По жизни с районной газетой
Хутка бяжыць час. Нашай раёнцы – 80. Маё знаёмства з газетай адбылося, калі мне не споўнілася яшчэ і пяці гадоў.
Старэйшыя сёстры, адна, праз год другая, пайшлі ў школу! Школа была ў вёсцы, у хаце ў людзей. Бацькам займацца дзецьмі не было часу: толькі што ў вёсцы арганізаваўся калгас, трэба было многа працаваць. А дзецьмі займаліся бабуля з дзядулем.
У школьніц у куточку каля акна стаяў столік, за якім яны рыхтавалі ўрок. А над столікам, на сцяне, была наклеена газета «Савецкая вёска». Газета з усіх бакоў была абклеена рознакаляровымі карцінкамі з часопісаў. Букеты кветак на іх, партрэты, пейзажы, а зверху была прыклеена карціна Марка Шагала «Над горадам» (тады я не ведала, што гэта за карціна, а толькі мне яна вельмі падабалася). Я магла доўга сядзець і ўглядацца ў яе. Вось і прыцягвала гэта прыгажосць разам і да газеты. Чытаць тады я не ўмела, а так хацелася.
Падручнікаў сёстры не давалі, бераглі, каб не парвалі. Вось бабуля і паказала, што ў газеце ёсць усе літары – вучыся. Да століка можна было падыходзіць толькі тады, як сёстры былі ў школе.
Так у пяць гадоў я ўжо навучылася чытаць — дапамагла газета.
А потым хадзіла ў школу, да настаўніцы, і брала чытаць кніжкі ў школьнай бібліятэцы. Ішлі гады. Добра памятаю, як кожны раз чакалі паштальёна. Прыносіў ён і пісьмы ад цёткі, ад бабулінай сястры і абавязкова «Савецкую вёску». Потым, калі мы падраслі, бабулі і дзядулі не стала, нашы бацькі пастаянна выпісвалі газету «Да новых перамог», мы цікавіліся ёй таксама. Там можна было прачытаць пра знаёмых і блізкіх людзей. Калі ўжо самая меншая сястра хадзіла ў Мядзел у школу, у 1973 годзе ў газеце, ужо ў «Нарачанскай зары», надрукавалі артыкул пра нашу вёску і пра нашу сям’ю. Яго напісала Валянціна Станіславаўна Ефімава. З таго часу я стала не толькі чытаць газету, а рабіць з яе самыя цікавыя выразкі. Былі яны ўсялякія. Пра знаёмых, сваякоў, фатаграфіі блізкіх людзей. Была і мне ад адпачываючых падзяка ў газеце. З’явілася шмат знаёмых, пра якіх часта пісалі ў раёнцы. Хоць блізка з імі і не былі знаёмыя, толькі праз газету. Артыкулы, расказы, аповеды пачыналі чакаць ад аўтараў.
І да гэтага часу мне падабаецца займацца гэтым. Рабіла выразкі з рубрыкі «На паэтычнай хвалі», «Смачна есці», калі былі старонкі пра прыроду і іншыя. Сама пастаянна ўдзельнічала ў жартоўным конкурсе «Што б гэта значыла», не адзін раз атрымлівала прызы. Люблю чытаць вершы Валянціны Ефімавай, Іды Гумніц, Святланы Роўды. Перачытваю па некалькі разоў, таму што яны даступныя і душэўныя. Не раз і сама дасылала ў газету свае расказы і замалёўкі, якімі хацелася падзяліцца з людзьмі. Гэта ўсё і цяпер берагу. Асабліва калі табе за семдзесят, а з газетай сябруеш ужо так доўга, пачынаеш лістаць і перачытваць пажоўклыя лісткі выразак. І душа тады маладзее.
А «Нарачанскую зару» і цяпер, як і тады, чакаю як найлепшую сяброўку, і дзякую, што ёсць такая газета.
За павагай да ўсіх, хто стварае і выдае яе, і з найлепшымі віншаваннямі са святам работнікаў усіх часоў.
Вольга ХІЛЬМАН, вёска Сідаравічы