Меню

У таварыстве «Сваткі» ставяць на сянаж

Задачы на касавіцу перад механізатарамі ААТ “Сваткі” стаяць напружаныя. «Каб быць з кармамі зімой, трэба нарыхтаваць для грамадскага статка 1150 тон сена, 16700 тон сенажу і 16000 тон сіласу», – сцвярджае дырэктар таварыства Аляксей Окішаў.

– Стараемся працаваць на сенажаці з максімальнай аддачай, – запэўнівае кіраўнік гаспадаркі. – Бо выдатна ведаем, што без якасных кармоў ніякіх станоўчых вынікаў у жывёлагадоўчай галіне не зможам атрымаць. Пакуль праходзяць дажджы, стаўку робім на нарыхтоўку сенажу. Зараз закладваем яму на ферме «Новікі».

На кашэнні траў задзейнічаны ў таварыстве дбайныя і руплівыя механізатары Аляксандр Сіськевіч і Сяргей Звяруга. Абодва завіхаюцца на трактарах у счэпе з касілкай КПР-9. Толькі аднаму давераны МТЗ, а другому – Fendt. Пры заданні 23 гектары скошваюць у дзень у сярэднім па 35-40. На зграбанні валкоў заняты тры адзінкі тэхнікі. Гэта справа даверана таксама старанным механізатарам – Сяргею Грышкевічу, Пятру Сторублёву і Юрыю Стрэжу. Усе яны ўпраўляюць трактарамі МТЗ-82. Праўда, першыя два – у счэпе з граблямі ГКП-7,2. А Юрый завіхаецца з граблямі ГРЛ-9,6. Пры норме 20 гектараў, зграбаюць штодзённа да 29-ці. Падборам правяленых валкоў займаюцца Аляксей Усовіч і Пётр Скурко. Адзін – на корманарыхтоўчым комплексе КВК-800, а другі – на «Джон Дзіры». На іх работу, па словах кіраўніка, нараканняў не бывае.

– На якасць сенажу значна ўплывае правільная трамбоўка зялёнай масы. На гэтым адказным участку задзейнічаны тры «амкадоры», – апавядае Аляксей Пятровіч. – Кіруюць імі старанныя механізатары Фёдар Малафей, Валерый Роўда і Аляксей Сташкевіч. Каб своечасова закласці яму, штодзённа па 7-8 адзінак тэхнікі накіроўваецца на адвозку сянажнай масы. Стараюцца вадзіцелі МАЗаў Міхаіл Шчуцкі, Уладзімір Лугавы, трактарыст Дзяніс Струкачоў. А лідарства на адвозцы «зялёнкі» ўпэўнена ўтрымлівае вопытны і надзейны механізатар Сяргей Герасімовіч. Па сутнасці ўсё яго жыццё звязана з гаспадаркай, куды ўладкаваўся адразу пасля заканчэння школы. Дарэчы, у дажджлівае надвор’е да адвозкі сенажу падключаецца і трактарыст Ігар Аўрэйцавіч, які ў пагодныя дні «хімічыць» пасевы.

Паведаміў Аляксей Окішаў, што ў гаспадарцы таксама актыўна вядзецца нарыхтоўка сянажнай масы ў плёнку. Займаецца гэтым старанны механізатар Яўгеній Сівіцкі. На яго рахунку ужо звыш 240 тон спрасаванага ў плёнку якаснага корму. А ўвесь корманарыхтоўчы працэс кантралюе вопытны тэхнолаг – галоўны аграном таварыства Анатолій Усовіч.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ. На здымку: Сяргей Звяруга і Аляксандр Сіськевіч

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59