Ад урочышчаў да радаводаў: што раскажа кніга пра Шыкавічы

Краязнавец, ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ігар ПРАКАПОВІЧ з Пастаў доўгі час займаецца зборам матэрыялаў пра вёску Шыкавічы – тут жылі яго дзядуля і бабуля, шматлікія родзічы, тут ён разам з братам у дзяцінстве і юнацтве праводзіў кожнае лета.
Вынікам гэтай працы стане выданне кнігі пра вёску. З прычыны вялікага аб’ёму сабранага матэрыялу кніга будзе падзелена на дзве, а, магчыма, і на тры часткі. Першы том утрымлівае каля 280 старонак з вялікай колькасцю каляровых і чорна-белых гістарычных ілюстрацый.
– Збіраць звесткі пачаў яшчэ ў 80-х гадах, паступова запісваў аповеды дзядулі і бабулі, а апошнія шэсць гадоў мэтанакіравана займаўся гэтым даследаваннем, – расказвае Ігар Пракаповіч. – Кніга пачынаецца з нарыса жыцця маіх дзеда і бабы, Уладзіміра Васільевіча і Паўліны Фёдараўны Звяругаў, якія, хоць і былі малапісьменнымі, але вельмі духоўна багатымі людзьмі: тактоўнымі, далікатнымі, шчырымі. Значная частка выдання прысвечана прыродзе нашай мясцовасці: як географу, мне гэта асабліва цікава, і я імкнуўся яе апісаць як мага больш дэталёва і маляўніча. Спадзяюся, цікавымі для чытачоў будуць раздзелы, у якіх разглядаецца адлюстраванне вёскі на розных гістарычных картах, версіі паходжання мясцовых назваў, а таксама прыводзіцца апісанне навакольных урочышчаў са схемай іх размяшчэння. Далей у кнізе падаецца гісторыя Шыкавічаў ад самых старажытных часоў, уключаючы археалагічныя помнікі, падзеі Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, да сучаснасці. Асобны вялікі раздзел складаюць радаводы шыкаўскіх жыхароў. Удалося аднавіць гісторыю асноўных родаў, пачынаючы з сярэдзіны ХVІІ стагоддзя, апрацаваўшы матэрыялы інвентароў Мядзельскага староства 1668, 1743 і 1800 гадоў, а таксама рэвізскія сказкі 1795, 1811, 1816, 1834, 1850 і 1858 гадоў. Да сярэдзіны XIX стагоддзя ў вёсцы мелася восем двароў, у якіх жыло па некалькі сем’яў. Гаспадарамі былі прадстаўнікі даўнейшых шыкаўскіх родаў – Звяругі, Несцяровічы, Мехавічы, Галамызды, Паўлоўскія, Купрэвічы. У канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя ў Шыкавічах з’явіліся людзі з іншымі прозвішчамі, якія далі пачатак маладзейшым родам: Чарняўскія, Малько, Клебаны, Малафеі, Асаевічы, Раманоўскія, Хілы, Сёмкі, Шаранговічы. У кнізе для кожнай сям’і прыведзена сціслае апісанне радаводных сувязей, а таксама падаюцца спісы іх прадстаўнікоў з усіх інвентароў і рэвізскіх сказак, а таксама з пагаспадарчых кніг 1960–1963 гадоў.
Вядзецца актыўная праца над другім томам кнігі. Ён будзе змяшчаць наступныя раздзелы: «Забудова вёскі», «Роспіс радаводаў Звяругаў–“Марчонкаў” і Звяругаў–“Багаўцоў”», «Адметныя ўраджэнцы вёскі», «Мова мясцовых жыхароў», «Традыцыйнае адзенне», «Абрады і традыцыі», «Побыт і прылады працы», «Школа і кіно», «Ежа і стравы», «Хваробы і лекі», «Возера Баторына», «Рыбалка на Баторыне», «Сучасныя жыхары вёскі».

Аўтар удзячны ўсім, хто далучыўся да збору матэрыялаў і плануе перадаць свае звесткі і фотаздымкі для друку ў наступнай кнізе, а таксама магчымым фундатарам. Падзяка гэтым людзям будзе размешчана ў выданні.
Зараз фарміруецца тыраж кнігі, таму ўсе, хто зацікаўлены ў ёй, могуць звязацца з аўтарам па тэлефоне ці ў Viber па нумары +375 (29) 512-69-27, а таксама па электроннай пошцеigarpr@gmail.com
Аляксандр ВЫСОЦКІ
Фота аўтара
Рекомендуем



