Школьнікі з Княгініна наведалі дом Максіма Танка
Вучням Княгінінскай школы прапанавалі экскурсію на малую радзіму народнага паэта Максіма Танка ў вёску Пількаўшчыну. Распавядаў пра знакамітага творцу пляменнік класіка Іван СКУРКО.
Суправаджала групу вучняў 4–8-х класаў настаўніца гісторыі Княгінінскай школы Алена Рапановіч. Менавіта педагог і была ініцыятарам наведаць аб’ект гісторыка-культурнай каштоўнасці – дом Максіма Танка пачатку ХХ стагоддзя.

– Прыехалі ў гэтыя месцы, бо вельмі важна, каб нашы рабяты больш ведалі пра беларускага таленавітага земляка, які нарадзіўся на нашай любай Мядзельшчыне, – распавядае Алена. – Прайсціся па месцах, якія маюць прамое дачыненне да Максіма Танка, стала для нас нечаканым і вельмі прыемным сюрпрызам і падарункам! Мы з вучнямі з’ездзілі і на іншыя экскурсіі. Былі ў Мядзельскім музеі народнай славы, у ваенным камісарыяце района, дзе пазнаёміліся з экспазіцыяй, прысвечанай Першай сусветнай вайне. Ужо на Пількаўшчыне нам пашчасціла пазнаёміцца з пляменнікам Максіма Танка Іванам Скурко, бацька якога быў родным братам пісьменніка.
Іван Фёдаравіч ахвотна і з гонарам расказаў хлопчыкам і дзяўчынкам пра знешні і ўнутраны выгляд хаты, асаблівасці будынка, паказаў каштоўныя кнігі, фотаздымкі. Па рэчах і мэблі можна было зразумець аб побыце часоў мінулых.

Уражаннямі ад цікавай экскурсіі дзеліцца вучаніца 4-га класа Тамара Шусціцкая:

– Вельмі рада, што ўбачыла мясціны, дзе нарадзіўся і правёў дзяцінства Максім Танк. Мы больш даведаліся цікавых фактаў пра народнага паэта. Бачна, што гэта месца захавала ў сабе атмасферу тых часоў і нацыянальны беларускі каларыт!
У гэты ж дзень вучні наведалі і месца пахавання Максіма Танка ў Новіках.





