Мядзельшчына святкуе Дзень Перамогі
– Крывёй нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў, мільёнаў вядомых і невядомых герояў аплачаны дзесяцігоддзі міру ў Еўропе, свабода і незалежнасць многіх краін, – казаў ва ўрачыстай прамове падчас мітынгу на мядзельскай плошчы Шаранговіча старшыня райвыканкама Аляксандр Прановіч. – Сёння мы бачым, як краіны “цывілізаванай Еўропы” вядуць вайну з магіламі і помнікамі, ушаноўваюць катаў і ладзяць на сваіх вуліцах парады нацыстаў. Падзеі Вялікай Айчыннай вайны даказваюць нам каштоўнасць і крохкасць мірнага суіснавання. Сёння як ніколі для нашай моладзі, нашага падрастаючага пакалення важная праўда памяці пра ахвяр вайны, пра вялікі подзвіг мільёнаў салдат і афіцэраў, партызан і подпольшчыкаў, мірных грамадзян – усіх, хто змагаўся з ворагам за сваю зямлю, свабоду і незалежнасць.
У раёне засталіся тры ветэраны: Уладзімір Паршута, Уладзімір Жыхар і Міхаіл Гардон. На мітынгу прысутнічаў толькі апошні з іх. Ён і меў слова.
– Фашысты, калі наступалі на Савецкі Саюз, разлічвалі разваліць яго, – казаў Міхаіл Гершэнавіч. – Але яны памыліліся. Народы Савецкага Саюза яшчэ больш згуртаваліся. Тут, у Мядзельскім раёне, у партызанскай брыгадзе імя Варашылава змагаліся людзі каля 20-ці нацыянальнасцей. І ў мяне быў камандзір узвода Аляксандр Зубкоў – рускі. Камандзір аддзялення Рыгор Сітнік — украінец. Мікалай Дзядкоўскі – беларус, з Гродзенскай вобласці. Былі і прадстаўнікі многіх іншых народаў Савецкага Саюза.
Ад моладзі выступіла першы сакратар райкама БРСМ Лізавета Шутава.
Удзельнікі мітынгу накіраваліся да брацкай магілы. Іх віталі школьнікі, што стаялі паабапал шляху шэсця на тратуарах. Ля брацкай магілы памяць ахвяр вайны ўшанавалі хвілінай маўчання. Прадстаўнікі мясцовай улады і працоўных калектываў усклалі да помніка вянкі і кветкі. Мітынг быў аб’яўлены закрытым.
А вось святкаванне працягнулася. Ад брацкай магілы мядзяльчане і госці горада вярнуліся на плошчу Шаранговіча, дзе іх чакала тэатралізаванае прадстаўленне “Мы помнім, не забудзем ніколі”.
Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота Аляксандра ВЫСОЦКАГА.