«От ФЭДа» до «Зенита»: как мядельчанин собрал коллекцию фотоаппаратов

Іван ЦЯЛЯК не толькі вадзіцель Цэнтра банкаўскіх паслуг №619 Беларусбанка, але і заўзяты калекцыянер. Яго збор фотаапаратаў налічвае больш за 260 экспанатаў, сярод якіх ёсць сапраўдныя рарытэты. Усё пачалося ў дзяцінстве, калі ён толькі пачаў займацца фатаграфіяй, а сёння яго калекцыя – гэта жывая гісторыя фотатэхнікі.
АД ДЗІЦЯЧАЙ ЦІКАЎНАСЦІ – ДА ДАРОСЛАГА ЗАХАПЛЕННЯ
Пачаў фатаграфаваць Іван у дзяцінстве.
– Дзесьці ў класе сёмым, гледзячы на старэйшых хлопцаў, захапіўся… Першым фотаапаратам была «Змена-8М». Фатаграфаваў тады ўсё, што бачыў: прыроду, крумкачоў, курэй… І ў школе, і вышку тэлевізійную нашу ў Целяках. Патрэбныя рэчы для друкавання фота даводзілася на пошце заказваць. І абавязкова – авіяпоштай, каб хутчэй дайшло.
Захапленне сваё не кінуў. Пазней у фотааматара з’явіліся і больш сур’ёзныя фотаапараты.
– Як пачалі іх збіраць?
– Неяк спантанна, гадоў 15 таму. Спачатку думаў: «Ну, збяру дзясятак – і хопіць». А як пачаў капаць – аказалася, што канца ім няма! (Усміхаецца.) Ёсць жа кніга «1200 савецкіх фотаапаратаў», там усе мадэлі пералічаны.
– Калі б ведалі, што іх так шмат, пачалі б калекцыяніраваць?
– Не ведаю… Напэўна, так: цікава ж! Маркі ў дзяцінстве спрабаваў збіраць – не зачапіла. А тут – тэхніка, гісторыя. Таму што ёсць такія фотаапараты, якіх на ўвесь Савецкі Саюз выпушчана ўсяго 10 тысяч экзэмпляраў. Нават 40 тысяч для такой краіны – кропля ў моры.
Першым экспанатам калекцыі стаў «Зеніт-В».
– Пра такі і не чуў раней. Ведаў толькі «Зеніт-Е» і «Зеніт-TTL», а гэты – без экспанометра, спрошчаная версія. З яго ўсё і пачалося.
КАЛЕКЦЫЯ: АД «ФЭДАЎ» ДА «ЗЕНІТАЎ»
У калекцыі Івана Целяка – фотаапараты розных эпох і прызначэнняў. Пераважна савецкія, але ёсць крыху і замежных: з ГДР і Польшчы. Самыя старыя – два «ФЭДы». Першы выраблены ў працоўнай камуне НКУС УССР імя Дзяржынскага. На корпусе другога – надпіс: «Харьковский комбинат НКВД СССР имени Ф. Э. Дзержинского».
– Прабіваюцца па нумарах 1939 годам, – тлумачыць калекцыянер.
А самы «малады» фотаапарат, «Зеніт-КМ плюс», датуецца пачаткам 2000-х.
– Якія экспанаты самыя каштоўныя для вас?
– Складана выбраць… Вось, напрыклад, «Зоркий-2» – вельмі рэдкі. Аднак мару знайсці савецкі фотаапарат «ФТ» канструктара Токарава (таго самага знакамітага канструктара стралковай зброі, аўтара пісталета ТТ).

ПАЛЯВАННЕ ЗА РАРЫТЭТАМІ: АЎКЦЫЁНЫ І ЎДАЧА
Асноўныя крыніцы папаўнення калекцыі – анлайн-аўкцыёны і партал з прыватнымі аб’явамі.
– У Мінску рэдкі экзэмпляр забіраюць імгненна, калі кошт нармальны. Тут нават няма сэнсу тэлефанаваць ці прасіць, каб выслалі поштай, – распавядае Іван.
Так што ў справе пошукаў твой азарт параўнальны з азартам рыбака.
– А за якім фотаапаратам асабліва «палявалі»?
– За «Зменай-2М». Першы раз убачыў на аўкцыёне, калі яна пайшла больш чым за 200 рублёў. А мне ўжо пашчасціла купіць за 60. Неяк прапаноўвалі абмяняць яго на «Нарцыс». Адмовіўся, бо ведаў: другога шанцу знайсці можа не выпасці.
Імя Івана Целяка ўжо стала вядомым у колах калекцыянераў.
– Патэлефануеш – і ўжо не трэба доўга распавядаць, хто такі, – кажа.
НА ДЭМБЕЛЬСКІ АЛЬБОМ
Нават падчас службы ў ракетных войсках стратэгічнага прызначэння на Украіне наш суразмоўца знаходзіў магчымасць займацца фатаграфаваннем.
– Тады ўсе салдаты дэмбельскія альбомы рабілі, а фотаапараты ў часці, вядома, былі пад забаронай. Але нам ад старэйшых пакаленняў дастаўся фотаапарат, і плёнку дзесьці мы здабылі. І, калі траплялі на пазіцыю без афіцэраў, стараліся пафатаграфавацца. А ў часці былі афіцэры маладыя, амаль нашых гадоў. Мы іх прасілі ў ваенным гарадку праявіць плёнку і потым адаслаць яе дадому. Ужо пасля службы друкаваў фатаграфіі.
ЛІЧБА СУПРАЦЬ ПЛЁНКІ
Нягледзячы на любоў да аналагавай тэхнікі, Іван Іванавіч выкарыстоўвае лічбавую камеру.
– А на плёнку ці здымаеце?
– Цяпер гэта дорага. Ды і ўяўляеце, колькі гадоў фотаапараты праляжалі? Змазка засохла, вытрымка капрызіць. Я свае апараты больш для гісторыі захоўваю. А фатаграфую на лічбавы Canon. Зручна: каардынаты можна ўнесці. На тэрыторыі, звязанай з Нарацкай аперацыяй, зняў больш за 300 нямецкіх бетонных умацаванняў часоў Першай сусветнай вайны.
ВЫСТАВА-СЮРПРЫЗ
У Мядзельскім музеі народнай славы з 1 па 9 сакавіка праходзіць выстава фотаапаратаў (а таксама некалькі кінакамер) з калекцыі Івана Целяка.
Прымеркаваў гэта мерапрыемства Іван Іванавіч да юбілею жонкі Ганны Міхайлаўны. Выстава стане сюрпрызам і для яе, і для родных, знаёмых калекцыянера.
Аляксандр ВЫСОЦКІ
Фота аўтара








Рекомендуем




