Меню

Віншуем вернікаў каталіцкай канфесіі з Вялікаднем!

Віншуем вернікаў каталіцкай канфесіі з Вялікаднем!
Фото: БЕЛТА

У светлае свята Уваскрэсення Хрыстова каталіцкае духавенства і кіраўніцтва Мядзельскага раёна звяртаюцца да жыхароў азёрнага краю з цёплымі пажаданнямі.

Дарагія браты і сёстры!

У літургіі Вялікай Суботы ёсць прыгожы спеў, які называецца «Абвяшчэнне Пасхі». Там гучаць такія словы: «О сапраўды благаслаўлёная ноч, бо толькі яна была годнаю ведаць час і гадзіну, у якую Хрыстус паўстаў з мёртвых!»

Уваскрэсенне Езуса Хрыста – гэта падзея, якая істотна змяніла свет. Наш Збаўца сваёй смерцю і ўваскрашэннем вярнуў нам страчанае жыццё, вывеў нас з няволі граху да радасці і свабоды Божых дзяцей. Бог нас любіць і ніколі не пакідае адных. Ён нас чакае ў сакрамэнце Споведзі і Святой Камуніі. Таму Вялікдзень – гэта Божы дар збаўлення і наша адказнасць за яго. Таму нам нельга змарнаваць гэты дар!

Выказваем вам нашы самыя цёплыя велікодныя віншаванні. Няхай дні Пасхальнага Трыдуума стануць для нас добрай нагодай, каб асабіста сустрэцца з Укрыжаваным і Уваскрослым Езусам. Шчыра жадаем вам глыбокага перажывання таго, што ўваскрослы Езус – наш найлепшы Сябар і што Ён заўсёды прысутнічае ў нашым жыцці. Менавіта з гэтага досведу няхай выплываюць сапраўдная радасць, мір і надзея, якія не могуць расчараваць.

Няхай перамога Божага Сына пераменіць наша жыццё, каб мы маглі стаць сапраўднымі сведкамі радасці і прыгажосці жыцця паводле Евангелля.

З удзячнасцю – з’яднаная з вамі ў малітве і Добрай Вестцы пра Уваскрослага Хрыста супольнасць
кармэлітаў босых у Мядзеле

***

Паважаныя жыхары Мядзельшчыны!

Сардэчна віншуем вас са светлым святам.

Уваскрэсенне Хрыстова – галоўны сімвал адраджэння, невычэрпная крыніца высокіх маральных каштоўнасцей хрысціянства. Гэтае светлае свята аб’ядноўвае людзей, дапамагае жыць у каханні і згодзе, сумленна і плённа працаваць. Кожны знаходзіць у гэтым свяце асаблівы сэнс. Вялікдзень абуджае ў нас імкненне быць міласэрнымі і несці блізкім дабро і цеплыню.

Жадаем вам моцнага здароўя, шчасця, міру і дабра.

Мядзельскі раённы выканаўчы камітэт
Мядзельскі раённы Савет дэпутатаў

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59