Сколько людей живет в деревнях Свирского сельсовета и в городском поселке

У Свірскім сельсавеце 34 населеныя пункты. На пачатак года ў іх быў зарэгістраваны 1921 жыхар: 950 мужчын і 971 жанчына.
Як бачыце, прадстаўніц прыгожага (не пісаць жа «слабога», праўда?) полу больш. Але не дужа крытычна: не скажаш, што «на 10 девчонок по статистике 9 ребят». Большасць жыхароў сельсавета – 1079 – у працаздольным узросце, і гэта радуе. 659 чалавек ужо з’яўляюцца атрымальнікамі пенсіі. А 183 з зарэгістраваных яшчэ непаўналетнія.
Прадказальна найбольш жыхароў у г. п. Свір – 916. У тым ліку 447 мужчын і 469 жанчын. Наступнае ў рэйтынгу па колькасці насельніцтва – некалі слаўнае кузняй механізатарскіх кадраў Камарова (309 жыхароў). 159 чалавек зарэгістравана ў Лушчыках. А завяршае спіс вёсак, насельніцтва якіх вымяраецца трохзначным лікам, былое мястэчка Канстанцінава (131).
56 пастаянных жыхароў у Засвіры, 50 – у Болькаве, 41 – у Варашылках. Ніжэй у рэйтынгу размясціліся Балькаўшчызна (31), Куркулі (30), Нарэйшы (28), Бакшты (23) і Алешкі (20). 17 вёсак маюць менш за 20 жыхароў. А яшчэ дзве вёскі і тры хутары і населенымі пунктамі сёння можна назваць з нацяжкай: пастаяннага насельніцтва там увогуле няма. Хіба што ў цёплы час года нашчадкі былых гаспадароў жывуць.
Ну і яшчэ цікавыя факты. Пароўну мужчын і жанчын у Багацьках, Корках, Алешках, Альшэве, Засвіры, Фалевічах і Яцынах. А вось Навасёлкі маюць выразна мужчынскае аблічча: там моцны пол колькасна перамагае з лікам 5:1. Ёсць і вёска, дзе жывуць выключна жанчыны. Але яе не называю, бо такая інфармацыя, на жаль, можа прывабіць не толькі патэнцыяльных жаніхоў, але і зламыснікаў. Таму проста прывяду прыклад населенага пункта, дзе істотна пераважаюць жанчыны. Гэта Болькава: там 30 прадстаўніц прыгожага полу супраць 20 мужчын. Хаця чаму супраць? Вядома, за!
Наталля ЛІСІЦКАЯ
Фото planetabelarus.by
Рекомендуем






