Меню

У раённым цэнтры культуры ўшанавалі заслужаную зямлячку Стэлу Іванову

У раённым цэнтры культуры ўшанавалі заслужаную зямлячку Стэлу Іванову

Сёння ў нашай славутай зямлячкі – лаўрэата прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Стэлы ІВАНОВАЙ – дзень нараджэння. Прысвечаная ёй вечарына называлася «Стэла і яе “Верасень”».

ПРА ІМПРЭЗУ

У назве адсылка зусім не да першага восеньскага месяца. «Верасень» – гэта народны клуб аматараў песні, які заснавала і якім яшчэ зусім нядаўна кіравала Стэла Іванова. Кожны тыдзень дабіралася на рэпетыцыі з Мінска рэйсавым аўтобусам. Аснову праграмы склала выступленне «Верасня». Менавіта гэты калектыў і падрыхтаваў вечарыну.

Праграму ўдала дапоўнілі песні ў іншым выкананні.

Віншаванні, кветкі ды падарункі заслужанай зямлячцы падрыхтавалі, вядома, не толькі «вераснёўцы». Падымаліся на сцэну таксама прадстаўнікі ансамбля «Натхнення» і ранейшага складу «Скарбніцы», старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Уладзімір Валасевіч, новы кіраўнік «Верасня» Святлана Серафімовіч, дырэктар раённага Цэнтра культуры Кацярына Клімовіч, намеснік дырэктара цэнтральнай раённай бібліятэкі Ганна Падгол.

ПРА ВІНОЎНІЦУ ЎРАЧЫСТАСЦІ

Нарадзілася Стэла Таразевіч трэцяй пасляваеннай восенню ў нашым раёне, у вёсцы Слабада (цяперашні аграгарадок). Яе матуля працавала тэхработніцай у школе, тата – брыгадзірам калгаснай будаўнічай брыгады. У сям’і было пяцёра дзяцей…

Пасля школы дзяўчына паступіла Гомельскае музычна-педагагічнае вучылішча. Гэтаму папярэднічала выпадковая сустрэча  з загадчыкам раённага аддзела культуры Уладзімірам Казакевічам. Ён пачуў, як дзяўчына грала на гармоніку, і параіў вучыцца.

Пасля вучылішча Стэла Станіславаўна выкладала спевы ў Мядзельскай сярэдняй школе, баян і сальфеджыо – у музычнай. І заўсёды была на сцэне. Харавыя калектывы малодшых, сярэдніх і старэйшых класаў, хор настаўнікаў сярэдняй школы, агітбрыгада школьнікаў «Рамантыкі», раённы Дом культуры… У 1967 і 1968 гадах арганізаваны ёю агітпоезд з канцэртамі аб’ехаў усе калгасы раёна.

Завочна Стэла Станіславаўна скончыла Ленінградскі дзяржаўны інстытут культуры імя Крупскай. Гэта моцна паўплывала на станаўленне асобы.

У 24 гады Стэлу Станіславаўну прызначылі дырэктарам Крывіцкай музычнай школы. У якой неўзабаве з’явіліся дзіцячы хор, духавы аркестр і аркестр народных інструментаў. Стэла Станіславаўна пачала кіраваць хорам калектывам другой раённай бальніцы – і яму надалі ганаровае найменне «народны».

Напрыканцы 1983-га Стэлу Станіславаўну перавялі на пасаду дырэктара абласнога Цэнтра народнай творчасці. За час яе працы – а гэта амаль 20 гадоў! – у вобласці адкрыліся Дамы майстроў, народнай творчасці, фальклору… Стала праводзіцца шмат цікавых свят і фестываляў. У тым ліку – наша «Пеўчае поле».

У 1997 годзе Стэла Іванова ўзнагароджана прэміяй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Падрабязней пра вечарыну – у адным з бліжэйшых нумароў «Нарачанскай зары».

Наталля ЛІСІЦКАЯ, фота і відэа аўтара

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59