Что запомнилось со школьных лет выпускникам Заневской школы

Не змаглі сабрацца на вечар сустрэчы ў родных сценах выпускнікі Занеўскай базавай школы: гэта ўстанова адукацыі спыніла існаванне яшчэ ў 2008-м. Таму самымі дарагімі ўспамінамі яны падзяліліся праз газету.
Марына ВАРАБЕЙ, навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі:
– Каб далі час падумаць, магчыма, прыгадала б нешта іншае. А так першае, што прыйшло на памяць пра школьныя гады, непасрэдна са школай і не звязана. З шостага класа ў нас была традыцыя святкаваць 8 Сакавіка і Дзень абаронцаў Айчыны ў нефармальнай абстаноўцы. Вядома, у школе мы віншавалі адзін аднаго і настаўнікаў, былі ранішнікі і вечары. Але потым усім класам збіраліся ў некага дома. Размаўлялі, гулялі, елі салодкае. Памятаю, у аднакласніцы Ані Гарбацкай пяклі торт. Не было чым пафарбаваць крэм, дык выкарысталі пасту са стрыжня. Узялі зусім нямнога, бо разумелі, што яна неядомая. Так што крэм атрымаўся не інтэнсіўна сіні, а крыху сіняваты.

Аляксей МАЛЬКО, муляр будтрэста №35 горада Мінска:
– Самы прыемны ўспамін – як дома ў класнага кіраўніка Святланы Міхайлаўны Карабейнік пяклі тарты, а потым разам пілі чай. З чаго ўсё пачалося? На класнай гадзіне абмяркоўвалі, як праводзім вольны час і ці дапамагаем бацькам. Мы прызналіся, што не ўмеем гатаваць. «Прыходзьце да мяне – навучу», – сказала Святлана Міхайлаўна. Згадзіліся. Яна загадзя агучвала, якія інгрэдыенты спатрэбяцца. Мы самі – у класе былі тры вучні – размяркоўвалі, хто што прынясе. Дамаўляліся на пэўны час і прыходзілі дамоў да Святланы Міхайлаўны. Пад яе кіраўніцтвам пяклі тарты. Настаўніца падрабязна расказвала, што рабіць, дапамагала. А потым пілі чай, праводзілі час разам.

Наталля ЛІСІЦКАЯ
Фота забяспечаны ўдзельнікамі апытання
Рекомендуем




