанавалі Ганну Батуру, у якой сёлета юбілейны дзень нараджэння. А таксама сям’ю Генадзя і Ірыны Кумішчаў, якія летась адзначылі 35 год сумеснага жыцця. І Генадзя ды Наталлю Вяршылаў, для якіх апошні летні месяц багаты на святы. Па-першае, 2 жніўня нарадзілася дачка Аляксандра. Па-другое, гэты дзень для іх святочны яшчэ і таму, што галава сям’і служыў у паветрана-дэсантных войсках. Ну а па-трэцяе, 29 год таму 5 жніўня для Генадзя і Наталлі прагучаў марш Мендэльсона.
Узгадалі арганізатары і найстарэйшага жыхара вёскі – Івана Антонавіча Сурвілу, які зараз жыве ў дачкі ў Заслаўі. Гэта ветэран Вялікай Айчыннай вайны, дайшоў да Берліна. У маі яму споўнілася 103 гады!
– Хоць ён не прысутнічае на сённяшнім свяце, хочацца, каб ведаў, што аднавяскоўцы памятаюць яго, любяць і жадаюць яму моцнага здароўя, – зазначыла вядучая.
…Свята падрыхтавалі загадчык Старлыгскага Дома культуры Вольга Іватовіч і культарганізатар Анастасія Вяршыла пры актыўным удзеле юных артыстаў. А гэта Дар’я Радутка, Сняжана Радутка, Аліна Кіслая, Сафія Вяршыла, Сафія Сурвіла, Кацярына Сурвіла, Мілана Худая і Іван Вяршыла. Вельмі да месца прыйшліся таксама песні ў выкананні загадчыка Свірскага Дома культуры Валянціна Мацясовіча ікультарганізатара санаторыя «Нарач» Вольгі Буянавай.
Расказвае Наталля ВЯРШЫЛА, жыхарка к. п. Нарач:
– Апошні раз свята вёскі было тут 14 год таму. Многіх яго ўдзельнікаў ужо няма на свеце, цяпер мы ў ліку старэйшых. Тут хата, дзе жылі мае прадзед і дзед. Потым 20 год – мы, пакуль не пабудавалі кватэру ў курортным пасёлку. Апошні, хто нарадзіўся ў Сурвілах – наш сын Рыгор, у першы і другі класы ён хадзіў у Старлыгскую школу. А ўжо другакурснік!
Кожнае лета праводзім тут. Калі на працы пытаюцца, на якіх морах была ў водпуску, адказваю: «На Сурвілскіх!» Людзі ў нашай вёсцы дружныя, добрыя, шчырыя. Пакінь хату адчыненую – ніхто нічога не возьме.
Наталля ЛІСІЦКАЯ
На здымку: Падарункі ад раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» атрымалі Генадзь і Ірына Кумішчы і Ганна Батура
Фота Вольгі ІВАТОВІЧ