Состоялся торжественный ритуал чествования государственных символов Республики Беларусь

Сёння ля помніка партызанам і партызанкам зямлі Нарачанскай адбыўся ўрачысты рытуал уганаравання дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь.
Палотнішча Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і выяву дзяржаўнага Герба Рэспублікі Беларусь урачыста выносяць на каскад прыступак прадстаўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях і раённага ваеннага камісарыята. У гэты час вядучая расказвае, што ўвасабляюць дзяржаўныя сімвалы.
Права ўзняць Дзяржаўны сцяг даецца мядзельскім гімназістам Кацярыне Петруковіч і Мацвею Валюку. Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.
З Днём Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь віншуе прысутных старшыня райвыканкама Аляксандр Прановіч.

– У дзяржаўных сімвалах увасоблена сутнасць нацыянальнай ідэі нашага народа, – падкрэслівае ён. – Гэта, з аднаго боку, гістарычнае імкненне беларусаў да стварэння сваёй суверэннай і незалежнай дзяржавы. А з другога – гатоўнасць стваральнай працай умацоўваць і развіваць несумненныя сацыяльна-эканамічныя дасягненні папярэдніх пакаленняў. Наша Радзіма прайшла складаны, шматвекавы шлях да сваёй дзяржаўнасці. Незалежнасць з’яўляецца свяшчэнным заваяваннем, грамадзянскім гонарам, вынікам вялікай працы – і ў той жа час вялікіх страт. Гэты шлях адлюстраваны ў Дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь. Яны яднаюць усё самае дарагое, што ў нас ёсць: гераічныя подзвігі продкаў, дасягненні сённяшняга пакалення і тыя вышыні, якія нам і нашым спадкаемцам яшчэ трэба дасягнуць. Сёння беларускія герб і сцяг абуджаюць пачуццё гонару за краіну ў кожнага сапраўднага патрыёта і сведчаць, што мы – грамадзяне стабільнай і квітнеючай краіны. У гэтых сімвалах – вялікі сакральны сэнс і аснова нашай самаідэнтычнасці. Няхай гэта свята ўмацуе ў беларусаў пачуццё асабістай адказнасці за краіну і гатоўнасць старанна працаваць дзеля росквіту роднай Беларусі. Няхай гэтыя найвялікшыя нацыянальныя каштоўнасці асвятляюць самыя важныя падзеі жыцця, напаўняючы сэрцы высокімі пачуццямі любові да Айчыны. Моцнага здароўя ўсім, дабрабыту, поспехаў ва ўсіх пачынаннях, міру і дабра!
Слова мае намеснік старшыні Маладзёжнага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў Віктар Клімовіч. Ён зазначае, што моладзь – апора і надзея краіны, і заклікае маладых людзей быць вартымі дзяржаўных сімвалаў.
У выкананні народнага ансамбля «Натхненне» гучыць песня «Это Беларусь – страна моя».
Ад імя маладога пакалення Клятву вернасці дзяржаўным сімвалам Рэспублікі Беларусь прыносяць вучні мядзельскіх гімназіі і СШ №2.
– Мы, прадстаўнікі маладога пакалення, – разносіцца над возерам, – якое выхавана ў традыцыях павагі да гераічнага мінулага і подзвігаў продкаў, якое думкамі, пачуццямі і справамі даказвае вернасць Бацькаўшчыне, якое з гонарам бярэ на сябе адказнасць за будучыню Беларусі, клянёмся ў вернасці Дзяржаўнаму сцягу, дзяржаўнаму гербу і Дзяржаўнаму гімну Рэспублікі Беларусь і нашай Радзіме, якую яны сімвалізуюць. Клянёмся быць годнымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, захоўваць мір і згоду на беларускай зямлі і, калі спатрэбіцца, абараняць яе гэтак жа годна і самааддана, як нашы прадзеды ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Клянёмся! Клянёмся назаўжды захаваць словы гэтай свяшчэннай клятвы ў сэрцы, усё жыццё быць сапраўднымі патрыётамі Беларусі і перадаць любоў да Радзімы сваім нашчадкам. Клянёмся!
Песню «Сердце земли моей» выконвае Святлана Серафімовіч.
… Мінула 80 гадоў з Дня Перамогі, але час не мае ўлады над людской памяццю. Да велічнай стэлы ўскладаюць вянок і гірлянду. Пасля памяць загінуўшых ушаноўваюць хвілінай маўчання.
– Няхай у нашых сэрцах заўсёды жыве пачуццё гонару і асабістай адказнасці за родны край, – кажа вядучая. – Няхай мір і дабро заўсёды бяруць верх на нашай роднай зямлі.
Гучыць песня «Синий край» у выкананні Вікторыі Багінскай. А завяршае ўрачысты рытуал фанфара «Радзіма мая дарагая».


















Наталля ЛІСІЦКАЯ Фота і відэа Аляксандра ВЫСОЦКАГА
Рекомендуем





