Меню

Елена Самуленкова рассказывает о роли обстоятельств, особом гене и вере в высшие силы.

Елена Самуленкова рассказывает о роли обстоятельств, особом гене и вере в высшие силы.

Мая суразмоўца – настаўніца матэматыкі гімназіі горада Мядзела Алена САМУЛЕНКАВА.

Галоўнае для педагога – любіць дзяцей. Незалежна ад таго, якая ў вучня адзнака па тваім прадмеце, алімпіяднік ён ці не. І быць сумленным з дзецьмі – тады яны нармальна ўспрымуць і патрабаванні, і не вельмі высокую адзнаку.

ПРА ЎЗНАГАРОДУ І ВІНШАВАННІ

Алена Віктараўна, вам уручылі нагрудны знак «Выдатнік адукацыі». Раскажыце, як гэта было.

– Узнагароду ўручыў наш зямляк – намеснік старшыні аблвыканкама Аляксандр Іосіфавіч Ільясевіч. Было вельмі хвалююча: урачыстая абстаноўка, у зале – педагогі з усёй вобласці, у тым ліку дзевяць чалавек з нашага раёна.

Хто першы вас павіншаваў?

– Удзельнікі дэлегацыі Мядзельшчыны, якія прысутнічалі на свяце. Потым калегі сталі пісаць у месенджарах. Дзеці патэлефанавалі – сказалі, што я малайчына і яны рады за мяне, муж – таксама. Назаўтра на працы адразу павіншавала дырэктар Ірына Іосіфаўна Азарка, падаравала кветкі. Ну і калегі (хто напярэдадні віншаваў пісьмова, зрабіў гэта вусна).

Я заўсёды старалася працаваць сумленна і, вядома, рада ўзнагародзе. Але разумею: у тым, што яе атрымала, вялікая роля абставін. Мне сустрэліся цудоўныя вучні, якія паказалі высокі вынік на абласным і нават рэспубліканскім узроўні. Можна быць выдатным настаўнікам і працаваць сумленна. Аднак, калі не будзе такіх дзяцей, не будзе і высокіх дасягненняў. Столькі гадоў адпрацаваўшы ў школе, магу з упэўненасцю пра гэта казаць.

ПРА ПЕРШЫХ ВУЧНЯЎ І ПЛАСТЫКАВЫЯ ЛЫЖЫ

Кожны выдатнік адукацыі некалі быў маладым спецыялістам. Раскажыце пра сваё першае працоўнае месца.

– У 1984 годзе мяне размеркавалі ў адзіную тады Мядзельскую сярэднюю школу. Адразу працавала на замене настаўніцы, якая была ў водпуску па доглядзе дзіцяці. Мне далі два восьмыя класы і клас вучняў малодшых за іх. Толькі на шэсць гадоў я была старэйшая за васьмікласнікаў. І сярод іх былі, напрыклад, цяперашні дырэктар Спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву раёна Андрэй Малько, прадпрымальнік Ігар Шырокі… Дагэтуль памятаю сваіх першых вучняў. І яны мяне таксама.

У памяці такі выпадак. Я была маладым спецыялістам, ад прафсаюзнай арганізацыі школы ўдзельнічала ў лыжных спаборніцтвах. Каталася быццам бы нядрэнна. Вучні (а многія з іх займаліся ў спартыўнай школе) вырашылі мяне падтрымаць. Убачылі, што прыйшла ў чаравіках і са звычайнымі драўлянымі лыжамі. Далі мне сучасныя – пластыкавыя. А я ж раней на такіх не каталася! Уздымаюся на Баклаёўскую гару – еду ўперад, а лыжы назад. Вучні былі побач, падтрымлівалі. Ну а з гары на гэтых лыжах я амаль што ляцела. З горам папалам пераадолела дыстанцыю. Тады ўвогуле шмат мерапрыемстваў праводзілася. Былі хор і танцавальныя калектывы, мы ўдзельнічалі ў канцэртах…

Калі ў Мядзеле адкрылася школа №2, я перайшла туды. Потым запрасілі ў гімназію – і вось ужо амаль 20 гадоў працую. А ўсяго педагагічнага стажу – страшна сказаць! – 41 год.

ПРА ВЫБАР ПРАФЕСІІ І МІРАСЛАВУ ЛЯВОНАЎНУ

Алена Віктараўна, вы ж ураджэнка нашага раёна?

– Так. Скончыла Княгінінскую школу. З вялікай цеплынёй і ўдзячнасцю прыгадваю сваіх педагогаў. Увогуле я хацела быць настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Гэтыя прадметы выкладала ў нас Міраслава Лявонаўна Броўка, яна тады была намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Міраславу Лявонаўну ўвесь клас любіў! Яна мне казала: «Ты добра падумай: у настаўніцы мовы будзе столькі сшыткаў!» Пасля я пераключылася на матэматыку, хоць увогуле падабаліся ўсе прадметы.

