Семья Куркулей заняла третье место на районном этапе конкурса «Ветеранское подворье-2024»

Часлаў і Люцыя КУРКУЛІ з вёскі Балькаўшчызна занялі трэцяе месца на раённым этапе конкурсу «Ветэранскі падворак – 2024». Грамату і падарунак ад арганізатараў ім уручыла старшыня сельвыканкама Валянціна СУБАЧ.
Чым заслужыў прыхільнасць журы падворак Куркулёў? Акуратнасцю, рацыянальнай арганізацыяй, прадуманым дызайнам. Гаспадарчая зона (Часлаў і Люцыя гадуюць коз, садзяць агарод) адгароджана. У сезон сядзібу ўпрыгожваюць бэз і мноства кветак. Маюцца арэлі і альтанка. Ёсць і садова-паркавыя скульптуры – як куплёныя, так і зробленыя гаспадаром.
– Люблю сваю хату, вясковы лад жыцця, агароды, кветкі, – прызнаецца Люцыя Іванаўна. – Вельмі падабаецца працаваць на зямлі. Муж у гэтым мяне падтрымлівае і дапамагае. Цяпер столькі магчымасцей зрабіць падворак прыгожым! Вядома, трэба ўкласці шмат часу і працы, але вынік таго варты. Пакуль дазваляе здароўе, будзем старацца. Ёсць ідэі і на наступны год.
– Хто падказаў удзельнічаць у конкурсе?
– Валянціна Аляксееўна, старшыня сельвыканкама. Заязджала неяк, паглядзела – і сказала, што трэба наш падворак падаваць на конкурс.
– На фота вы з узнагародай і падарункам. Калі не сакрэт, што было ў пакеце?
– Набор ручнікоў. Добры падарунак!
– Чула, што вы – гаспадары магазіна, у які прыязджаюць нават з Вілейскага і Смаргонскага раёнаў. Чым-чым, а ручнікамі вас, мабыць, не здзівіш?
– Ручнікоў цяпер ва ўсіх, думаю, хапае. Але, як кажуць, не дораг абед, а дораг прывет. Ганаруся, што нашу сядзібу адзначылі! Сфатаграфавала ўзнагароду і падарунак і фота дзецям адправіла. У нас тры сыны, усе жанатыя і жывуць асобна ад нас.
Наталля ЛІСІЦКАЯ
Фота Свірскага сельвыканкама
Рекомендуем







