Знакомимся с воспоминания одного из участников октябрьских событий 1917 года
Пашчасціла адшукаць успаміны аднаго з удзельнікаў кастрычніцкіх падзей Іосіфа СВІТЫ, якімі жыхар вёскі Уздрыгалавічы дзяліўся з чытачамі раённага перыядычнага выдання напярэдадні свята ў 1977 годзе. Літаральна праз два гады Іосіф Іванавіч пайшоў з жыцця. І хоць гэтага чалавека даўно няма сярод нас, але ўспаміны яго пра падзеі далёкай мінуўшчыны дзякуючы раённай газеце захаваліся. Ніжэй прыводзім іх.
«Тых дзён не змоўкне слава
Мне давялося прайсці праз франты амаль усёй імперыялістычнай вайны. У 1915 годзе дзевятнаццацігадовым юнаком быў прызваны ў царскую армію. Сэнсу вайны я не разумеў, таму што быў малапісьменным селянінам, мог толькі распісацца.
Першае знаёмства з салдатамі, былымі рабочымі паступова рассеяла цёмныя думкі. Праўду аб вайне дапамог уведаць рабочы Пуцілаўскага завода Сітнікаў, які разам ваяваў. Усё больш і больш сярод салдат расла незадаволенасць вайной.
Як цяпер памятаю раніцу 25 кастрычніка. Нас паднялі раней звычайнага. Прагучала каманда: «Стройся!» Да салдат звярнуўся камісар палка, які толькі што прыбыў з Петраграда. Ён сказаў, што ўвесь 434-ы полк перайшоў на бок рэвалюцыі, і заклікаў нашу роту зрабіць тое ж самае. З вялікім хваляваннем расказваў ён таксама аб падзеях у Петраградзе.
Колькі было непаўторнай радасці, надзей. Усе бачылі хуткі канец ненавіснай вайне. Тых, каму была паабяцана свабода, зямля, доўга агітаваць не прыйшлося. Наадварот, мы самі сталі агітатарамі. Салдаты хадзілі па населеных пунктах, тлумачылі сэнс кастрычніцкіх падзей. Нам у рабоце неацэннай дапамогай былі бальшавіцкія газеты. Адну з іх, дзе змешчаны партрэт правадыра рэвалюцыі Уладзіміра Ільіча Леніна, як неацэнную рэліквію захоўваю і зараз.
Шкадую, што не давялося ўдзельнічаць у грамадзянскай вайне да самага канца. Ваяваць не прыйшлося па той прычыне, што моцна захварэў. Але памяць аб рэвалюцыі, аб гістарычным 1917 годзе не згладзіцца. Я цвёрда верыў у новы сацыялістычны лад, у яго непераможнасць. Гэта думка, гэта ўпэўненасць у заваёвы Вялікага Кастрычніка не гублялася і ў гады белапольскай акупацыі, і ў гады фашызму.
Не той лёс выпаў на долю маіх дзяцей. Яны шчаслівыя. Выхоўваліся і раслі пад сонцам Кастрычніцкіх зор. Мой старэйшы сын Эдуард працуе загадчыкам нейрахірургічнага аддзялення, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт, піша доктарскую дысертацыю. Малодшы Франц таксама ўрач, кандыдат медыцынскіх навук.
І сёння, напярэдадні 60-годдзя Вялікага Кастрычніка, з гонарам і хваляваннем успамінаю падзеі тых дзён. Наша краіна ўзнялася перад усім светам у росквіце сваіх волатаўскіх сіл. Сённяшнія нашы поспехі — гэта законны працяг баявых і рэвалюцыйных здзяйсненняў савецкага народа.
Іосіф СВІТА,
удзельнік кастрычніцкіх падзей, жыхар вёскі Уздрыгалавічы Крывіцкага гарпассавета
На здымку: І. І. Світа
Фота Аляксандра Паршуты»
«Нарачанская зара» №133 за 7 лістапада 1977 года