Меню

Свята са слязамі на вачах. Пра вайну ў лёсе сваіх сем’яў гавораць жыхары Мядзельшчыны

Пра вайну ў лёсе сваіх сем’яў расказваюць удзельнікі мітынгу на мядзельскай плошчы Шаранговіча.

З кветкамі і партрэтам ветэрана прыйшла на мітынг старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Чарняўская.

– На фота мой тата Анатоль Міхайлавіч Чарняўскі, – расказвае. – Быў камандзірам аддзялення. Прызвалі яго з Рагачоўскага горна-абагачальнага тэхнікума, дзе вучыўся. Яму тады быў толькі 21 год. З 11 ліпеня 1941-га – на фронце. Трапіў у палон пад Харкавам. Было вельмі цяжка. А пасля вайны яго за тое, што быў у палоне, пазбавілі звання і саслалі на Урал. Потым мы вярнуліся ў Мядзельскі раён – на татаву малую радзіму (ён быў родам з вёскі Круці). На яго малой радзіме жыву і я. Усіх са святам!

* * *

Вучаніца Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі Маша Купрэвіч падзялілася:

– Я ўжо трэці год уручаю на раённым мітынгу кветкі ветэрану. Мой прадзядуля Анатоль Георгіевіч Чараповіч з вёскі Мікольцы таксама ваяваў. Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе яго прызвалі ў Чырвоную Армію. Быў кулямётчыкам. Дайшоў да Кёнігзберга, там быў паранены ў левую руку. Лячыўся ў шпіталі, пасля да 1951 года служыў у Слуцку. Вельмі ганаруся прадзядулем, бо ён вызваляў нашу Радзіму.

* * *

З партрэтам мужчыны ў вайсковай форме прыйшла на мітынг вядучы спецыяліст ваеннага камісарыята раёна Людміла Крэміс. Расказала:

– Гэта мой дзядуля – Сцяпан Ігнацьевіч Малько з вёскі Кузьмічы. Яго прызвалі ў Войска Польскае – да таго, як Заходняя Беларусь уз’ядналася з БССР. Прайшоў усю вайну, ваяваў у знакамітым корпусе генерала Андэрса. Дзякуй Богу, з вайны вярнуўся. Мне не пашчасціла ўбачыць дзеда, бо жыў далёка (у Іркуцкай вобласці) і пайшоў з жыцця перш, чым мы маглі б сустрэцца. Але заўсёды на Дзень Перамогі ён разам з намі ідзе ў святочнай калоне.

* * *

Увагу прыцягвае мужчына ў будзёнаўцы з чырвонай зоркай. Побач з ім – жанчына з бутаньеркай у выглядзе яблыневай кветкі на чырвона-зялёнай стужачцы. Знаёмімся.

Вадим, внук фронтовика, – кажа мужчына. – Мой дед Кирилл воевал на Дальневосточном фронте, сдерживал японцев. С войны пришел в 1947 году.

Яна Игоревна, – прадстаўляецца Вадзімава спадарожніца. – Я вообще-то рижанка. У меня бабушка блокадница, ей сейчас 94 года. Рассказывала, как они там выживали. Как их потом вывозили в Краснодарский край, ехали целый месяц. Когда везли по Ладоге, фашисты бомбили с неба. Грузовик перед ними под лед ушел – со стариками, с детьми. А мой прадед, бабушкин отец Иван, погиб в 1941 году, в самом начале войны. Снаряд попал прямо в телегу, на которой он развозил провиант. Бабушкин братик в двухлетнем возрасте умер от голода. Мы теперь живем в Нарочи. У меня сердце кровью обливается, что в Латвии сейчас русофобия. Что моя бабушка даже не может возложить цветы к памятнику советским солдатам, потому что его снесли, а возложение цветов карается законом. Мужчине грозит до шести лет тюрьмы за то, что возложил цветы к памятнику, которого больше не существует, который снесли. Мне очень больно. Европа страдает амнезией, неблагодарные. У руля там сейчас стоят потомки тех самых фашистов, против которых сражались наши прадеды. Это праздник действительно со слезами на глазах.

* * *

Уладзімір Паршута і яго матуля Ганна прыехалі на святкаванне Дня Перамогі з Раманаўшчыны.

– Тут і ўнучка мая Васіліса, і дачка Алена, – кажа Ганна Андрэеўна. – На партрэце мой тата – Андрэй Максімавіч Карабейнік. Ён ваяваў на фронце, у 1945 годзе быў паранены. Лячыўся ў шпіталі, вярнуўся толькі ў 1946 годзе. Жыў у вёсцы Зані, працаваў у калгасе. Памятаем яго і бяром гэты партрэт на святкаванне Дня Перамогі. Штогод прыязджаем у Мядзел, каб прайсці ў шэсці.

Наталля ЛІСІЦКАЯ

Фота Аляксандра ВЫСОЦКАГА

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59