В телешоу «Добрый вечер!» участвовала бывшая учительница Старогабской школы
«Іграе на аргане і піша паэмы – на сцэну запрашаем Вольгу ГРУЗД з Фаніпаля!» – аб’яўляе вядучы музычнага тэлешоу «Добры вечар!» Дзяніс ПАЦЭВІЧ. І тут на экране бачу даўнюю знаёмую, якая ў маім тэлефоне дагэтуль запісана як «Янкоўская В. С.». Вольга Станіславаўна з 2006-га па 2008 год вучыла старагабскіх школьнікаў беларускай мове і літаратуры. І выйшла замуж за мясцовага хлопца Мікалая ГРУЗДА.
На праграму з ёй прыехалі бацькі (Станіслаў і Людміла Янкоўскія з Будслава) і старэйшая дачка Ганна. У тэлеэфіры Вольга расказала, што ўся яе сям’я мае непасрэднае дачыненне да музыкі. А самым музычным быў, мабыць, дзядуля. Самавучка, ён іграў на аргане.
– Дзядулю свайго амаль не памятаю, – зазначае Вольга. – Ён пайшоў з жыцця, калі я хадзіла ў першы клас. Але адчуваю з ім асаблівую сувязь, як ён, іграю зараз на аргане і працягваю яго справу. Акрамя таго, што іграю і спяваю, у апошнія гады да мяне прыйшло натхненне адразу на некалькі відаў творчасці. Я напісала песню, якую спяваюць у нашым касцёле, напісала паэму. Іншы раз нараджаюцца вершы для маіх блізкіх, для мужа, для дзяцей – пераважна гэта ўсё на мове. Усё, што самае роднае, – яно на мове.
Вольга спявае з дзяцінства. На «выдатна» скончыла музычную школу па класе акардэона і працягвала там займацца. Тады ў Будслаўскім касцёле праводзілася асобная служба для дзяцей – і Вольга старшакласніцай навучылася граць на аргане. А вось паступаць у музычны каледж перадумала, стала студэнткай філалагічнага факультэта БДУ. Пасля ўніверсітэта яе размеркавалі на працу ў Старыя Габы.
– Вельмі туды не хацела ехаць, памятаю, плакала, так перажывала, – прыгадвае эмоцыі 19-гадовай даўніны Вольга Станіславаўна. – Але, як кажуць, нічога не бывае выпадкова: менавіта там я пазнаёмілася з будучым мужам. Мы ўжо 17 гадоў разам і гадуем трох дачок.
Дзяўчаты таксама вельмі творчыя: малодшая грае на акардэоне, сярэдняя – на фартэпіяна, старэйшая займаецца выяўленчым мастацтвам.
Здымачная група тэлеканала пабывала ў Фаніпалі: дома ў Вольгі і ў касцёле, дзе яна грае на аргане.

Шоу «Добры вечар!» – праект тэлеканала «Беларусь 1». У ім разам спяваюць эстрадныя зоркі і звычайныя людзі з розных куткоў краіны, вядучыя і госці.
…Праграма атрымалася не толькі вельмі музычнай, але і вельмі душэўнай – паглядзець яе можна на news.by. Гэта якраз той выпадак, калі лепш раз убачыць, чым сто разоў прачытаць.
Наталля ЛІСІЦКАЯ
Фота — скрыншоты відэа тэлеканала «Беларусь 1»
Рекомендуем