Ці быў нейкі ідэал педагога?

– Не магу сказаць, што гэта хтосьці канкрэтны. Проста з дзяцінства хацела быць настаўніцай, падабалася гуляць у школу. Мы сапраўды шчыра любілі і паважалі сваіх педагогаў. Матэматыку ў нас выкладала Людміла Цімафееўна Кіц, астраномію – Галіна Міхайлаўна Місуна, класным кіраўніком была Ганна Ісакаўна Шуман… Усе настаўнікі вельмі годныя, кампетэнтныя. Было з каго браць прыклад.

ПРА ДЫНАСТЫЮ ПЕДАГОГАЎ

Многія вашы родныя настаўнічаюць або настаўнічалі на Мядзельшчыне…

– Так, можна нават казаць пра працоўную дынастыю. Родны дзядзька Іван Іванавіч Варабей быў дырэктарам Мядзельскай сярэдняй школы. Былы прафсаюзны лідар педагогаў раёна Глафіра Іванаўна Варабей – мая родная цётка. Стрыечная сястра Вольга Іванаўна Міхальчанка выкладае гісторыю ў Мядзельскай СШ №2. Траюрадная сястра Алена Дзмітрыеўна Босая – настаўніца рускай мовы і літаратуры ў Старых Габах. Траюрадны брат Эдуард Эдуардавіч Памецька доўга выкладаў у Занарачы фізіку і інфарматыку. Былы настаўнік фізкультуры Нарацкай СШ №1 Алег Генрыхавіч Навіцкі таксама мне радня. І многія члены іх сем’яў – педагогі. Ды і мой старэйшы сын скончыў фізічны факультэт педуніверсітэта.

ПРА ПАКАЛЕННЕ, НАРОДЖАНАЕ З ТЭЛЕФОНАМ У РУКАХ

Ці змяніліся дзеці за гады вашай працы?

– Вядома! Сталі больш разняволеныя, свабодныя ў поглядах. Іх цяжка чым-небудзь здзівіць. Не саромеюся прызнацца вучням, калі сама чагосьці не ведаю, папрасіць тэхнічнай дапамогі. Бо ў мяне камп’ютар з’явіўся ў 40+, а яны, можна сказаць, нарадзіліся з тэлефонам у руках. З цяперашнімі дзецьмі цікава, бо яны шмат чаго ведаюць. Могуць спытаць, ці чытала я тую ці іншую кнігу, параіць нешта пачытаць. Потым абменьваемся думкамі пра яе.

Магчыма, з цяперашнімі дзецьмі крыху складаней – у плане таго, што ў іх няма ўстойлівай цікавасці на ўроках, што яны (асабліва ў пятых-шостых класах) не вельмі ўмеюць слухаць, залежаць ад гаджэтаў і не дужа ўмеюць працаваць самастойна. Тут сваю адмоўную ролю сыгралі рашэбнікі, якія далі магчымасць не думаць над дамашнім заданнем, а перапісаць гатовае. Так, дзеці змяніліся. Але не магу сказаць, што гэта дрэнна.

ПРА МАТЭМАТЫКУ

Ёсць меркаванне, быццам за здольнасці да матэматыкі адказвае асаблівы ген. Ці праўда, як думаеце?

– Не ведаю. Рашаць тыпавыя задачы можа навучыцца кожны. А вось каб сур’ёзна займацца матэматыкай, напэўна, сапраўды патрэбны задаткі. У мяне ёсць вучні, якія рашаюць нестандартныя задачы лепш за мяне. І гэта радуе: нешта ж зачапіла гэтых рабят, калі яны пачалі капаць так глыбока.

А што параіце бацькам тых школьнікаў, якія не робяць вялікіх поспехаў?

– Каб падтрымлівалі сваіх дзяцей. Каб таты і мамы казалі: «У цябе ўсё атрымаецца!» Трэба разумець, што не кожны можа танцаваць у балеце або спяваць у оперы. Ведаць матэматыку на дзясятку таксама дадзена не кожнаму. Але добрым чалавекам можна быць і без выдатных адзнак.

Асабіста вам ці спатрэбілася матэматыка, акрамя як на працы?

– Што не перашкодзіла, дык дакладна. (Смяецца.) Дзякуючы матэматыцы ўмею думаць лагічна і хутка прымаць рашэнні. Мяркую, гэта добра.

Вы, матэматыкі, любіце ўсё даказваць, усё ў вас раскладзена па палічках. Алена Віктараўна, ці ёсць нешта такое, у што вы верыце, хоць гэтаму і няма доказу?

– Нават не ведаю, не чакала такога пытання. (Задумваецца.) Скажам, у кожнага чалавека ёсць лёс, і яго нельга пралічыць ніякімі формуламі. У лёс веру. І ў вышэйшыя сілы: што Бог усё бачыць і што ўсё будзе як трэба.

Наталля ЛІСІЦКАЯ

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59