Меню

«Пока не случилось беды!» Вот что беспокоит жителей Кривичей

«Пока не случилось беды!» Вот что беспокоит жителей Кривичей

Палеміка ў чаце Крывіцкага сельсавета пачалася з паведамлення: «Бацькі!! Звярніце ўвагу на сваіх дзяцей, чым яны займаюцца ў гандлёвым цэнтры, пакуль не здарылася бяды. Пабіта шкло, вырваны дзверы!!!»

І адразу – шквал водгукаў:  

— Ужываюць спіртныя напоі і кураць. І няўжо школа гэтага не бачыць і мясцовая ўлада;

— Вы лепш спытайце, дзе яны бяруць спіртныя напоі і цыгарэты;

— Я не думаю, што дзеці ў 12 гадоў ужываюць алкаголь. Я вельмі часта бачу, як дзеці гуляюць там у мяч;

— Прабачце, дзецям на школьным стадыёне гуляць нельга. На гандлёвіку нельга, на пляцоўцы нельга, перашкаджаюць суседзям. Ну нельга стрыгчы ўсіх пад адзін грэбень. Дзе ім гуляць?

— У мяч дзеці павінны гуляць, але ніяк не каля былога гандлёвага цэнтра;

— А шкло само сабой разбіваецца;

— Яшчэ на тэрыторыі гандлёвага цэнтра назіраецаа поўная антысанітарыя, што таксамам небяспечна для дзяцей і жыхароў цэнтра. Будынак знаходзіцца ў цэнтры пасёлка, ля храма, які мае значэнне, і такія адносіны з боку жыллёва-камунальнай гаспадаркі і пасялковага Савета недапушчальныя. Бо ў будынка ёсць уласнік, які абавязаны ўтрымліваць будынак і тэрыторыю ў належным стане. Кантроль за выкананнем уласнікам умоў эксплуатацыі і ўтрымання будынка знаходзіцца ў кампетэнцыі пасялковага Савета. У выпадку траўматызму хто будзе крайні?

А тады палеміка перацякла ў заклік «па ўсіх набалелых пытаннях звяртацца непасрэдна ў райвыканкам». У адказ яшчэ адзін удзельнік чата напісаў:

— У вас у Крывічах яшчэ ідэальны парадак і чысціня. Усё акуратна і больш-менш прэзентабельна для вёсачкі на 600 жыхароў. <…> Ці не пара замест часання языкамі выйсці і арганізаваць дзень вёскі, суботнічак які зрабіць і прыбраць? А «антысанітарыя» на магазіне адкуль узялася? Можа, ад пацанчыкаў чоткіх на мапедах (нечыіх дзяцей і ўнукаў)? Ці гэта старшыня прыйшла наплявала?..

У адказ – новы шквал меркаванняў. І пра тое, што Крывічы – не вёсачка, а гарадскі пасёлак, і пра тое, колькі там людзей жыве на самай справе. Былі і тыя, хто падтрымаў ідэю правесці суботнік (і ўзяць на яго дзяцей). Не ўсе допісы можна працытаваць: дзесьці мае месца пераход на асобы, а дзесьці – словы, якія хоць і не з’яўляюцца ў поўным сэнсе ненарматыўнымі, але пісаць іх у газеце дакладна не варта.

Тым больш што куды важней іншае. Дзеці сапраўды бавяць час у будынку былога гандлёвага цэнтра? І ці праўда, што ўваход на школьны стадыён ім забаронены?

Звярнуліся ў Мядзельскае райспажыўтаварыства, на балансе якога знаходзіцца былы гандлёвы цэнтр.

— Частку будынка мы здаём у арэнду, – расказала старшыня праўлення Алена Колбун. ­– А частка не эксплуатуецца. Так, там збіраецца моладзь, смеціць. ­А за будынкам, наколькі магу меркаваць, выпіваюць дарослыя. У пятніцу мы туды з’ездзілі – забілі дзверы, сабралі смецце, абкасілі. І перыядычна так робім, але сітуацыя паўтараецца. Хацелася б, каб крывічане паважалі нашу працу. І ўсё ж сачылі, чым заняты іх дзеці.

А што са школьным стадыёнам? Сапраўды ўваход на яго забаронены?

— Гэта абсалютна не так, – адказала дырэктар школы Інэса Лётка. – Дзеці штодня, калі дазваляе надвор’е, бываюць на валейбольнай і баскетбольнай пляцоўках. Скажам, пазаўчора там было чалавек 20-30. Уваход забаронены толькі на футбольнае поле, дзе зараз ідзе рамонт бегавых дарожак, працуе тэхніка. Але ж рамонт доўжыцца толькі пару тыдняў, да гэтага дзеці мелі доступ да ўсяго стадыёна.

Наталля ЛІСІЦКАЯ

Фота жыхаркі Крывічоў

Р. S. Шаноўныя бацькі! Ці не пара  звярнуць увагу, як і дзе вашы дзеці бавяць вольны час? Пакуль, не дай бог, не здарылася бяды. Ці (што непараўнальна лепш, але таксама малапрыемна) пакуль міліцыя не пачала высвятляць, хто што пабіў і ці сапраўды піў ды курыў.

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59