Меню

Свадьба с бриллиантовым блеском. 60 лет вместе Владимир и Зоя Смирновы из Мяделя

Свадьба с бриллиантовым блеском. 60 лет вместе Владимир и Зоя Смирновы из Мяделя

Брыльянтавае вяселле ўрачыста зарэгістравалі мядзяльчане Уладзімір і Зоя СМІРНОВЫ. 60 год разам – гэта вам не жартачкі. Начальніку аддзела ЗАГС райвыканкама Галіне КАЛМУК перш не выпадала рэгістраваць такое вяселле – а яна на пасадзе з 2007-га.

Уладзімір нарадзіўся ў Цюменскай вобласці (Расія) у чэрвені 1941 года. Праз восем дзён бацьку забралі на фронт, а ў чэрвені 1943-га ён загінуў. Цяжкім было дзяцінства Уладзіміра. Скончыў сем класаў, працаваў у калгасе, потым на гандлёвай базе. Потым у чыгуначным вучылішчы вывучыўся на брыгадзіра пуці. Па камсамольскай пуцёўцы паехаў у Казахстан, адкуль прызвалі ў войска.

Служыў у Каўнасе (Літоўская ССР). Быў геадэзістам-тапографам, кожнае лета праводзіў у камандзіроўцы. У трэці год службы здарылася камандзіроўка ў Беларусь – з чэрвеня па кастрычнік. База была ў Свіры. У суботу і нядзелю салдаты строем хадзілі на танцы ў мясцовы клуб. Там намеснік камандзіра ўзвода і пазнаёміўся з 19-гадовай Зояй Зверавай. Камандзіроўка скончылася, і ён вярнуўся ў Каўнас.

Уладзімір Смірноў і Зоя Зверава

Перапісваліся. Прапанову зрабіў у лісце – і такім жа чынам атрымаў згоду. Напісаў кіраўніцтву рапарт, а на словах патлумачыў камандзіру, што трэба з’ездзіць у Свір. Адпусцілі.

У суботу 23 лістапада 1964 года ў Мядзел паехалі ўчатырох: малады, маладая, яе брат і сяброўка Паліна. Знайшлі загадчыцу ЗАГСа, упрасілі зарэгістраваць шлюб. У маладой не было вэлюма і белай сукенкі. Вярнуліся ў Свір, выпілі па чарцы – і ўсё, ніякага вяселля. Назаўтра малады муж паехаў на службу.

9 снежня дэмабілізаваўся і вярнуўся ў Казахстан. «Выйшла замуж – едзь туды, дзе муж», – сказаў бацька Зоі. Што яна і зрабіла. З таго часу Смірновы амаль не разлучаюцца. Жылі ў Казахстане, пасля ў Свіры, тады ў Цюменскай вобласці. З 1978 года – у Мядзеле. Тут галава сямейства займаў розныя пасады ў сферы будаўніцтва (адпаведную адукацыю атрымаў, калі жылі ў Сібіры), у тым ліку некаторы час узначальваў ПМК. Апошняе месца працы – райпо. Адкуль з пасады прараба будаўнічай брыгады канчаткова сышоў на пенсію амаль у 75. Ну а яго жонка працавала ў пральні.

– Кажуць, жыццё пражыць – не поле перайсці, – разважае Зоя Міхайлаўна. – Мы, напэўна, поле перайшлі ўжо. Выгадавалі дзвюх дачок, маем пяцёра ўнукаў – ва ўсіх адукацыя, кватэры. Дачакаліся пяцярых праўнукаў. Усіх любім, усіх чакаем у госці, усім жадаем толькі добрага. Як удаецца шчасце столькі год жыць разам? Трымаемся адзін за аднаго, не даём адзін аднаму паваліцца.

САКРЭТЫ СЯМЕЙНАГА ШЧАСЦЯ АД СМІРНОВЫХ:

  • давяраць адзін аднаму;
  • разумець адзін аднаго;
  • паважаць адзін аднаго;
  • кахаць, саступаць.

Наталля ЛІСІЦКАЯ, фота забяспечаны героямі публікацыі

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59