Меню

О главных женщинах своей жизни рассказывают жители деревни Романовщина

О главных женщинах своей жизни рассказывают жители деревни Романовщина

У дзень 8 Сакавіка пра галоўных жанчын свайго жыцця расказваюць жыхары вуліцы Зарэчнай вёскі Раманаўшчына.

Уладзімір КАВАЛЕНКА, пенсіянер:

З маіх першых дзён самай галоўнай была мама, Марыя Герасімаўна. У 39 яна аўдавела, адна гадавала нас з сястрой. Мамы ўжо няма, але заўсёды памятаю пра яе. Калі вярнуўся з арміі, у маё жыццё ўвайшла дзяўчына, якая неўзабаве стала жонкай. Спачатку жылі ў Маладзечне, потым пераехалі на яе малую радзіму – у калгас «Шлях Ільіча». Мая Кацярына Аляксееўна цяпер на пенсіі, на розных пасадах сумленна адпрацавала ў гандлі. Разам мы выгадавалі сына і дачку, маем пяцёра ўнукаў. У ліку галоўных у маім жыцці жанчын і дачка Ганна, цяпер яе прозвішча Малько. Яна шматдзетная маці, жыве ў Мядзеле. Не здрадзіла абранай прафесіі – па адукацыі настаўніца, настаўніцай і працуе. Мае самыя дарагія дзяўчаткі – унучкі Насця і Надзя Малько, Варвара і Кіра Каваленкі. Назаву і яшчэ адну важную для мяне жанчыну. Гэта Ганна Аляксееўна Роўда, цешча. У час вайны яна была непаўналетнім вязнем. Усё жыццё сумленна працавала: была ў Занях загадчыцай фермы, пасля – паштальёнам. Насуперак няпростаму лёсу трымаецца, сёлета адзначыла 91 год. З нагоды 8 Сакавіка жадаю сваім дарагім жанчынам і дзяўчатам найперш здароўя і ўдачы. Хто вучыцца і працуе – поспехаў адпаведна ў вучобе і працы.

Аляксандр КАРАБЕЙНІК, вадзіцель ДРБУ №133:

Па-першае, мама – Вольга Міхайлаўна Карабейнік. Яна памерла ўжо, і мне яе ніхто не заменіць. Мама шмат працавала: была загадчыцай магазіна ў Занях і дома з гаспадаркай спраўлялася. Нават тату дапамагала касіць і дровы шчапаць. Мы з мамай ніколі не пасварыліся. І бабуляй яна была – лепшай не знойдзеш. Усё для ўнучак рабіла, яны яе таксама моцна любілі. Была добрай свякроўкай для маёй жонкі. Заўсёды прымала яе бок, калі мы спрачаліся (справядлівасці дзеля, у мяне з цешчай Леанардай Антонаўнай таксама былі добрыя адносіны). Моцна даражу сваёй жонкай Святланай, кахаю яе. У верасні 34 гады споўніцца, як пажаніліся. Была б дрэннай, ці ж пражылі б столькі часу разам? Яна добры, шчыры чалавек і выдатная гаспадыня. Працуе настаўніцай, яе любяць вучні. Разам мы выгадавалі дзвюх дачок – яны таксама ў ліку самых-самых важных для мяне. Абедзве замужам, жывуць у Мінску. Маюць вышэйшую адукацыю: Наташа скончыла эканамічны ўніверсітэт, а Юля – універсітэт культуры і мастацтваў. Ну а самая малодшая з маіх дарагіх дзяўчат – Юліна дачка Іванка. Ёй два гады і тры месяцы.

Наталля ЛІСІЦКАЯ

Фота забяспечаны ўдзельнікамі апытання

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59