Меню

Мазгавы штурм за 15 хвілін: як працуе ўрач агульнай практыкі ў курортным пасёлку Нарач

Мазгавы штурм за 15 хвілін: як працуе ўрач агульнай практыкі ў курортным пасёлку Нарач
Фото: автора и yandex.by

У амбулаторыі к. п. Нарач штодзень разгортваецца ўласная драма: сюды спяшаюцца з тэмпературай, болем у сэрцы, трывогамі за здароўе. Сустракае пацыентаў урач агульнай практыкі Наталля КОРШУН, для якой медыцына стала не проста прафесіяй, а прызваннем.

Прафесійны шлях Наталлі Міхайлаўны пачаўся з каледжа, дзе яна атрымала базавыя медыцынскія веды. Пасля вучобы працавала медсястрой у Мядзельскай ЦРБ – менавіта гэта дапамагло зразумець, што яна сапраўды хоча стаць урачом. Таму паступіла ва ўніверсітэт і адразу вылучылася сярод аднакурснікаў: «Усе ў маёй групе былі пасля школы, я ж адзіная прыйшла пасля каледжа», – успамінае Наталля Міхайлаўна. І ў хуткім часе яе абралі старастай.

У рэжыме нон-стоп

Па размеркаванні Наталля Коршун трапіла ў Мядзельскую ЦРБ і пачала працаваць у Слабадской урачэбнай амбулаторыі. Але праз два месяцы ёй прапанавалі стаць загадчыцай інфекцыйнага аддзялення.

«Мне вельмі хацелася займацца інфекцыйнымі хваробамі», – успамінае ўрач.

Тры гады яна працавала ў рэжыме нон-стоп: кіравала работай аддзялення, двойчы на тыдзень ездзіла ў Слабадскую амбулаторыю, дзяжурыла пяць разоў на месяц. «І ніводнага бальнічнага за ўвесь гэты час!» – з усмешкай адзначае Наталля Міхайлаўна.

Сям’я, дэкрэт і новая праца

Потым былі замужжа, нараджэнне дзіцяці, дэкрэтны адпачынак. Абстаноўку давялося памяняць, і Наталля Міхайлаўна ўладкавалася ў санаторый. Але душа імкнулася да сур’ёзнай урачэбнай практыкі.

«У санаторыі кожны дзень адно і тое ж. Мне больш падабаецца лячэбная праца», – прызнаецца яна.

Новы этап пачаўся ў амбулаторыі к. п. Нарач. А 17 снежня мінулага года Наталля Міхайлаўна здала дзяржэкзамен і атрымала спецыяльнасць урача агульнай практыкі. «Праца, па сутнасці, не змянілася, але, паколькі двое ўрачоў звольніліся, цяпер працую адна, таму і адказнасці больш», – распавядае яна.

Фактар мнагазадачнасці

Працоўны дзень Наталлі Міхайлаўны – гэта шэраг прыёмаў і тэрміновых сітуацый. Летам у Нарач прыязджае шмат турыстаў, нагрузка значна ўзрастае. «Тыя, хто адпачывае ў санаторыі, павінны звяртацца да ўрачоў санаторыя. Але і да нас звяртаюцца – мы не адмаўляем», – тлумачыць жанчына.

На прыём па правілах адводзіцца няшмат часу: 18 хвілін на першы візіт, 15 – на наступны. Часам лік ідзе на секунды – трэба тэрмінова выклікаць хуткую дапамогу, аказаць першую падтрымку, зняць кардыяграму. У такія моманты Наталля Коршун дзейнічае дакладна і ўпэўнена, бо ад яе рашэнняў залежаць здароўе і жыццё людзей.

Урач адзначае, што сярод моладзі стала сустракацца больш выпадкаў дэпрэсіі.

«Калі бачу, што магу дапамагчы, пачынаю лячэнне паводле клінічных пратаколаў», – кажа Наталля Міхайлаўна.

Яна не проста лечыць, а стараецца падтрымаць, выслухаць і даць надзею. Калі разумее, што праблема больш сур’ёзная, накіроўвае да вузкага спецыяліста – псіхіятра.

Жанчына шчыра гаворыць і пра цяжкасці: «Для курортнага пасёлка, дзе столькі жыхароў, адпачываючых, гасцей… Памяшканне дакладна трэба пашыраць». Але ўрач не засмучаецца: «Затое з абсталяваннем праблем няма – калі нешта псуецца, адразу рамантуюць. Ды і калектыў у нас дружны».

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59