Орден Матери жительнице Мядельского района вручил Президент

Сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды 30 жанчынам з розных сфер дзейнасці і рэгіёнаў. Ордэн Маці з рук Кіраўніка дзяржавы атрымала і наша зямлячка – трэнер-выкладчык Спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Мядзельскага раёна Алена МЕЛЬНІЧОНАК.
– Гэта было хвалююча, урачыста, прыгожа, у дружалюбнай абстаноўцы, – падзялілася ўражаннямі ад цырымоніі ўзнагароджання Алена Уладзіміраўна. – Было вельмі прыемна, усе мы радаваліся, віншавалі адна адну. Адчувала найперш хваляванне. І адказнасць, бо трапіла ў лік тых, каму ўзнагароду ўручаў сам Прэзідэнт.
* * *

Бацькі пецярых дзяцей Яўген і Алена Мельнічонкі – карэнныя мінчане. І паводле рэгістрацыі такімі застаюцца. Фактычна ж апошнія тры гады жывуць у вёсцы Зялёнкі, што ў Нарацкім сельсавеце.
– У нас пяцёра дзяцей, – расказвае Алена. – Самаму малодшаму паўтара года, ён нарадзіўся ўжо ў Зялёнках. Цяпер я ў водпуску па доглядзе дзіцяці да трох гадоў, на працу выйшла на паўстаўкі. Муж – менеджар па продажах. Працуе ў Мінску.
– Вы або ваш муж са шматдзетнай сям’і? – выказваю здагадку.
– Не, – адказвае. – У мяне толькі адзін брат, і ў мужа таксама.
– Ведаю, што вы – майстар спорту па веславанні на байдарках і каноэ. Вялікая сям’я не перашкаджае кар’еры?
– Спартыўную кар’еру я завяршыла яшчэ да сустрэчы з будучым мужам. Пайшла на завод працаваць інструктарам па спорце – там і пазнаёміліся. Неўзабаве і пажаніліся. Да вялікай сям’і ішлі планамерна, усе нашы дзеці жаданыя і чаканыя.
АФІЦЫЙНА:
Ордэнам Мацi ўзнагароджваюцца жанчыны – грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якiя нарадзiлi i (або) выхавалi пяць i больш дзяцей ‒ грамадзян Рэспублікі Беларусь, валодаюць высокімі маральнымі якасцямі і адказнасцю ў выхаванні і доглядзе дзяцей, клопаце пра іх здароўе, развіцці, навучанні, падрыхтоўцы да грамадска карыснай працы, прывіцці ім культуры і павагі да законаў, гістарычных і нацыянальных традыцый Беларусі.
Наталля ЛІСІЦКАЯ
Фота БЕЛТА і Аляксандра Юца
Рекомендуем





