Прошла районная спартакиада среди жителей сельских советов и Мяделя
У фізкультурна-аздараўленчым цэнтры прайшла раённая спартакіяда сярод жыхароў сельскіх саветаў і Мядзела. Спаборнічалі яны ў сямі відах спорту.
У дартсе сярод жанчын самай трапнай была Кацярына Дзевялтоўская (Крывіцкі сельсавет), у мужчын – Сяргей Баброўка з Нарацкага сельсавета.
У шашках перамог Леанід Жыхар (Мядзел). У настольным тэнісе найлепшымі сталі прадстаўнікі Нарацкага сельсавета Аксана Варабей і Руслан Шафіеў.
З адкрыццём басейну сёлета ў праграму дабавілася плаванне. Жанчыны спаборнічалі на дыстанцыі 25 метраў — хутчэйшая была Алена Хайбуліна. Мужчыны пераадольвалі ўдвая большую дыстанцыю. Перамог тут Яўген Роліч (абодва – з Нарацкага сельсавета).
Ва ўздыманні гіры першае месца ва Уладзіміра Яновіча са Свірскага сельсавета. У стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі вызначыўся Аляксандр Варановіч з Мядзела.
У валейболе трэцяе месца заняла каманда Крывіцкага сельсавета, другое – мядяльчане. Перамога за нарачанцамі.
У агульнакамандным заліку ў барацьбе за прызавыя месцы аднолькавую колькасць ачкоў набралі прадстаўнікі Крывіцкага і Свірскага сельсаветаў. Давялося лічыць дадатковыя паказчыкі. Па іх другое месца за крывічанамі, трэцяе – у свіран.
А перамагла, і вельмі ўпэўнена, каманда Нарацкага сельсавета.
Прызёраў і пераможцаў у кожным відзе ўзнагародзілі граматамі і грашовымі прэміямі ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. А ў камандным заліку – Кубкамі, паведаміў галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Леанід Шыдлоўскі.
Фота Свірскага сельвыканкама