Мядельчанин завоевал серебряную медаль на Международной олимпиаде по математике среди студентов университетов
З сярэбраным медалём вярнуўся з ХХХІ Міжнароднай алімпіяды па матэматыцы сярод студэнтаў універсітэтаў мядзяльчанін Павел БЯРНЯК. Хлопец вучыцца на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, перайшоў на трэці курс.
ПРА АЛІМПІЯДУ
– Павел, у гэтай алімпіядзе ты ўдзельнічаў ужо другі раз. Ці адчуў адрозненні ў параўнанне з мінулым годам?
– Па самой алімпіядзе адрозненняў не было. Праходзіла яна ў балгарскім Благаеўградзе. Як і летась, заданні выконвалі два дні – за дзень трэба было рашыць пяць задач. Яны аднолькавыя для ўсіх, незалежна, хто на якім курсе вучыцца. Заданні на англійскай мове, на ёй жа і рашэнне трэба пісаць. І дабіраліся гэтак жа: самалётам у Стамбул, там начавалі, тады самалётам у Сафію і адтуль ужо аўтобусам у Благаеўград.
Іншая справа, што ў мінулым годзе для мяне гэта было больш стрэсава: першы раз ляцеў на самалёце, першы раз быў у іншых краінах. Зараз усё было зразумела і знаёма. Але ў другі дзень напісаў горш, чым хацелася б. Так што вынік сёлета горшы – летась медаль быў залаты.
– Кажаш, заданні аднолькавыя для студэнтаў усіх курсаў. Выходзіць, з кожным годам навучання атрымліваеш перавагі?
– Не сказаў бы. Большасць заданняў рашаецца на аснове ведаў, якія ў нас даюцца на першым курсе. Так што за год нешта нават падзабылася.
– Быў упэўнены, што і сёлета атрымаеш медаль?
– Хутчэй так, чым не. Нас добра рыхтавалі, таму быў упэўнены, што пераадолею мінімальны парог, патрэбны для атрымання хоць нейкага медаля. Сёлета БДУ падышоў да ўдзелу ў гэтай алімпіядзе яшчэ грунтоўней, чым летась. Не трох чалавек накіравалі, а пяць. І ўніверсітэцкіх алімпіяд больш праводзілі.
– У наступным годзе будзеш удзельнічаць?
– Хацеў бы. А то адмоўны трэнд атрымаўся: летась золата, сёлета – срэбра. Пастараюся. Але ёсць і непадкантрольныя мне фактары. Напрыклад, алімпіяда па часе можа супасці з вайсковымі зборамі, якія наступным летам буду праходзіць на ваеннай кафедры.
– Мяркую, чытачам цікава, якія заданні на міжнароднай алімпіядзе.
– Па матэматычным аналізе, алгебры, тэорыі лікаў. На тэорыю графаў могуць быць. Раскажу і такі цікавы факт. У алімпіядзе ўдзельнічаюць каманды ўніверсітэтаў, але і самому паехаць можна. Калі, напрыклад, не прайшоў адбор у сваім універсітэце або твой універсітэт не выстаўляе каманду. Толькі гэта дорага: за ўдзел давядзецца заплаціць 545 еўра. Удзельнікі забяспечваюцца харчаваннем і інтэрнатам, але ж яшчэ і заехаць у Балгарыю трэба.
ПРА БАЛГАРЫЮ
– Летась ты казаў, што нічога асабліва не паглядзеў у Благаеўградзе, з балгарамі не размаўляў. А гэтым разам?
– Пагуляў па горадзе, па турыстычнай сцежцы падняўся на ўзгорак, на вяршыні якога ўстаноўлены вялікі крыж. З балгарамі не размаўляў і сёлета: не было нагоды. У краме, напрыклад, усё зразумела і без слоў.
– Як там у Балгарыі? Горача і прыгожа?
– Горача і прыгожа. Планіроўка гарадоў адрозніваецца ад беарускай. У нас яна акуратная і ўпарадкаваная, а ў Балгарыі, наколькі паспеў заўважыць, больш хаатычная. Магчыма таму, што там горная мясцовасць. У супермаркеце асаблівых адрозненняў не заўважыў, ён падобны на нашы.
ПРА ЛАЙФХАКІ
– Што трэба рабіць, каб паспяхова ўдзельнічаць у алімпіядах па матэматыцы?
– Рашаць задачы. Ну і вывучаць розныя метады рашэння, яны могуць спатрэбіцца.
– А што галоўнае для паспяховай вучобы ў ВНУ? Дай параду першакурснікам.
– Галоўнае – рабіць усё своечасова, не назапашваць даўгі. Вучыцца на працягу ўсяго семестра. Ну і да сесій рыхтавацца. Канечне, можа і пашанцаваць, але ўсё ж лепш рыхтавацца.
– Няма сэнсу клікаць халяву?
– Падчас сесіі кожны дзень хто-небудзь у інтэрнаце крычыць: «Халява, прыйдзі!» Але сам я так пакуль не рабіў.
– Ці праўда, што залікоўка працуе на студэнта?
– На сабе пакуль не адчуў. Магчыма, пасля двух курсаў яшчэ рана пра гэта разважаць.
– Каб усё добра склалася ў студэнцкім інтэрнаце, што трэба?
–Прыбіраць у пакоі, не парушаць распарадак. У нашым інтэрнаце няма звышстрогіх правіл. Чуў страшныя гісторыі, быццам чалавека ледзь не выселілі за тое, што паставіў сумку пасярод пакоя. У нас дакладна такіх жахаў няма.
Наталля ЛІСІЦКАЯ
Фота аўтара