Наперегонки с дождем: уборка урожая в сельхозфилиале «Минскоблагросервиса»

У сельгасфіліяле ААТ «Мінскаблаграсэрвіс» мы пабывалі ў гэты аўторак. Расказваем, як там спраўляюцца з выклікамі надвор’я і якія ўраджаі атрымліваюць.
ЛІЧБЫ І ФАКТЫ
– На сённяшні дзень у нас убрана 30% ад запланаваных плошчаў, – уводзіць у курс справы намеснік дырэктара па раслінаводстве Аляксандр Цямчык. – Поўнасцю завяршылі ўборку азімага ячменю на плошчы 427 гектараў. Сярэдняя ўраджайнасць атрымалася ніжэйшай за леташнюю і склала 44 цэнтнеры з гектара. Гэтымі днямі ўбіраем азімы рапс, азімую пшаніцу, яравы ячмень і гарох. Цяпер усе сілы кінуты на рапс і пшаніцу. Усяго трэба ўбраць 922 гектары азімага рапсу, сярэдняя ўраджайнасць пакуль 30 цэнтнераў з гектара. Ідзе дапрацоўка насення рапсу, сабранага на здачу дзяржзаказу, – гэта будзе 300 тон. Паралельна ўбіраем азімую пшаніцу, пакуль яе ўраджайнасць 35 цэнтнераў з гектара, а ўвогуле, мяркуем, будзе 40. Яе таксама дапрацоўваем і накіроўваем на выкананне дзяржзаказу – усяго трэба здаць 7125 тон. Убралі палову плошчаў гароху, ён займае 310 гектараў. Сярэдняя ўраджайнасць удвая вышэйшая за леташнюю – 35 цэнтнераў з гектара.
– Колькі і якой тэхнікі задзейнічана?
– Маем 12 камбайнаў, на двух з іх працуюць людзі з іншых арганізацый – прадпрыемства меліярацыйных сістэм і ДРБУ №133. Гэта былыя нашы работнікі. На адвозцы задзейнічана 10 адзінак тэхнікі, яны ж адвозяць збожжа на выкананне дзяржзаказу і на продаж. Супрацьпажарнае прыкрыццё ажыццяўляе па дагаворы райаддзел па надзвычайных сітуацыях, на палях дзяжураць дзве аўтацыстэрны. Працуюць дзве сушылкі. Там даём магчымасць зарабіць і моладзі. Гэта студатрад – 14 школьнікаў працуюць з 9.00 да 11.30, а таксама студэнты – дзеці нашых работнікаў.
Усе камбайнеры вопытныя. Многія пераселі на камбайны з трактароў. Калі надвор’е не дазваляе весці жніво, вяртаюцца на трактары і ўносяць угнаенні, сеюць, аруць, дыскуюць, звозяць салому. Адначасова са жнівом ідзе сяўба. На сёння пасеяна 150 гектараў азімага рапсу. Убіраем з палёў салому і рыхтуем глебу пад азімыя збожжавыя. Плануем пасеяць больш за тысячу гектараў рапсу і каля трох з паловай тысяч гектараў збожжавых.
– Ці забяспечаны ўдзельнікі жніва гарачым харчаваннем? І якім абяцае быць заробак?
– Арганізавана двухразовае гарачае харчаванне. Работнікі забяспечаны спецадзеннем і ўсім неабходным. Што да заробку, то пра канкрэтныя лічбы казаць яшчэ рана. Але дакладна ён будзе годным: расцэнкі выраслі ў параўнанні з мінулагоднімі, а ўраджай не горшы. Магчыма, нават лепшы. Ну а астатняе залежыць ад саміх работнікаў: больш намалаціў або перавёз – больш зарабіў.
ЛЮДЗІ
На рапсавым палетку знаёмлюся з Аляксандрам Паўлоўскім. Мужчына працуе ў гаспадарцы на трактары МТЗ-1523, заняты пераважна на ўнясенні «хіміі». Ну а на час жніва перасеў на камбайн. Яго «Палессе GS 2124» у справе чацвёрты сезон. А для самога Аляксандра Валер’евіча гэта жніво трэцяе.

– Сёлета цяжкавата праз надвор’е, – кажа мужчына. – Дажджы, збожжа вільготнае. За ўсё жніво добрага дня яшчэ не здарылася. Калі раніцай няма дажджу, дык вечарам пойдзе. Ды і туманы – хутка ўсё робіцца вільготным.
На гэтым жа полі і лідар раёна па перавозцы збожжа ад камбайнаў Генадзій Бандаронак. На борт МАЗа-дваццацітонніка ён можа ўзяць адразу тры бункеры.

– Пры добрым раскладзе чатыры рэйсы за дзень раблю, – кажа. – Але сёлета так пакуль толькі раз і было. Дажджы…
…Едзем на сушылку.
– Надвор’е сёлета не спрыяе, – канстатуе і аператар сушыльнага комплексу Ігар Ельяшэвіч. – Збожжа да нас трапляе вільготнае, але сушым, спраўляемся. А падтрымліваць парадак на тэрыторыі дапамагае моладзь.

Сапраўды, працу на сушылцы няпыльнай не назавеш. Але гэта не палохае навучэнцаў Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа Арцёма Святоху і Вікторыю Баранскую.

Хлопец атрымлівае прафесію муляра і печніка, дзяўчына – повара-афіцыянта. Ну а ўлетку вырашылі папрацаваць тут.
– Не вельмі цяжка, але работы хапае, – кажа Вікторыя. – Мы і летась тут працавалі. Заплацілі нам тады добра, нават і прэмію далі.
Наталля ЛІСІЦКАЯ
Фота аўтара