Меню

Молодой педагог и Старые Габы. Развенчиваем мифы о работе в сельской школе

Молодой педагог и Старые Габы. Развенчиваем мифы о работе в сельской школе


Мой суразмоўца – малады педагог Старагабскай сярэдняй школы Іван РОЎДА.

Іван Іванавіч, адкуль вы і як трапілі ў Старыя Габы?

– Жыву ў Мядзеле, гэтым летам скончыў ВНУ. Вучыўся на ўмовах мэтавага дагавора, таму ведаў, што першыя пяць гадоў дакладна буду працаваць у сваім раёне. Ва ўпраўленні па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама прапанавалі на выбар Нарацкую №2 і Старагабскую школы. Узважыў усе за і супраць – і выбраў Габы.

Чаму?

– Тут школа з гісторыяй, педагогі вопытныя, значна старэйшыя за мяне. Падумаў, што змагу прыўнесці сюды новы павеў, што рабятам будзе цікава са мной, бо блізкі ім па ўзросце. Так і здарылася, паразуменне з вучнямі знайшоў. Не ўспрымаю працу ў вёсцы як цяжкую павіннасць. Так, тут менш людзей, чым у горадзе. Дзяцей менш, але яны ёсць і іх трэба вучыць. Даваць веды па прадметах, выхоўваць, дзяліцца жыццёвым вопытам. Ён у мяне ёсць. Хоць маю статус маладога спецыяліста, на самай справе не такі я і малады – мне 28 гадоў.

Нечакана. Раскажыце!

– У 2014 годзе скончыў Мядзельскую школу №1 і паступіў у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт на спецыяльнасць «рамана-германская філалогія». Хацеў быць перакладчыкам, выкладчыкам замежных моў і літаратуры. Тры гады павучыўся і сышоў. Папрацаваў у іншай сферы і вырашыў усё ж атрымаць вышэйшую адукацыю. Толькі якую, каб было прымяненне маім ведам? Я ж вывучаў замежную літаратуру, маналог Гамлета ў арыгінале на памяць ведаю… Выбраў спецыяльнасць «гісторыя і сусветная мастацкая культура» ў педуніверсітэце імя Максіма Танка.

Завочна вучыліся?

– Не, ў дзённай форме. Яна дае больш ведаў, бо ёсць зваротная сувязь з выкладчыкамі. Іншая справа, што мне было ўжо не 17 гадоў – трэба было сябе забяспечваць, хацеў і бацькам дапамагчы. Таму вучобу сумяшчаў з працай касірам у «Еўраопце».

Як гэта ўдавалася?

– З 9.00 да 13.00 працаваў, з 14.00 быў на вучобе. Многія студэнты так жывуць. Патрэбны сіла волі, цярпенне і правільнае размеркаванне часу. Ну і праца, нават не па спецыяльнасці, дае жыццёвы вопыт і вучыць узаемадзейнічаць.

Не так і часта хлопцы ідуць у педагогі. А чаму сталі настаўнікам вы?

– Бо адчуваю неабходнасць аддаваць сябе людзям, падабаецца вучыць дзяцей. Ну і галіна перажывае не самыя лепшыя часы, педкалектывы старэюць. Важна паказаць, што моладзь зацікаўлена працаваць у школе. А не распаўсюджваць міф, быццам педагогі мала зарабляюць.

А гэта не так?

– Не так. Заробак у мяне не нізкі. Адчуваю дзяржаўную падтрымку: ёсць даплата як маладому спецыялісту і за працу ў сельскай мясцовасці. Замяняю калег, калі хварэюць ці едуць на курсы, – гэта аплачваецца. На працу і дамоў езджу школьным аўтобусам – плаціць не трэба. Так, быць педагогам няпроста. Але, калі бачу, якіх вынікаў дасягаюць вучні, разумею, што працую не дарэмна. Напрыклад, творчая работа «Няскораныя Старыя Габы» шасцікласніка Аляксандра Грузда ўдзельнічала ў рэспубліканскім этапе конкурсу «Яны вызвалялі Радзіму».

Параіў бы моладзі не баяцца сельскай мясцовасці. Тут ёсць усё, каб працаваць у камфортных умовах і набірацца вопыту ў старэйшых калег.

Пра гэта, калі ласка, падрабязней.Як сустрэлі вас старэйшыя калегі?

– Добра. Педкалектыў невялікі, усе з вопытам. Дырэктар Іван Часлававіч Босы і намеснік дырэктара Анастасія Віктараўна Грынкевіч (у яе ўжо іншая пасада)– сапраўдныя прафесіяналы. За мной замацавалі вопытнага педагога Наталію Багуславаўну Варабей. Уладзімір Сяргеевіч Серадзінскі, сыходзячы на заслужаны адпачынак, перадаў школьны музей – спадчыну Рычарда Савельевіча Федарца.

Іван Іванавіч – ініцыятыўны і адказны настаўнік. Цікавіцца псіхолага-педагагічнымі навукамі, прымяняе новае ў штодзённай практыцы. Лёгка знаходзіць паразуменне з калегамі, з вучнямі і іх бацькамі.

ДЫРЭКТАР СТАРАГАБСКАЙ СШ ІВАН БОСЫ

Музей – гэта дадатковая адказнасць…

– І шырокія магчымасці. Экспанаты эмацыянальна ўздзейнічаюць на вучняў, праведзены там урок-даследаванне надоўга запомніцца. Дзецям кажу: «Ведайце і паважайце сваю гісторыю. І ўсёй краіны, і малой радзімы. Мірнае жыццё для нас дзяды і прадзеды здабылі цаной вельмі вялікіх страт. Колькі людзей загінула, скалечана, колькі сірот засталося!»

Найгорш, што мала хто ў свеце вучыцца на гісторыі. Каб вучыліся, не было б войнаў, не лілася б кроў. У кожнай дзяржавы ёсць свае інтарэсы, і, магчыма, нейкія з іх будуць дасягнуты шляхам войнаў. Але ж якая высокая цана!

Наталля ЛІСІЦКАЯ

Фота аўтара

Р.S. Калі матэрыял ужо быў падрыхтаваны да друку, стала вядома, што Івана Роўду прызначылі намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Старагабскай СШ. А Уладзімір Серадзінскі зноў настаўнічае і загадвае школьным музеем.

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59